У ноч на 18 снежня памёр рэжысёр, тэатральны крытык, кандыдат мастацтвазнаўства Аляксей Стрэльнікаў. Ён быў адным са стваральнікаў літаратурнай прэміі імя Гедройца. Аляксею было 39 год.
Фота з Фэйсбуку
Пра яго смерць паведаміў ў сябе на старонцы ў Фэйсбуку лідар беларускай культурнай супольнасці Сяргей Будкін.
«Трагічная навіна. Лёшы больш няма з намі. Няшчасны выпадак здарыўся сёння», — напісаў Сяргей Будкін. — Ведаю гэтага добрага і светлага чалавека больш за 20 год...»
У Стрэльнікава засталіся жонка Алена і сын Леў. Сяргей Будкін напісаў, што тыя, хто хацеў бы дапамагчы сям’і, могуць звяртацца да яго.
Аляксей Стрэльнікаў нарадзіўся ў 1983 годзе ў Новасібірску, але большую частку жыцця правёў у Беларусі. Скончыў журфак БДУ і тэатразнаўчую аспірантуру Акадэміі мастацтваў.
Пасля падзей 2020 года быў звольнены з Акадэміі мастацтваў, ладзіў падпольныя тэатаральныя паказы, быў у журы фестываляў драматургіі.
«Шчыра вам скажу, я баюся таго, што мы робім. Мне не хочацца сесці ў турму, але для мяне падпарадкавацца гэтаму страху — значыць, прайграць. Я працягваю рабіць тое, што хачу, я вольны ў выбары матэрыялу і мастацкіх сродкаў, і, хаця гэтая свабода абмежаваная, для мяне яна сапраўдная і вельмі каштоўная», — казаў Аляксей Стрэльнікаў у інтэрв’ю «Новаму Часу» ў чэрвені 2022.
«Узяўся быў за прэмію Гедройця, калі каманда, якая займалася прэміяй раней, больш не хацела займаецца праектам, — згадвае пра Стрэльнікава ў фэйсбуку старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай. — За прэмію, якая выклікае больш за ўсё эмоцый і ўвагі — узяўся і рабіў, нягледзячы на бясконцыя атакі не толькі крытыкаў, але і крытыканаў. Гэта было не пра пакрасавацца, не пра кавалак славы, а пра цяжкую і няўдзячную (у сэнсе водгуку ад супольнасці) работу. Без яго ў 2017-2018 гадах прэміі не адбылося б. Згадваю тыя гады з удзячнасцю і павагай».