Сумная і нечаканая навіна — учора (8 чэрвеня) пайшоў з жыцця паэт і перакладчык Серж Мінскевіч, піша Суполка беларускіх пісьменнікаў у сваім тэлеграм-канале.
Пра гэта паведаміў Андрэй Дудко са спасылкай на сваякоў спачылага. Прычыны смерці пакуль невядомыя.
Серж Мінкевіч (сапр. Сяргей Мыцько) нарадзіўся 12 лютага 1969, у Мінску.
Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ (1995).
Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ». Літаратурны кансультант газеты «Пераходны ўзрост». Працаваў ў Інстытуце літаратуры НАН Беларусі. Кандыдат філалагічных навук.
Займаўся бардаўскай песняй, перакладамі. Зрабіў поўны пераклад паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» (1999), пераклаў «Крымскія Санеты» (2004). Перакладаў з польскай Міцкевіча, Славацкага, Івашкевіча, Галчынскага, Маслоўскую, з англійскай Шэлі, Лангфэла.
Выдаў кнігі: «Праз галеРэю» (паэзія, 1995), «Менскія санэты / Мінскія санэты» (2002), «Прыгоды Какоса Маракоса» (вершаваная казка, 2006), «Я з БУМ-БАМ-ЛІТа» і інш.
Выказваем шчырыя спачуванні сябрам і блізкім!
Паглядзіце, як Серж Мінскевіч чытае свой верш "Марскі трыпціх". Запіс быў зроблены ў межах відэапраекта «Чорна-белыя вершы» кампаніі «Будзьма беларусамі!»