Памерла пісьменніца Святлана Яўсеева — маці Лявона Вольскага

7 студзеня памерла беларуская пісьменніца Святлана Яўсеева, маці музыкі Лявона Вольскага. Ёй было 92 гады.

Пра смерць Святланы Георгіеўны паведаміла ў Фэйсбуку пісьменніца Аксана Спрынчан. Па яе інфармацыі, пахаванне адбудзецца 10 студзеня.


jauseewa250109-7lxzc.jpg.jpg

Святлана Яўсеева нарадзілася ў 1932 годзе ў сям’і вайскоўца, атрымала адукацыю ў Ташкенцкім педагагічным інстытуце і Літаратурным інстытуце імя Горкага. Пісала на рускай мове.

У 1962 годзе выйшла замуж за беларускага пісьменніка Артура Вольскага і пераехала ў Мінск. 

Літаратурны дэбют адбыўся ў 1962 годзе з кнігай «Жанчына пад яблыняй». Таксама ў Святланы Яўсеевай выйшлі зборнікі вершаў «Маладзік» (1965), «Клічу!» (1974), «Эўразія» (1979), «Апошняе развітанне» (1983), «Шукаю чалавека» (1988).

Перакладала на рускую мову вершы класікаў беларускай літаратуры: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка і іншых.

Уладзімір Някляеў сказаў пра яе: «Святлана Яўсеева, якая прыехала з Масквы ў Мінск, даволі хутка стала не столькі рускім, колькі беларускім паэтам, якая пісала на рускай мове».

***

Рэдакцыя Budzma.org выказвае шчырыя спачуванні Лявону Вольскаму і яго сям'і з нагоды цяжкай страты.