28 лістапада ў Наваградку адбылася прэзентацыя адразу дзвюх новых кніг – “Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах” і “Пакуль рука пяро трымае” Зоські Верас (абедзве пабачылі свет у серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка”, якую заснавала выдавецтва “Лімарыус”). У Мастацкай галерэі Кастуся Качана на сустрэчы са спявачкай Таццянай Матафонавай і паэтам Міхасём Скоблам (укладальнікам кніг) прысутнічалі не толькі наваградчане, але і людзі з навакольных вёсак (нават з Панямоні, да якой больш за 30 км).
Выступае Міхась Скобла
М. Скобла расказаў пра новыя выданні, прыгадаў розныя цікавосткі з жыцця аўтарак, пра тое, як, пазбаўленыя магчымасці друкавацца, Ларыса Геніюш і Зоська Верас стварылі своеасаблівы беларускі летапіс – эпісталярны. Імі напісаны тысячы лістоў, з якіх, нібы з каляровых шкельцаў, можна скласці вялікую панараму беларускага жыцця ў ХХ стагоддзі.
Т. Матафонава выканала знакамітыя песні на вершы і музыку айчынных класікаў – “О Беларусь, мая шыпшына”, “Паланез Агінскага”, “Мой родны кут”, “Дробненькі дожджык”, а беларускую народную песню “Як служыў жа я у пана” следам за спявачкай падхапіла ўся зала.
Падарунак ад Таццяны Матафонавай
Пасля сустрэчы загадчыца галерэі Жанна Леановіч выказала падзяку выступоўцам: “Дзякуй нашым гасцям за прыгожыя імгненні! Гучанне беларускіх песень у цудоўным выкананні Таццяны напоўніла галерэю гармоніяй музыкі і жывапісу. Карціны нібы ажылі і загаварылі… Цікавым аповедам пра новыя кнігі і займальнымі гісторыямі з жыцця знакамітых класікаў беларускай літаратуры Міхась поўнасцю завалодаў увагай гледачоў. Атмасфера шчырасці і цеплыня пачуццяў – вось такая атрымалася імпрэза!”.
Другі выступ адбыўся ў вёсцы Райца – у старадаўняй шляхецкай сядзібе, якой ужо больш за 200 гадоў. Гэта малая радзіма літаратуразнаўцы і паэткі Алы Петрушкевіч, якая і вяла імпрэзу. Нягледзячы на мінусавую тэмпературу ў зале (сядзіба пакуль на рэстаўрацыі), райкаўцы доўга не хацелі разыходзіцца, а паводле словаў мясцовага святара айца Аляксея, “саграваліся роднай мовай, беларускімі вершамі і песнямі”.
Развітваючыся з гасціннымі гаспадарамі, М. Скобла падагульніў: “Калісьці Наваградак быў першай сталіцай магутнага Вялікага Княства Літоўскага, а сёння я нечакана для сябе даведаўся, што ў горадзе з такой слаўнай гісторыяй нават кнігарні няма. Айчынны кнігагандаль не давозіць беларускія кнігі нават да такіх гарадоў, не кажучы пра вёскі. Таму мы заўсёды з задавальненнем адгукаемся на запрашэнне прыехаць з прэзентацыяй новых кніг. Пакуль ёсць такія цудоўныя культурныя асяродкі, як Галерэя мастака Кастуся Качана, як Сядзіба-музей у Райцы, вакол якіх гуртуюцца неабыякавыя людзі, беларускім выдавецтвам ёсць для каго выдаваць добрыя кнігі”.
Арганізатары сустрэчаў атрымалі памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой адбываліся сустрэчы.
Тэгі: Наваградак