Памёр Аляксей Каўка

Сёння не стала гісторыка і літаратуразнаўцы Аляксея Каўкі, паведамляе Суполка беларускіх пісьменнікаў. Яму было 86 гадоў. Аляксей Каўка з 1965 года жыў у Маскве і выдаваў там гісторыка-літаратурны альманах «Скарыніч».


kauka.jpg

Аляксей Канстанцінавіч Каўка — беларускі гісторык і літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч. Доктар філалагічных навук (1991), кандыдат гістарычных навук (1971).

Нарадзіўся ў 1937 г. на Чэрвеньшчыне. Скончыў БДУ, з 1965 г. жыў у Маскве.

Аўтар палемтэічнага «Ліста рускаму сябру» (1976)  — твора пра стан беларускай мовы і парушэнне моўных правоў у Савецкай Беларусі. Ліст распаўсюджаваўся самвыдатам, патрапіў у Польшчу, затым — у Лондан, дзе быў выдадзены паралельна на рускай і ангельскай мовах у 1979 годзе.

Дзякуючы дыпламатычнаму пашпарту Аляксея Каўкі на Захад была перапраўленая паштоўка беларускага мастака Яўгена Куліка, прысвечаная 1000-годдзю Беларусі (1980). Беларуская дыяспара ў ЗША надрукавала паштоўку і распаўсюдзіла яе па свеце. Факт выхаду такой паштоўкі стаў прадметам разбору КДБ.

Каўка таксама пераслаў на Захад рукапіс кнігі беларускага сацыёлага Алега Бембеля «Родная мова і сацыяльны прагрэс». Гэтая кніга сталася вынікам сацыялагічных даследаванняў і экспертных ацэнак статусу беларускае мовы ў БССР і сведчыла пра палітыку КПСС у нацыянальнай сферы. У 1985 годзе кнігу выдалі ў Лондане на беларускай мове, яна атрымала распаўсюд сярод колаў беларускае апазіцыі. Супраць аўтара адразу распачаўся пераслед, але пачатак перабудовы выратаваў яго. Гэтая кніга мела вялікае значэнне для развіцця беларускае грамадскае думкі ў другой палове 1980-х. У перасылцы рукапісу на Захад праз Варшаву Каўку дапамагаў гісторык, дзеяч беларускага руху ў Польшчы Юры Туронак.

У 1991-м даслаў на імя Гарбачова тэлеграму аб сваім выхадзе з «партыі-жандара і ворага нацыянальнага самавызначэння народаў».

Даследваў творчасць Францыска Скарыны, Адама Міцкевіча, Аляксандра Пушкіна, Янкі Купалы, Івана Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага і іншых пісьменнікаў. Выдаваў гісторыка-літаратурны альманах «Скарыніч».