У спецпраекце «Беларускае кіно на зломе эпох» кінакрытык Тарас Тарналіцкі піша пра фільм «Гэта я, Мінск» рэжысёраў Змітра Дзядка і Андрэя Грынько.
Кадр з фільма «Гэта я, Мінск»
У сярэдзіне нулявых, у час эканамічнага ўздыму і адноснай геапалітычный цішы, міжнародны кінематограф раптоўна захварэў на альманахі аб закаханасці ў жыццё мегаполісаў.
Падобныя праекты з’яўляліся і раней, але трэнд задаў менавіта «Парыж, я кахаю цябе» — стужка з 18 мікрагісторый, паказаная на Канскім кінафестывалі ў 2006 годзе. Яе стварыў склад запрошаных фестывальных зорак, сярод якіх былі браты Коэны, Гас Ван Сэнт, Том Тыквер. Менавіта праз «Парыж» пачалася ланцуговая рэакцыя — і рамкомы з меладрамамі пра сталіцы розных краін пачалі з’яўляцца ў кінатэатрах як грыбы пасля дажджу.
Кадр з фільма «Гэта я, Мінск»
Да Беларусі мастацкі флэшмоб дакаціўся досыць хутка — тэатральная пастаноўка «Мінск, я люблю цябе» з’явілася ў 2010 годзе. А вось з кіно атрымалася вялікая затрымка. Абмеркаванне праекта кіраўнікамі з «Беларусьфільма» ўсплывала ўсё мінулае дзесяцігоддзе, але да справы дайшло толькі ў 2019 годзе, калі за праект узялася моладзь — дуэт рэжысёраў Змітра Дзядка («Паміж небай і зямлёй», «Дзіма») і Андрэя Грынько («Вупыры»). Сам праект, з улікам пераздымак, паўстаў у 2022 годзе, але так і не выйшаў на экраны.
Спрабаваць патлумачыць логіку дзяржаўнай цэнзуры лепей нават не брацца — прычыны забароны тут маглі быць абсалютна розныя і часам невідавочныя. Вызначальным момантам стала тое, што ні па візуальным стылі, ні па змесце «Гэта я, Мінск» на момант стварэння не спалучаўся з патрэбамі дзяржавы, у якога грамадства ўжо павінна было хадзіць шыхтам і без загаду не рэфлексаваць.
Кадр з фільма «Гэта я, Мінск»
Стужка Грынько і Дзядка атрымалася нетыповым жанравым кіно пра горад і яго жыхароў. «Гэта я, Мінск» нагадвае зняты паэтычнай кінамовай рэфлексуючы шпацыр па вуліцах і дахах беларускай сталіцы, у якога, як у сапраўднага самурая, няма дакладнай мэты — ёсць толькі шлях. І гэтая вандроўка атрымалася канцэнтравана атмасфернай і ўдумлівай.
Адзінага сюжэту тут няма — ёсць россып пункцірна абазначаных мікрагісторый: пра здымкі ажно двух фільмаў (улюбёная тэма для рэжысёра Змітра Дзядка, які стварэнню кіно ў беларускіх умовах прысвяціў іранічную стужку «Сумленны погляд»), сапраўднага кахання, меланхалічнага расставання і шлюбу. Гісторыі-эпізоды разыгрываюцца каларытнымі, і, гэта трапны рэжысёрскі ход, зусім незнаёмымі гледачу акторамі і не звязаныя паміж сабой. Паступова яны складаюцца ў адзіную мазаіку жыцця горада, які ты добра ведаеш, але добра разумееш, што ніколі ў ім не жыў.
Бо Мінск у стужцы — гэта прастора мараў, жаданняў, прыемнага сну, у які хочацца трапіць, і няма ніякіх сілаў з яго сыходзіць.
Бачна, што аўтары натхняліся эстетыкай савецкага «адліжнага» кіно 1960-х гадоў — стужкамі Міхаіла Калатозава, Андрэя Таркоўскага, Марлена Хуцыева, якое партыйная крытыка ў момант выхаду бязлітасна крытыкавала за фармалізм — перавагу формы над зместам.
