На Новым замку ў Гродне адшукалі падмуркі старажытнага храма, падобнага па архітэктуры да Каложы

Археалагічныя раскопкі на тэрыторыі гродзенскага Новага замка прынеслі чарговую гістарычную сенсацыю. У сярэдзіне красавіка бягучага года даследчыкі раскрылі фрагмент сцяны ХІІ стагоддзя, архітэктурныя дэталі якой дакладна паўтараюць знакамітую Каложу, піша «Наша Ніва».

Raskrapavanaja trochstupieńčaja piliastra carkvy XII stahoddzia ŭ raskopie na terytoryi Novaha zamka Раскрапаваная трохступеньчая пілястра царквы XII стагоддзя ў раскопе на тэрыторыі Новага замка. Фота: Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей

Як паведамляе Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей 17 па 22 красавіка вялося даследаванне адкрытай падчас будаўнічых прац сцяны ХІІ стагоддзя на тэрыторыі Новага замка.

Археолагі, паступова пашыраючы траншэю з паўночнага і паўднёвага бакоў, здолелі не толькі прасачыць кірунак сцяны, але і выявіць дэталі, якія дазваляюць беспамылкова вызначыць яе прызначэнне. У раскопе былі знойдзены рэшткі керамічных збаноў-галаснікоў, а сама кладка з плінфы захавала выразную ніжнюю частку фігурнай пілястры.

Raskrapavanaja trochstupieńčaja piliastra carkvy XII stahoddzia ŭ raskopie na terytoryi Novaha zamka
Раскрапаваная трохступеньчая пілястра царквы XII стагоддзя ў раскопе на тэрыторыі Новага замка. Фота ўдзельнікаў раскопак

Raskrapavanaja trochstupieńčaja piliastra carkvy XII stahoddzia ŭ raskopie na terytoryi Novaha zamka
Раскрапаваная трохступеньчая пілястра царквы XII стагоддзя ў раскопе на тэрыторыі Новага замка. Фота: Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей

Raskrapavanaja trochstupieńčataja piliastra, centraĺny vystup jakoj maje skruhlienuju formu, na haloŭnym fasadzie Kaložskaj carkvy ŭ Hrodnie
Раскрапаваная трохступеньчатая пілястра, цэнтральны выступ якой мае скругленую форму, на галоўным фасадзе Каложскай царквы ў Гродне. Фота: Wikimedia Commons

Менавіта гэты архітэктурны элемент з’яўляецца характэрным для культавага гарадзенскага дойлідства XII стагоддзя. Цэнтральны выступ знойдзенай трохступеньчатай пілястры мае скругленую форму, што робіць яе падобнай да паўкалоны. У больш ранняй Ніжняй царкве на суседнім Старым замку, сцены якой захаваліся на значную вышыню, як і ў Прачысценскай царкве на пасадзе (наколькі можна меркаваць па выніках раскопак), вертыкальныя лапаткі паміж прасламі сцен былі абсалютна плоскімі.

Тое, што у час археалагічных раскопак знайшлі рэшткі царквы XII стагоддзя пацвердзіў старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАНБ Іван Спірын.

Scieny Nižniaj carkvy na Starym zamku
Сцены Ніжняй царквы на Старым замку, якія захаваліся на значную вышыню, бо храм быў закінуты пасля абвальвання, а на яго месцы пасля была ўзведзена так званая Верхняя царква. Дойліды Ніжняй царквы выкарыстоўвалі простыя плоскія лапаткі. Фота: Wikimedia Commons

Скругленая ж форма сярод тых храмаў, што былі даследаваныя, уласцівая выключна Барысаглебскай, або Каложскай царкве, якая традыцыйна лічыцца вяршыняй эвалюцыі мясцовай архітэктуры. Гэты факт пацвярджае, што выяўленыя падмуркі адносяцца да культавага помніка гарадзенскай школы дойлідства XII стагоддзя.

Sciana carkvy XII stahoddzia ŭ raskopie na terytoryi Novaha zamka
Сцяна царквы XII стагоддзя ў раскопе на тэрыторыі Новага замка. Злева бачныя тры прыступкі раскрапаванай пілястры, а справа, відаць, край уваходнага праёма храма. Фота: Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей

Frahmient fihurnaha abramliennia partala carkvy XII stahoddzia ŭ raskopie na terytoryi Novaha zamka
Фрагмент фігурнага абрамлення партала царквы XII стагоддзя ў раскопе на тэрыторыі Новага замка. Фота ўдзельнікаў раскопак

Пры гэтым паколькі такія раскрапаваныя пілястры маглі быць толькі з боку фасада, а старажытнарускія храмы дакладна арыентаваліся алтарнай часткай на усход, а галоўным уваходам на захад, даследчыкі вызначылі, што перад імі знаходзіцца паўднёвая сцяна храма з бакавым уваходам — край уваходу можна разгледзець на адным з фотаздымкаў, справа ад пілястры. На іншым здымку можна нават разгледзець фігурнае абрамленне партала.

