Палацы Гомельскай вобласці

22.06.2021 Краіна

Эпідэміялагічная сітуацыя парушыла турыстычныя планы, і многія беларусы сёлета шукаюць альтэрнатыву ў межах краіны. Таму «Будзьма!» працягвае адмысловы гайд па палацах. Гэтым разам — пра палацы Гомельскай вобласці.


Палац Козел-Паклеўскіх

Чырвоны Бераг. Нетыповы, адзін з самых незвычайных палацаў не толькі Гомельскай вобласці, але і Беларусі, быў пабудаваны ў вёсцы Чырвоны Бераг у канцы XIX стагоддзя па загадзе гаспадара маёнтка Міхаіла Гаткоўскага. Пасля яго смерці ўласнасць перайшла да ягонай дачкі і яе мужа Вікенція Козел-Паклеўскага.

Палац Козел-Паклеўскіх (wikipedia).jpg
Палац Козел-Паклеўскіх. Фота –wikipedia

Вікенцій, чыноўнік і правадзейны стацкі саветнік, быў сынам і ўласнікам багатай спадчыны вядомага беларускага прадпрымальніка і аднаго з найбагацейшых людзей Расійскай імперыі Альфонса Козел-Паклеўскага, які валодаў параходамі, заводамі, будаваў чыгуначную магістраль, стварыў банк, валодаў залатымі і срэбнымі руднікамі і нават капальнямі ізумрудаў.

Пасля рэвалюцыі 1917 года ў палацы размяшчалася сельскагаспадарчае вучылішча, падчас Другой сусветнай вайны — шпіталь і дзіцячы донарскі канцэнтрацыйны лагер, за савецкімі часамі — сельскагаспадарчы тэхнікум. Да сёння добра захаваўся як сам палац, так і гаспадарчыя пабудовы ды старая агароджа.

Палац Паскевіча

Каранёўка. Больш вядомы як «паляўнічы домік», вялікі прыгожы двухпавярховы палац стаіць ля самай сажалкі, якая, згодна з легендай, была выкапаная голымі рукамі, а таму яе вада і гліна набылі цудадзейныя і лекавыя ўласцівасці. Пасля набыцця Паскевічам ў 1834 годзе ў Румянцаве фальварка з вінакурняй і цагельным заводам у 1865–1866 гадах вінакурня была перабудаваная. Іван Паскевіч наведваў палац са сваімі гасцямі не толькі для вечарын, але і для палявання. Так за ім хутка замацавалася назва «паляўнічага доміка».

Палац Паскевіча (holiday.by).jpg
Палац Паскевіча. Фота – holiday.by

За савецкімі часамі будынак аддалі на патрэбы лясніцтва, а сёння тут размяшчаецца Каранёўская эксперыментальная лясная база Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Палац Герардаў

Дзям’янкі. Наведаць некалі велічны і прыгожы палац у вёсцы Дзям’янкі, пэўна, будзе не вельмі проста, бо ён знаходзіцца на тэрыторыі, якая трапіла ў зону адсялення пасля катастрофы на ЧАЭС. Менавіта таму часам яго яшчэ называюць «радыеактыўным палацам».

Палац Герардаў (racyja.com).jpg
Палац Герардаў (Фота –racyja.com)

Палац быў пабудаваны ў другой палове ХІХ стагоддзя і належаў Мікалаю Герарду (які, дарэчы, тут і нарадзіўся) — прадстаўніку дваранскага латышскага роду і вельмі ўплывоваму чыноўніку імперыі, а таксама правадзейнаму тайнаму саветніку і генерал-губернатару (фактычна, кіраўніку) Фінляндыі. З гісторыяй палаца, як гэта часта бывае, звязана шмат трагічных і цікавых легенд. Паводле адной з іх, пад дрэвам на тэрыторыі сядзібы была закапаная бачурка з золатам і ўпрыгажэннямі на 40 кілаграмаў, але яе нібыта выкапалі і канфіскавалі бальшавікі. Далейшы лёс дваранскага скарбу невядомы.

Палац Горватаў

Палац Горватаў (wikipedia.org).jpg
Палац Горватаў. Фота –wikipedia.org)

Нароўля. Палац ля самага берага ракі Прыпяць быў узведзены ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя па загадзе памешчыцкай сям’і Горватаў, якая у 1816 годзе разам з Нароўляй набыла і некалькі навакольных вёсак. Інтэр’ер палаца выглядаў багата і адпавядаў усім тэндэнцыям тагачаснай моды, там была велізарная бібліятэка старажытных кніг, карціны замежных мастакоў, а непадалёк быў узведзены незвычайны і прыгожы фантан. За савецкімі часамі ў палацы размяшчалася школа. У сучаснай Беларусі палац імкліва руйнаваўся, але летась яго выкупілі энтузіясты (сярод якіх — рэдактар гомельскага выдання і пісьменнік) і ўжо пачалі працу па яго ўпарадкаванні.

Палац Халецкіх

Хальч. Мясцовыя землі належалі роду Халецкіх яшчэ з XV стагоддзя, калі іх падараваў вялікі князь літоўскі Свідрыгайла. Палац на беразе ракі Сож быў пабудаваны ў канцы XVIII — пачатку ХІХ стагоддзя, і на яго долю выпаў цікавы лёс. У вайну 1812 года Халецкія падтрымалі Напалеона, а таму пасля паразы былі вымушаныя пакінуць і родавы маёнтак, і радзіму. Палац выкупілі Войніч-Сянажэцкія, якія гэтаксама былі незадаволеныя расійскімі ўладамі і дапамагалі паўстанцам Кастуся Каліноўскага.

Палац Халецкіх (wikipedia).jpg
Палац Халецкіх (Фота –wikipedia)

Менавіта за Войніч-Сянажэцкімі палац наведаў і замаляваў Напалеон Орда, з’явілася вялікая бібліятэка, а ў адным з пакояў ладзілі масонскія сходы.

За савецкімі часамі ў палацы зрабілі папраўчую калонію для беспрытульнікаў, потым — турму НКУС, турму для жанчын з дзецьмі, сельскі клуб і праўленне саўгаса.

Палац Рудзяеўскіх

Палац Рудзяеўскіх (wikipedia).jpg
Палац Рудзяеўскіх. Фота – wikipedia

Пярэдзелка. Непадалёк ад ракі Дняпро знаходзіцца менш вядомы, але не менш прыгожы палац Рудзяеўскіх, пабудаваны ў першай палове ХІХ стагоддзя. За сваю гісторыю палац змяніў шмат уласнікаў. У 1870 годзе Рудзяеўскія прадалі палац Чайкоўскім, а ўжо ў 1881 годзе ўладальнікамі палаца сталі Бараноўскія, якія служылі пры двары расійскага імператара. У 1905 годзе Бараноўскія былі вымушаныя пакінуць палац і эміграваць (цяпер іх нашчадкі жывуць у Канадзе). Пазней тут размяшчаліся таварыства па апрацоўцы зямлі і школа.

Кірыл Стаселька, budzma.by