У Талачыне, на хаце, у якой з 1936-га да 1945-га года жыў знакаміты беларускі мастак Лявон Баразна, з’явілася памятая дошка. Пра адкрыццё памятнай дошкі ў гонар мастака паведамляе Сяргей Плыткевіч на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
Памятная дошка Лявону Баразне
З’яўленне памятнай дошкі стала магчымам дзякуючы ініцыятыве мясцовага краязнаўцы Змітра Іўчанкі.
«А ён зацікавіўся земляком пасля выставы Лявона Баразны, да арганізацыі якой спрычыніўся мастак Мікола Купава...», — дадае Сяргей Плыткевіч.
Адкрыццё памятнай дошкі Лявону Баразне
Мемарыяльная выстава, у якой прадстаўлены, у тым ліку, працы Лявона Баразны ранейшага перыяду, зараз праходзіць у Талачынскім краязнаўчым музеі.
***
Лявон Баразна — беларускі мастак, даследчык дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, актывіст захавання гісторыка-культурнай спадчыны. У жніўні 1972 г. быў забіты ў цэнтры Мінска пры нявысветленых абставінах.
Вось, што пісаў у 2013-м годзе пра тыя трагічныя падзеі сябар Лявона Баразны Зянон Пазняк:
«15 жніўня 1972 года яго забілі ў цэнтры сталіцы, як стала зразумела, у выніку распрацоўкі савецкага КГБ па барацьбе зь беларускім нацыяналізмам. Забойцы — два браты-крымінальнікі, расейцы, дзеці палкоўніка КГБ, які займаўся аховай Дому ураду. Суд і камуністы ўсяляк стараліся выгарадзіць забойцаў, каб прысудзіць ім меншы тэрмін. Асноўны забойца адмовіўся даваць паказаньні і цьвердзіў увесь час толькі тры словы: "Я сын Сталіна". Яго гэтаму падвучылі, інакш бы шмат што адчынілася.
Забойства Лявона Баразны ўскалыхнула тады нас усіх. Гэта была вялікая страта для Беларусі. Яго магіла, як і магіла Каліноўскага, і сотняў іншых ахвяраў Масквы, засталася неадпомшчанай, і гэты сьпіс павялічваецца».
Чытайце яшчэ: