Пасля 2020 года культура атрымала новае вымярэнне і разам з тым адышла назад. Вядома, гэта не вершы пасля Асвенцыма, але штосьці накшталт. Праз гэта некаторыя праекты, вартыя ўвагі, не атрымалі яе ў належнай ступені.
Сярод такіх — кніга-мемарыял, густоўны альбом у спалучэнні з успамінамі пра асобу, што стварыла Беларусь, у якой мы цяпер жывем, часам самі таго не разумеючы. Размова пра чалавека густу і слова, пра Міхала Анемпадыстава. 16 сакавіка ягоны 59-ты дзень нараджэння. Кніга называецца, вядома, «Простыя словы».
Пра яго
Ікона беларускага супраціву і крэатыўнасці. Праваднік па колерах. Сябар юнацтва. Спакойны голас у цішыні. Неадменны Эталон. Настаўнік у шырокім сэнсе. Сутворца ўрбаністычнай беларускай нацыі. Кароль эстэтаў. Геній зносінаў. Арт-дырэктар Беларусі. Мі Ша.
Толькі частка азначэнняў, якімі згадалі ў кнізе Міхала Анемпадыстава.
А вось аб’ектыўная карціна: Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся і жыў да скону ў Мінску. Ствараў новую беларускую культуру з сярэдзіны 1980-х. Аўтар канцэпцыі і тэкстаў культавага «Народнага альбома», у прыватнасці — песні «Простыя словы», якую вы абавязкова чулі. Аўтар зборнікаў «Атэкстацыя» і «На дне філіжанкі кавы». Праца жыцця — кніга «Колер Беларусі» (2017). Вучыўся ў студыі Сумарава і Глебаўцы. Майстар графікі, плаката і іншых прадуктаў дызайна. Апантаны фатограф, улюбёны ў Заходнюю Беларусь. Стваральнік візуалу большасці дэмакратычных кампаній у Беларусі. Калі падсумаваць, узорны беларускі інтэлігент. Міхал памёр ад інсульту 24 студзеня 2018 года, маючы 53 гады.
Пра кнігу
«Простыя словы» — кніга, вартая свайго героя: 350 старонак густоўнага дызайну і словаў, якія роўна раскрываюць як асобу Анемпадыстава, так і стаўленне да яго сяброў, калег і блізкіх.
Раздзел «Тэксты» — уласна ўспаміны пра Міхала, якія напісалі 64 чалавекі. Другі вялікі раздзел склалі тэксты для «Народнага альбома» — з бонусам: польскамоўным канферансам ад самога Анемпадыстава, які прэзентаваў песні на канцэрце ў Польшчы. Асобна вылучаная «Начная размова» 1998 года: інтэрв’ю Іяланты Кільян (укладальніца кнігі) з Міхалам Анемпадыставым. Далей — вершы і песні Міхала і прысвячэнні яму (надзіва нешматлікія). Заключны раздзел — успаміны, перакладзеныя на польскую мову.
Падкрэслім асобна: кніга не толькі беларускамоўная, але ёсць тэксты па-руску і па-польску. Гэта сугучна Анемпадыставу: сям’я — рускамоўная, сам абраў беларускую мову і выдатна ведаў польскую. Шматмоўнасць пашырае аўдыторую кнігі і робіць яе выдатным падарункам: многія беларусы прымусова «гасцююць» у Польшчы; вось жа, можна годна прэзентаваць палякам нашую краіну і беларускую культуру.
Вернемся да структуры. Праз усю кнігу праходзіць «Магічная карта Міхала»: на палёх вы ўбачыце адрасы, якія памятаюць Анемпадыстава — па той і гэты бок цывілізацыі. Напрыклад, «хованка» саюза дызайнераў на Брылеўскай, 14. Ці бульвар Шаўчэнкі і Камароўка, дзе жыў Анемпадыстаў. Ці ўлюбёны яго памаранчавы дом на Мяснікова, 26. Памятаеце «Кавярню Ў»? Анемпадыстаў і да ейнага стварэння меў дачыненне. Цяпер кавярні няма, як і многіх іншых мінскіх адрасоў, але на тое мапа і магічная — яна жыве ў іншым вымярэнні.
Адрасы «адтуль»: Торунь, «загін у сцяне будынку Цэнтра сучаснага мастацтва»; Вільня, кавярня на Цілто 3-1; востраў Кыхну на Балтыцы, які даў нараджэнне вершу «Ultima Thule»; Бельск-Падляшскі — Дом культуры; Варшава — замак Уяздоўскі...
І фотаздымкі, вялікая колькасць партрэтаў Міхала Анемпадыстава, на якіх «іканапісны твар (у канон не трапляюць адметныя вушы)» і «аднолькава круглыя вушы і акуляры». Пацешны, сур’ёзны, афіцыйны, хатні — розны. Жывы.
