Эпідэмічная сітуацыя парушыла турыстычныя планы, і многія беларусы сёлета шукаюць альтэрнатыву ў межах краіны. Таму «Будзьма» працягвае адмысловы гайд па палацах. Гэтым разам расказваем пра палацы Гродзенскай вобласці.
Палац Сапегаў
Фота: asnoru.livejournal.com
Гродна. Палац быў пабудаваны ў XVII стагоддзі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што менавіта ў ім адбылося анатамічнае ўскрыццё караля Стэфана Баторыя (і тут жа была адна з ягоных рэзідэнцый). У любым разе з імем караля звязаная другая назва палаца — Баторыеўка. З 1680 года ім валодалі Сапегі, але пазней палац перайшоў да караля Аўгуста II і стаў адной з каралеўскіх рэзідэнцый. У сувязі з гэтым будынак прыстасавалі і для правядзення сеймаў Рэчы Паспалітай. Акрамя таго, пазней тут праходзілі трыбуналы ВКЛ. За сваю гісторыю палац шмат разоў цярпеў, перабудоўваўся і мяняў прызначэнне. Ужо з 1860 года ў былым палацы знаходзілася вінная лаўка, пазней гасцініца, гімназія, вайсковы штаб, ювелірная майстэрня, крама, цукерня, банк. Але і гэта не ўсё. Пасля Другой сусветнай вайны тут размяшчаліся чыгуначная школа, дзіцячы садок, медуніверсітэт.
Палац Храптовічаў
Фота: radzima.org
Гродна. Палац, які адносіцца да XVIII стагоддзя, спачатку належаў беларускаму магнацкаму роду Храптовічаў, пасля – гарадзенскаму старосту і мецэнату Антонію Тызенгаўзу, а яшчэ пазней – Мучынскім і Ляхніцкім. Тут, у прыватнасці, жыў Ігнацій Ляхніцкі — пісьменнік і філосаф. За савецкімі часамі тут размяшчаліся розныя навучальныя ўстановы, але ўжо ў сучаснай Беларусі палац быў адрэстаўраваны, а з 2009 года тут знаходзіцца музей гісторыі рэлігіі.
Палац Грабоўскіх
Фота be.m.wikipedia.org
Тарнова. Непадалёк ад Ліды ў вёсцы Тарнова добра захавалася сядзіба Грабоўскіх. Землі маёнтка ў розныя часы належалі Завішам, Радзівілам, Кашыцам. Палац на іх быў пабудаваны ў ХІХ стагоддзі. Развіцццём Тарнова і мясцовага маёнтка актыўна займаўся расійскі палкоўнік Дзмітрый Маўрас. Адметна, што папярэднім уласнікам маёнтка быў Канстанцін Кашыц – удзельнік паўстання 1863–1864 гадоў, які быў вымушаны прадаць сваю маёмасць Маўрасу – удзельніку здушэння паўстання. За новым уладальнікам у маёнту быў пабудаваны і вялікі гаспадарчы комплекс, ад якога да сёння захаваліся лядоўня, млын і некаторыя іншыя. За савецкімі часамі тут размяшчаліся паліцэйскі ўчастак, дзіцячы дом, паштовае аддзяленне, ашчадная каса і звычайныя жылыя кватэры.
Палац «Станіславова»
Фота probelarus.by
Гродна. Сядзіба 1760-х – 1770-х гадоў была створаная па праекце славутага італьянскага архітэктара Джузэпэ Сакэ як загарадная рэзідэнцыя апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Агуста Панятоўскага. Пазней некаторы час палацам валодаў род Друцкіх-Любецкіх. З прыходам савецкіх уладаў на тэрыторыі сядзібы размясцілі саўгас. З 1953 года палац перадалі сельскагаспадарчаму інстытуту, і да сёння там працуе кафедра раслінаводства аграрнага ўніверсітэта. Але акрамя рэзідэнцыі захаваўся да нашых дзён і парк, па якім некалі гуляў кароль.
Палац Агінскіх
Фота wikipedia
Залессе. У XVIII стагоддзі ўласнікам Залесся стаў род Агінскіх. У ХІХ стагоддзі замест драўлянага быў збудаваны мураваны палац з ініцыятывы Міхала Клеафаса Агінскага па праекце архітэктара Міхала Шульца. Дзякуючы славутаму беларускаму кампазітару палац ператварыўся ў культурніцкі цэнтр, дзе ладзіліся літаратурныя і музычныя імпрэзы. Менавіта ў Залессі быў напісаны і дэбютаваў знакаміты паланэз “Развітанне з Радзімай”. За савецкімі часамі ў палацы размяшчаўся дом адпачынку і дом састарэлых. У 2000-х палац быў адрэстаўраваны, а з 2014 года быў адкрыты музей-сядзіба Агінскага. Сёння комплекс таксама ўключае млын, аранжарэю, альтанку і капліцу.
Палац Мілашэўскіх
Фота fotabel.by
Жодзішкі. Комплекс адносіцца да XVIII–XIX стагоддзяў. Першапачаткова пабудаваны як будынак езуіцкага калегіўма, але пазней перароблены ў палац. У розныя часы палац у Жодзішках належаў Патоцкім, Ласкарысам і Мілашэўскім. Акрамя палаца вельмі добра захваліся вінакурня і млын. Але сёння знаёміцца з палацам – былым езуіцкім калегіўмам лепш толькі вонкі, з вуліцы, бо ўнутры ў нашыя дні размяшчаецца псіхіятрычная бальніца.
Палац Нонхартаў
Фота planetabelarus.by
Гайцюнішкі. Хоць ён і выглядае калі не як палац, то як замак, насамрэч яго звычайна называюць домам-крэпасцю. У 1611–1612 гадах беларус нідэрландскага паходжання Пётр Нонхарт, які загадваў каралеўскімі збудаваннямі ў Вільні, пабудаваў для сябе дом-крэпасць. Варта адзначыць, што ні ў Беларусі, ні ў свеце яму няма прамых аналагаў, што робіць яго ўнікальным збудаваннем. Сёння дом-крэпасць Нонхарта хоць і ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, там, гэтаксама як і ў палацы Мілашэўскіх, размяшчаецца псіхіятрычная бальніца.
Палац Біспінгаў
Фота globus.tut.by
Масаляны. Палац радавога комплекса Біспінгаў (род якіх паходзіў з Нямеччыны) у Масалянах не ацалеў, але захаваўся не менш цікавы сядзібны дом, які адносіцца да ХХ стагоддзя. Акрамя яго таксама захаваліся бровар і вінакурня, брама і некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Але агулам, на жаль, сёння рэшкі комплекса ў досыць занядбаным стане.
Кірыл Стаселька, budzma.by