Пад знакам звышактыўных творчых сустрэч у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” працягваюць вясну беларускія паэты. Асабліва плённым стаўся для майстроў слова Эдуарда Акуліна і Леаніда Дранько-Майсюка мінулы сакавіцкі тыдзень. Гэтым разам па маршруце Гасцілавічы – Міханавічы – Гатава – Бяларучы – Астрошыцы паэтаў у вандроўку паклікала Міншчына.
“Нашыя выступы каляндарна супалі з пачаткам вясны і святам жанчын, таму ўсе яны прайшлі пад знакам Хараства. Прычым не толькі жаночага, а ў шырокім разуменні гэтага слова: хараства роднай мовы, хараства беларускай прыроды падчас вясновага абуджэння, хараства чалавечай душы… Сустрэчы праходзілі ў навучальных установах і насілі яшчэ і выхаваўча-педагагічны характар.
Пасля кожнай сустрэчы ў школе мы пакідалі не толькі цудоўны вясновы настрой, але і вясёлыя паэтычныя экспромты. Напрыклад, як у Астрошыцкай СШ:
Каб не менела весялосці
У астрошыцкім кожным двары,
Беларускіх паэтаў у госці
Запрашайце заўсёды, сябры!
І па традыцыі, самыя актыўныя ўдзельнікі сустрэч не засталіся без будзьмаўскіх падарункаў”, – падзяліліся сваімі ўражаннямі выступоўцы.
Тэгі: Міншчына