Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) паведаміў, што 3 снежня адышоў на вечны спачын яго шматгадовы старшыня доктар Вітаўт Кіпель. Яму было 95 гадоў.
Доктар Вітаўт Кіпель кіраваў БІНіМам на працягу 40 гадоў. Быў вядомым грамадскім дзеячам, даследчыкам гісторыі эміграцыі, геолагам, бібліёграфам, аўтарам, сярод іншага, знакамітых «Беларусаў у ЗША», а разам з жонкай Зорай Кіпель адзінай на сёння «Бібліяграфіі беларускага друку на Захадзе». Таксама ён — ганаровы сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябра Вялікай рады «Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і інш.
Многія людзі ў Беларусі і за яе межамі знайшлі свой шлях да Беларушчыны ці зрабілі даследаванне Беларусі і яе культуры справай свайго жыцця дзякуючы грунтоўнаму даробку і заўсёднай падтрымцы парадамі і імпэтам ад спадара Вітаўта Кіпеля.
Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 траўня 1927 года ў Мінску ў сям'і педагогаў. У 1930 годзе бацька Вітаўта — Яўхім Кіпель — быў арыштаваны, абвінавачаны ў «нацыянал-дэмакратызме» і высланы ў Налінск Вяцкай вобласці. Чатырохгадовы Вітаўт з маці выехалі за ім у Налінск. Пасля вызвалення бацькі з ГУЛАГу сям’я вярнулася ў Мінск і эмігравала ў Германію.
У 1945–1948 гадах Вітаўт Кіпель вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Нямеччыне. Скончыў геалагічны факультэте Лювэнскага ўніверсытэта ў Бельгіі. У 1953 годзе атрымаў ступень магістра, а ў 1955 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па мінералогіі з суправаджальнай («меншай») тэзай з палеанталогіі. У тым жа годзе выехаў ў ЗША. У 1956 годзе ажаніўся са сваёй сяброўкай па па гімназіі і ўніверсітэце Зорай Савёнак.
У Нямеччыне прымаў актыўны ўдзел у беларускім скаўтынгу. Як адзін з кіраўнікоў і арганізатараў аб’яднання «Згуртаванне беларускіх скаўтаў на чужыне» наведваў дзясяткі лагероў для перамешчаных асобаў з беларускімі групамі і засноўваў там скаўцкія адзінкі.
Працаваў у навукова-вытворчых фірмах, у Балтымарскім універсітэце (штат Мэрыленд). У 1959-1985 — у Даследчым цэнтры навукі і тэхналогіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі (у т.л. на пасадзе выканаўчага дырэктара), сабраў калекцыю беларускіх выданняў. Пасля вучыўся ў Ратгерскім універсітэце (Нью-Джэрсі) па спецыяльнасці бібліятэказнаўства.
Вітаўт Кіпель актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцці ў ЗША. Быў сябрам многіх арганізацый і суполак.
Ён заснавальнік і дырэктар беларускіх фестываляў у Нью-Джэрсі (1976–1979). У 1972 г. у Вашынгтоне абраны намеснікам старшыні Нацыянальнай канфедэрацыі амерыканскіх этнічных груп. З 1982 г. узначальваў БІНІМ.
Аўтар шэрагу грунтоўных бібліяграфічных даведнікаў, а таксама дзясяткаў публікацый. У 1993 годзе выйшла яго першая манаграфія «Беларусы ў ЗША».
У 2015 годзе ў выдавецтве Змітра Коласа выйшла кніга ўспамінаў Вітаўта Кіпеля пад назвай «Жыць і дзеіць».
Інфармацыя пра час і месца развітання і пахавання будзе пазней.
Рэдакцыя budzma.org выказвае спачуванні родным і сябрам спачылага. Рай светлы яго душы!
Чытайце яшчэ:
«Заўсёды жыў Беларуссю і беларусікай». Даследчыца беларускай дыяспары Наталля Гардзіенка пра Вітаўта Кіпеля
Вітаўт Кіпель: “У савецкай сістэме я не выжыў бы”. Гутарка, запісаная ў 2017 годзе