Вельмі часта блізкія (ці не вельмі) нам людзі расказваюць пра свае няшчасці, хваляванні. І адзіная дапамога, якая ім патрэбная, — нашае спачуванне і падбадзёрвальныя словы. І вельмі часта мы не знаходзім гэтых словаў з «правільнай матывацыяй».
Калі вы таксама сутыкаецеся з сітуацыямі, у якіх не ведаеце, што сказаць, каб дапамагчы, гэты матэрыял для вас. Мы прапануем 5 крокаў, як правільна падтрымаць чалавека.
1. Пазітыўная фармулёўка
Успомніце, калі вас нешта так моцна пакрыўдзіла, што міжволі цякуць слёзы, а той, хто хоча вас суцешыць, кажа: «Ну не плач ты!», «Не хвалюйся так»... Ці дапамагала вам гэта супакоіцца? Наўрад.
А рэч вось у чым. Паводле шматлікіх даследаванняў псіхолагаў, нейрабіёлагаў і іншых спецыялістаў па чалавечым мозгу, часціца «не» проста не ўспрымаецца падсвядомасцю! То бок калі вам кажуць «не плач», «не хвалюйся», вашая падсвядомасць успрымае гэта як «плач», «хвалюйся». Так сабе падтрымка атрымліваецца. А пагадзіцеся, большасць нашых падбадзёрвальных фраз і заключаюцца менавіта ў «не расстройвайся», «не бойся», «яно не вартае тваіх слёз» і г. д.
Што рабіць? Перафармулёўваць свае пажаданні ў пазітыўныя сказы, выключаючы часціцу «не». Напрыклад, сказаць чалавеку перад экзаменам замест «не бойся» — «будзь смелым, у цябе ўсё атрымаецца». Альбо замест «не плач» — «давай супакоімся і падумаем, як можна гэта вырашыць». Не заўжды можна лёгка перафармуляваць нашыя звыклыя «не» ў нешта пазітыўнае — тут трэба патрэніравацца. Але крыху практыкі — і ў вас усё атрымаецца!
Фота: freepik.com
2. Прыцягніце ўвагу
Каб вашыя ўжо правільна сфармуляваныя думкі хутчэй прабіліся да чалавека ў стане роспачы, пахваліце яго. Так, скажыце любы камплімент, прыгадайце гісторыю, дзе ваш суразмоўца праявіў сябе з найлепшага боку. Пахвала выкліча станоўчыя эмоцыі, адцягне хаця на пару хвілін увагу ад праблемы. Да таго ж, як сцвярджаюць псіхолагі, у нас падсвядома больш даверу таму, хто нас пахваліў.
Фота: shutterstock.com
Варта адзначыць толькі, што пахвала, камплімент мусяць быць шчырымі і заслужанымі. Гэта значыць, хваліць трэба за рэальныя рэчы, а не выдумляць нешта. Калі зусім не ведаеце, што сказаць, пахваліце прычоску, стылёвы выгляд, прыгожую ўсмешку — прыглядзіцеся да суразмоўцы, і вы абавязкова знойдзеце, які камплімент можна зрабіць.
3. Словы-крылы
Наступным этапам будзе выказванне даверу альбо так званыя «словы-крылы». Гэта вельмі простыя і ўсім нам знаёмыя канструкцыі. Такія як «у цябе ўсё атрымаецца», «я ў цябе веру», «ты малайчына», «ты зможаш» і да т. п.
Фота: freepik.com
Такім чынам вы паказваеце чалавеку, што яго праблема вырашальная і асабіста вы верыце, што ён справіцца. Гэтым самым вы пераключаеце думкі чалавека з «як усё дрэнна» на пошукі спосабаў вырашэння праблемы ці пераадолення наступстваў таго, што здарылася.
А ўвогуле псіхолагі раяць часцей выкарыстоўваць такія канструкцыі ў дачыненні да сваіх блізкіх, асабліва дзяцей. Гэта надае ўпэўненасці, здымае залішняе хваляванне.
4. Пазітыўная карцінка будучыні
А вось гэта самы творчы этап у падтрымцы. Пасля таго як вы кампліментам і словамі-крыламі перанакіравалі думкі вашага суразмоўцы ў пазітыўнае рэчышча, трэба паказаць дакладны кірунак. Гэта значыць, трэба намаляваць карцінку будучыні, да якой варта імкнуцца.
Напрыклад: «Я веру, што ты абавязкова справішся з тэставым заданнем і атрымаеш гэтую пасаду!» Альбо: «Ты абавязкова акрыяеш у хуткім часе і зноў зможаш заняцца любімымі справамі».
Фота: shutterstock.com
Галоўнае — задаць кірунак, паказаць, што будучыня чакае пазітыўная. Такая карцінка на падсвядомым узроўні ператворыцца ў мэту, да якой чалавек міжволі пачне імкнуцца. Натуральна, чым дакладнейшай і больш «прывязанай» да канкрэтнага чалавека і яго сітуацыі будзе карцінка, тым большы станоўчы эфект яна будзе мець. Таму, калі вы па-сапраўднаму хочаце падтрымаць чалавека, а не «адгаварыцца» агульнымі фразамі, давядзецца крыху падумаць.
5. Шлях
Апошні этап — выпрацаваць дакладныя крокі па выхадзе са складанай сітуацыі. Звычайна чалавек у разгубленым стане не можа зразумець, як і што яму рабіць. Таму падказка дзеянняў на найбліжэйшую будучыню дасць яму неабходны імпульс, каб скрануцца з мёртвага пункту сваіх пакутаў/хваляванняў/страхаў і пачаць рухацца ў бок іх вырашэння.
І тут усё залежыць ад таго, наколькі глыбока вы можаце (і галоўнае — хочаце) быць уцягнутым у вырашэнне праблем вашага суразмоўцы. Напрыклад, алгарытм дзеянняў можа быць такім: «Зараз выйдзі, падыхай паветрам, а пасля падумаеш, як выправіць сітуацыю». Альбо «Давай пап’ём гарбаты, а пасля штось прыдумаеш».
Калі ж падтрымка неабходная блізкаму чалавеку, то варта ў гэты алгарытм упісаць і свой намер дапамагчы. Напрыклад: «Давай мы зараз адкладзём гэтае пытанне, а ўвечары разам падумаем, што можна зрабіць». Асабліва важная такая падтрымка для чальцоў сямьі. Адным сказам вы паказваеце, што а) вы побач і дапаможаце, б) праблема не такая бязвыхадная — яе можна вырашыць.
Такім чынам, формула правільнай падтрымкі выглядае прыкладна так:
- пахвала, камплімент
- «словы-крылы», вера ў чалавека
- пазітыўная карцінка будучыні (кірунак і мэта)
- алгарытм найбліжэйшых дзеянняў па вырашэнні складанасцяў
І не забываем, што мы фармулюем усе словы падтрымкі ў станоўчай форме — не ўжываючы часціцы «не».
Давайце падтрымліваць адно аднаго правільна і пазітыўна! Разам мы зможам больш.
Вікторыя Лебедзева, budzma.by