Паэтычны паклон Нарачы…

Тры сустрэчы з паэтамі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным адбыліся 28 студзеня на Нарачы: у Занарачанскім палацы культуры, у Нарачанскай сельскай бібліятэцы і ў Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка. Апошні раз паэты наведалі Нарачанскі край тры гады таму, улетку 2006 году.

Свой выступ у Палацы культуры вёскі Занарач Эдуард Акулін пачаў з паэтычнага экспромту:

Тры гады пражылі мы, марачы
Пакланіцца чароўнай Нарачы,
Ды не надта шанцуе нам —
Аддаем свой паклон снягам…

У Нарачанскую сельскую бібліятэку, адну з найлепшых на Мядзельшчыне, на сустрэчу з вядомымі паэтамі сабраліся ўдзельніцы жаночага клуба “Веста” і вучні старэйшых класаў мясцовай сярэдняй школы. Яны доўга не адпускалі паэтаў, спасылаючыся на рэдкую магчымасць пабачыць мінскіх паэтаў.

Найбольшая колькасць прыхільнікаў айчыннай паэзіі прыйшлі ў Цэнтральную раённую бібліятэку горада Мядзель.

“Нягледзячы на тое, што гэтым разам мы завіталі ў запаветныя мясціны ў зімовы час, усе тры сустрэчы прайшлі па-летняму цёпла і сонечна, — адзначыў Эдуард Акулін. — Падчас усіх трох сустрэчаў з вялікай пашанай згадвалася імя самага вялікага нарачанца — народнага паэта Беларусі Максіма Танка”.

На фота:
1. Выступ Эдуарда Акуліна ў Нарачанскай сельскай бібліятэцы.
2. Л.Дранько-Майсюк: “Мядзельская бібліятэка – гэта акадэмія беларускай кнігі…”

Тэгі: ,