Васкрасенская царква ці не?

Яшчэ ў 2018 годзе на тэрыторыі Новага замка ўжо знаходзілі рэшткі мураванай культавай пабудовы васьмісотгадовай даўніны. Тады лагічна меркавалася, што гэта фрагменты Васкрасенскай царквы. Гэтая святыня вядомая з пазнейшых пісьмовых крыніц і згадваецца ў каралеўскіх інвентарах аж да пажару 1613 года, пасля якога храм перанеслі ў іншую частку горада.

Sciana carkvy XII stahoddzia ŭ raskopie na terytoryi Novaha zamka
Сцяна царквы XII стагоддзя ў раскопе на тэрыторыі Новага замка. Фота ўдзельнікаў раскопак

Sciana carkvy XII stahoddzia ŭ raskopie na terytoryi Novaha zamka
Сцяна царквы XII стагоддзя ў раскопе на тэрыторыі Новага замка. Фота ўдзельнікаў раскопак

Sciana carkvy XII stahoddzia ŭ raskopie na terytoryi Novaha zamka
Сцяна царквы XII стагоддзя ў раскопе на тэрыторыі Новага замка. Фота ўдзельнікаў раскопак

Улічваючы шчыльнасць старажытнай забудовы на Новым замку, гісторыкам яшчэ давядзецца высветліць, ці з’яўляецца знойдзеная сцяна з дасканалай пілястрай часткай усё той жа Васкрасенскай царквы, ці гродзенская зямля хавала яшчэ адзін, зусім невядомы дагэтуль храм, пра які не засталося ніякіх летапісных згадак.

Узлёт гарадзенскай школы дойлідства

Інтэнсіўнае мураванае будаўніцтва ў Гродне ў канцы XII стагоддзя само па сабе з’яўляецца ўнікальнай з’явай для Усходняй Еўропы. Заможнасць горада дазволіла на працягу ўсяго двух дзесяцігоддзяў узвесці адразу некалькі манументальных пабудоў, сфарміраваўшы самабытную архітэктурную школу.

Razval plinfy ŭ raskopie na terytoryi Novaha zamka
Развал плінфы ў раскопе на тэрыторыі Новага замка. Фота: Тэлерадыёкампанія «Гродна»

Frahmienty kieramiki (halasnikoŭ?) z raskopa na terytoryi Novaha zamka
Фрагменты керамікі (галаснікоў?) з раскопа на тэрыторыі Новага замка. Фота: Тэлерадыёкампанія «Гродна»

Мясцовыя майстры адмовіліся ад суцэльнага тынкавання вонкавых сцен. Замест гэтага яны зрабілі стаўку на эстэтыку роўнаслаёвай муроўкі, дзе чырвоная плінфа кантраставала з белай вапнавай рошчынай. Інтэр’еры рабіліся прасторнымі і лёгкімі дзякуючы тысячам умураваных у скляпенні галаснікоў, а фасады ператвараліся ў сапраўдныя паліхромныя палотны праз інкрустацыю паліраванымі каляровымі валунамі і фігурнымі маёлікавымі пліткамі. Гэты архітэктурны почырк часта звязваюць з імем выбітнага дойліда Пятра Міланега.

Sciana carkvy XII stahoddzia ŭ raskopie na terytoryi Novaha zamka
Сцяна царквы XII стагоддзя ў раскопе на тэрыторыі Новага замка. Фота: Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей

Эвалюцыю яго майстэрства дойлідаў гэтай школы можна прасачыць літаральна ад будынка да будынка. Калі ранняя Ніжняя царква грашыла канструктыўнымі памылкамі і абрынулася ад удару маланкі ў 1183 годзе з-за занадта масіўных валуноў, якія аслабілі муроўку, то ўжо пры ўзвядзенні Каложы ўсе тэхнічныя пралікі былі выпраўленыя.

Знойдзеная на тэрыторыі Новага замка сцяна са складанай раскрапаванай пілястрай даказвае, што гэты храм будаваўся ўжо на піку тэхналагічных магчымасцяў гродзенскай арцелі, калі майстры дасканала валодалі інжынерным разлікам і вынайшлі свой непаўторны архітэктурны стыль.

Работы на гэтым месцы працягваюцца. Раней у іншай частцы гістарычнага цэнтра горада археолагі таксама знайшлі старажытны некропаль XVI–XVII стагоддзяў з пахаваннямі, які, хутчэй за ўсё звязаныя з іншых незахаваным гістарычным храмам Гродна.

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць