У рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org Лявон Вольскі ўзгадвае свайго бацьку — вядомага пісьменніка і грамадскага дзеяча Артура Вольскага — і час, калі старая спарахнелая савецкая сістэма рассыпалася і калі мільёны людзей мусілі б пакаяцца за тое, што яны рабілі за савецкім часам, але пакаяліся толькі адзінкі. Сярод іх — і Артур Вольскі.
Час вялікіх надзеяў, чаканьняў і пэрспэктываў. Сыстэма хістаецца, сыплецца, ейныя служкі спрабуюць захаваць твар, але ўжо ясна, што, як раней, ня будзе. Тыя, хто прызвычаіўся выконваць загады, спадзяюцца, што гэта часовыя непаладкі, і неўзабаве ўсё вернецца назад. Тыя, хто выконвае, але разумее абсурдовасьць і гэтых загадаў, і абавязковасьці іх выкананьня, робяць усё магчымае, каб старыя часы не вярнуліся. Ёсьць яшчэ тыя — іх заўсёды большасьць — хто чакае, чым усё гэта скончыцца. Вернуцца старыя часы — яны таксама вернуцца да старой схемы існаваньня. Прыйдуць новыя — знойдуць у гэтых новых выгодную для сябе схему.
Артур Вольскі. Малюнак Лявона Вольскага
Барацьба як збавеньне
Я не зьдзівіўся, калі мой бацька ўступіў у барацьбу — Народны фронт, мітынгі, палымяныя прамовы... Ківач яшчэ ня скончыў свой рух — бацька мусіў адчуваць усю небясьпеку сваіх дзеяньняў. Але кінуўся ў барацьбу, як у высокую хвалю — з галавою. Гэта было, нібыта, збавеньне — за камуністычнае мінулае, за ангажаваныя вершы, за прыняцьце прыстасаванскае савецкае пісьменьніцкае сыстэмы, наскрозь прасякнутае крывадушшам.
І хтосьці, як заўсёды, скажа: «А што было рабіць, сынок? Час быў такі», а бацька сказаў: «Я памыляўся. Я служыў д’яблу. Я каюся».
Пакаяліся адзінкі
Вось у гэтым пакаяньні закладзеная велізарная моц. Мільёны людзей мусілі б пакаяцца за тое, што яны рабілі за савецкім часам, і ўсё б незваротна зьмянілася. Але гэтага не адбылося. Мусілі масава пакаяцца былыя камуністы, якія ніколі да канца ня верылі ў той камунізм, зрынуць помнікі пачварам ды забойцам, перайменаваць вуліцы, пераўсталяваць сыстэму...
Старая нягеглая сыстэма трэслася, сыпалася, падалі долу камяні, цэгла і будаўнічы друз. Але помнікі ня ўпалі. Вуліцы не перайменаваліся. Тыя, хто мусіў пакаяцца, адседзеліся па сваіх кватэрах «павышанае камфортнасьці» — маўляў, паглядзім, што далей.
Пакаяліся адзінкі, і іх успрымалі, як дзівакоў, як бажаволкаў — ну рабіў ты гэта і рабіў, чаго ўжо там! Усе ж рабілі! Чаго ты лезеш на вочы з гэтым сваім пакаяньнем, маўчаў бы лепей!
Сыстэма запрацавала
Знайшліся неразборлівыя людзі, якія пачалі замазваць расколіны ў старой лядашчай сыстэме сумесьсю з каровіных экскрэмэнтаў, сена і пілавіньня, дзе-нідзе дадаючы клейстар. Са скрыпам, зь непрыемным пахам, зь перабоямі, але сыстэма запрацавала. Паглядзіце, — крычэлі неразборлівыя людзі, — мы пакінулі ад старой сыстэмы ўсё лепшае і мадэрнізавалі яе!«.
Якое ўжо тут пакаяньне, якое збавеньне? Вы ўсё рабілі слушна, і сыстэма была правільная. Дапускаліся асобныя памылкі, але не памыляецца той, хто нічога ня робіць. Перафарматаваньне скончылася, ідзіце на працу!
Артур Вольскі ў першым шэрагу пратэстоўцаў
Мой бацька ня мог бяз працы. Вось яму трэба, проста неабходна было раніцай падняцца, узяць халодны душ і ехаць у свой тэатар. У гэтым Тэатры Юнага Гледача ён прапрацаваў безьліч гадоў — спачатку быў намесьнікам па літаратурнай частцы, потым — дырэктарам, потым — зноў вярнуўся ў намесьнікі.
Калі быў дырэктарам, перавёў усю тэатральную дакумэнтацыю на беларускую мову (гэта быў сьмелы ўчынак для 70-х гадоў мінулага стагоддзя!), калі заўлітам — сядзеў у сваім кабінэціку, ствараў, перакладаў, адаптоўваў... Я ўсё дзяцінства правёў у гэтым тэатры — за сцэнай, за кулісамі, пад сцэнай, дзе працуюць чароўныя мэханізмы, якімі кіруюць машыністы сцэны, у радыёрубцы, у касьцюмэрнай, у грымэрках...
Бацька працаваў. Але пры гэтым не прапускаў ніводнага пратэснага мерапрыемства — надзяваў свае франтавыя і юбілейныя ўзнагароды — і наперад! — у першы шэраг пратэстоўцаў.
Сябры «Беларускага дэмакратычнага аб’яднання ветэранаў вайны» каля сядзібы БНФ. 1994 г. Артур Вольскі ў першым шэрагу злева ад Зянона Пазняка. Фота: svaboda.org
А як па-іншаму? Трэба было даціснуць і ўрэшце зрынуць пачварную сыстэму. А яна тым часам умацавалася. Яе абшылі ржавымі мэталёвымі шчытамі, калючым дротам і сталёвымі шыпамі. Яна сьмярдзела, дыміла, давала рэгулярныя збоі, але сяк-так працавала.
Страшнае здарэньне
Неяк я прывёў дачку на навагодні ранішнік у тэатар. Здавалася, ня так даўно мяне самога бацькі прыводзілі на гэтыя незабыўныя тэатральныя навагоднія ранішнікі, але — ты глядзі! — незаўважна пранесьліся трыццаць гадоў, і вось ужо бацькава ўнучка распавядае Дзеду Марозу вершык...
Менавіта да яе, да сваёй унучкі ён ішоў лістападаўскім вечарам вуліцай Глебкі пасьля валянтэрскага выкладаньня беларускае мовы ў гімназіі ў Кунцаўшчыне. Ішоў адведаць малую, бо было па дарозе — усяго нейкія пяцьсот мэтраў прайсьці. І раптам (якое там раптам — усё было загадзя сплянаванае) яго сустрэла кампанія агрэсыўных падлеткаў. Бацька быў зьбіты і кінуты, распрануты, на халоднай лістападаўскай вуліцы...
Такім чынам сыстэма змагалася з тымі, хто змагаўся зь ёй. Тады за некалькі гадоў адбыўся цэлы шэраг зьбіцьцяў — і пацярпелыя спрэс былі людзі сталага веку, з вагой у грамадзтве і выразнай пазыцыяй. Здавалася б, у каго падымецца рука на сталага аўтарытэтнага чалавека? Сыстэма адмыслова дэманстравала, што для яе няма ўзросту і аўтарытэтаў. Калі ты супраць, атрымаеш па заслугах.
Пасьля гэтага здарэньня бацькава жыцьцярадаснасьць і ўпэўненасьць у перамозе згасла.
«Ведаеш, гэта можа быць вельмі-вельмі надоўга», — задуменна сказаў ён мне на парозе новага, ХХІ стагоддзя. Ён на той час ужо быў хворы. Адчайна змагаўся з хваробаю, як змагаўся з сыстэмай, але перамагчы не ўдалося.
Выклік сыстэме
Нядаўна яму споўнілася сто гадоў.
І я рады, што ў гэтым сьвеце быў такі чалавек. Чалавек, якому баліць. Які калісьці памыляўся, быў часткаю сыстэмы, але паралельна рабіў шмат для Беларусі, для нашай мовы, для культуры, для асьветы. Які ўрэшце не пабаяўся парваць са сваім мінулым, кінуць выклік сыстэме і пакаяцца. І ісьці наперадзе пратэснае калёны. Мой бацька. Артур Вольскі.
Лявон Вольскі, Budzma.org