Памёр беларускі паэт, былы шматгадовы дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі Генадзь Пашкоў, піша «Наша Ніва». Яму было 77 гадоў.
Генадзь Пашкоў нарадзіўся 23 сакавіка 1948 года ў вёсцы Малыя Ліпавічы Чашніцкага раёна. Вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ.
Працаваў на Беларускім радыё, у часопісе «Полымя» (з 1972 года: загадчык рэдакцыі, адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара), у апараце ЦК КПБ, рэдагаваў часопісы «Тэатральная Беларусь» і «Цэнтральная газета».
З лютага 1996 па 2008 год быў дырэктарам выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, а ў 2008–2016 гадах — першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Творчасць Генадзя Пашкова пачалася ў 1967 годзе. Ён выдаў зборнікі паэзіі для дарослых «Кляновік», «Дыстанцыя небяспекі», «Зямлю слухаю»; «Журавінавы востраў» і іншыя, а таксама для дзяцей: «Дзяўчынка з блакітным мячыкам», «Пціч», «Зорнае поле» і іншыя. Таксама ён аўтар кніг нарысаў «Будзень як свята» і «Палескія вандроўнікі».
Акрамя таго, Пашкоў аўтар дакументальнага фільма «Я зямлю люблю так...»
За лірыка-дакументальную аповесць «Палескія вандроўнікі» Генадзь Пашкоў у 1998 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. У 2013 годзе яму было прысвоена званне Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.