Пра аўтараў
Пра Анемпадыстава напісалі Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Вольга Бабкова, Сяргей Будкін, Лявон Вольскі, Адам Глобус, Сяргей Дубавец, Максім Жбанкоў, Святлана Курс, Уладзімір Мацкевіч... Музыкі, пісьменнікі, мастакі, вучні, мысляры.
Для адных Анемпадыстаў — сябар, з якім ладавалі папяровых жабак. Для іншых — недасяжная велічыня, на якую пазіраеш здаля. Для трэціх — суаўтар, сутворца. Адных частаваў самаробнай гарэлкай, іншым чытаў лекцыі. Успаміны розняцца ў танальнасці — ад жалобнага развітання да гарэзлівых анекдотаў з жыцця. Аднолькавым застаецца адно — безумоўная павага. Нават бескампрамісны вастраслоў Глобус зняў свой чорны капялюш.
Многія кажуць пра адно — што немагчыма з Міхалам развітацца. Што ж, натуральнае адмаўленне прымаць смерць дарагога чалавека. Аднак ёсць і іншая прычына.
Анемпадыстаў нікуды не падзеўся. Ад палітычнай сімволікі да легендарнай песні пра простыя рэчы, ён застаецца жывейшым за іншых жывых. Больш за тое, ён застаўся не толькі ў кропкавых знешніх праявах, але сфармаваў светапогляд людзей, прычым не толькі знаёмых, а і цалкам чужых. Новыя пакаленні беларусаў вырасталі на «Народным альбоме», не ведаючы нават, хто яго аўтар. Асэнсаванне колераў Беларусі, сфармуляванае Анемпадыставым, стала адным з культурных кодаў. Без гэтага няма Беларусі, як няма яе без «Людзей на балоце», «Цэнтральнага» і трасянкі.
І яшчэ раз пра Міхала
«Я ўпэўнены, кожны з сяброў Міхала можа шмат распавесці пра ягоны ўплыў на сваю творчую траекторыю», кажа Фелікс Аксёнцаў. «Міхал Анемпадыстаў быў з тых, з кім я не бавіў, а менавіта пражываў жыццё», кажа Акудовіч. Таццяна Вадалажская: «Міхал тлумачыў дызайн як выбудову зручнай, гарманічнай прасторы, дапасаванай да чалавека і яго дзейнасці. Добры дызайн незаўважны. Мая жыццёвая прастора — гэта прастора дызайну Міхала».
«Кажется, что он был всегда. Как мама, джинсы, «Ежик в тумане», «Битлз», небо и страна, которую упорно любишь, вопреки тому, что она временами с собой вытворяет», — кажа Максім Жбанкоў.
Ілюстрацыя з вуснаў Уладзіміра Зайчанкі:
«Пасля традыцыйнага суботняга футболу і лазні, седзячы ў кампаніі брутальных мужыкоў з півасікам і тнт-шнымі жартамі, дастаю кніжку «Народны альбом»:
Хачу ўшанаваць памяць выбітнага чалавека, — кажу і пачынаю чытаць верш.
Ты што, ах...?
Меркаванні раздзяліліся. Пачаліся спрэчкі, і дачытаць не атрымалася. Але раптам з тэлефона майго сябра загучала песня. У завіслай цішыні гучалі «Простыя словы»...».
«В его добрых стихах, в тонком юморе, в его творчестве, в исключительной интеллигентности, в его принципиальности — во всем присутствовало дополнительное измерение, обогащающее мир, раскрывающее новые пространства, вдохновляющее окружающих находить удивительные, неожиданные ракурсы в их собственных проектах», дадае Андрэй Занеўскі.
...А яшчэ Анемпадыстаў любіў мора. Другім пасля «Народнага» мусіў быць «Марскі альбом». Не здзейснілася.
Ён расказваў сябрам і гасцям Мінска пра рыбны кірмаш за Чырвоным касцёлам, якога, канечне, не існавала, але Міхал так у гэта верыў, што міф зажыў асобна ад стваральніка. Ён любіў Балтыку і водныя падарожжы. Ён напісаў верш пра выспу як апошні прыстанак, асабісты рай. І разам з тым у вершы «Над горадам шэрая хмара...» з’явілася безвыходнае «падводнае гета».
Дзе шукаць
Кніга «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў» ёсць у продажы ў Літве і Польшчы. Каб набыць, пішыце на пошту prostyja.slovy.2020@gmail.com.
Таксама набыць кнігу можна ў Вільні: у кнігарні «Knygynas eureka!» (Daukanto a. 2 / 10), краме «Гартайка» (Maironio g. 11, прыватная школа «Стэмбрыдж») і на сайце knygynas.biz.
Аглядальнік, budzma.org