Памёр беларускі кліпмейкер, сцэнарыст і кінарэжысёр Андрэй Грынько

Мужчына скончыў Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці кінарэжысура і паспеў зняць тры ігравыя стужкі: кароткаметражны «У чоўне», а таксама хорар «Вупыры» (сумесна з Максам Сірым) і меладраму «Гэта я, Мінск» (сумесна з Дзмітрыем Дзядком). Апошні фільм быў зняты на «Беларусьфільме», але не быў паказаны і пакладзены на паліцу праз цэнзуру, піша тэлеграм-канал «Свяшчэнны Белавуд».

Andrej Hryńko Андрэй Грынько

Зарабляў Андрэй здымкамі відэарекламы, кліпаў, ютуб-праектаў. Адна з апошніх яго прац — праект Blockchain Sports Drift, у здымках якога ён прымаў удзел. Ён прысвечаны дрыфт-гонкам па Беларусі, пад што ў Мінск ў мінулым годзе прыязджаў нямецкі актор Тыль Швайгер. Таксама менавіта Грынько спрычыніўся да знакамітага промароліка «Беларусь — краіна для жыцця», якую пазней выкарыстаў як палітычны лозунг палітык Сяргей Ціханоўскі.

Прычыны смерці Андрэя не вядомы. Яму раптоўна стала блага, яго адвезлі ў бальніцу, дзе ён памер 11 чэрвеня. Грынько было 36 год.