Кадр з фільма «Гэта я, Мінск»
У «Гэта я, Мінск» форма таксама дамінуе. Праз знятыя аператарам Аляксандрам Алейнікавым на шыракавугольную оптыку доўгія і павольныя планы архітэктуры, поўныя нябачнага паветра. У іх калейдаскопам паўстаюць розныя абліччы горада: начнога, падсвечанага ліхтарамі неонавых шыльд «Гарызонта» і «Белтэлекама» і будзённага, залітага сонцам і жоўта-зялёнымі колерамі муніцыпальных паркаў. Праз медытатыўную і містычную эксперыментальную музыку гурта «Грёзы Пафнутия». Гэта cпалучэнне супакойвае і прыемна заварожвае, асабліва, калі ты сам не бачыў Мінск некалькі гадоў праз вымушаную эміграцыю.
Спрацоўвае эфект пазнавальнасці — вось завулак Казлова, а тут панарама на «Дынама-Арэну», парк Горкага ў восеньскім лісці, утульная вулка Кісялёва з чырвонацагляным заводам «Аліварыя» і бухта з яхтамі на Мінскім моры. У кагосьці абудзіцца нават пачуццё настальгіі, але гэта ўсё пабочны эфект стужкі. Праз прыгажосць гарадскіх пейзажаў аўтары імкнуліся распачаць негалосны дыялог з гледачом, спрабуючы дазнацца ў яго галоўную тайну — хто ён і кім сябе лічыць.
Кадр з фільма «Гэта я, Мінск»
Для гэтага аўтары выкарысталі дакументальныя ўстаўкі з апытанкамі сапраўдных мінчукоў, якім за кадрам няспынна задаюць пытанне, вынесенае ў назву стужкі. Момант самаідэнтыфікацыі становіцца фундаментальным у аповедзе — і гэта перагукаецца з грамадскімі працэсамі, асабліва ў сённяшнюю пераломную эпоху, калі беларусы адчулі сябе часткай адзінай супольнасці на хвалі пратэстаў 2020 года. Пра гэта ў стужцы наўпрост не гаворыцца, але праца па нацыянальнай самарэфлексіі сапраўды распачалася — і Грынько з Дзядком толькі дадаткова адлюстравалі гэты складаны працэс.
Пры гэтым «Гэта я, Мінск» застаецца цалкам апалітычным творам. Людзі на камеру не кажуць нічога крамольнага: «я чалавек», «я маці», «я студэнт», ці проста ўважліва глядзяцца ў люстэрка ў ігравой сцэне з адкрыццём мастацкай галерэі.
Кадр з фільма «Гэта я, Мінск»
Іншага падыходу і быць не магло — стужку ж правярала камісія «Беларусьфільма» і зацвярджаў Мінкульт, таму сапраўднай крытыкі тут быць папросту не магло. Але пэўныя падміргванні нашаму рэпрэсіўнаму часу ўсё ж з’яўляюцца на экране, калі ў цалкам сюрэалістычнай сцэне актор, які грае баязлівага гараджаніна, бачыць на даху свайго дома жудасную сцэну — постаць у чорнай балаклаве душыць жанчыну ў чырвонай сукенцы. Ці падчас тэатральнай пастаноўки да актораў у шкляныя дзверы грукаюцца міліцыянты ў бронекамізэльках і касках. Але самая смешная сцэнка з рэчаіснасці адбываецца ў парку Горкага, дзе нігерыйцы ў гонар незалежнасці сваёй краіны з моцным акцэнтам спяваюць песняроўскую «Алесю», пакуль вакол пустой сцэны самотна ездзіць дзіцячы паравозік. Больш трапнай і едкай метафары сучаснай Беларусі нацкінастудыя сабе яшчэ не дазваляла.
Усё гэта дае «Гэта я, Мінск» імунітэт ад старасці і забыцця. Нават калі фільм паўторыць лёс савецкіх «палічных» стужак і праляжыць забытым яшчэ дзясяткі гадоў, беларусаў будучыні чакае стужка, якую яны, можа, і не чакалі пабачыць.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ:Беларускае кіно на фестывалі «Нефільтраваным кіно’24». Вайб эміграцыі