У выдавецтве «Мяне Няма» выходзіць кніга для дзяцей і дарослых з назвай «Беспрацоўнае дрэва», якую напісала Света Бень, а праілюстравала Ліна Хессе. Ужо адкрыты папярэдні заказ праз сайт выдавецтва.
«Гэта нетыповае для нас выданне. У ім мала словаў і шмат карцінак. Мала старонак, але шмат сэнсаў і эмоцый... Усё пачыналася як спектакль для тых, каму 5+ і «добра выхаваных дарослых». Цяпер будзе кніга», — адзначаюць у выдавецтве.
Аўтаркі кнігі — музыка і акторка Света Бень і мастачка Ліна Хессе — расказваюць гісторыю Дрэва. Яно ўсё сваё расліннае жыццё адказна працавала дрэвам у парку, але з-за бздураў начальства мусіць яго пакінуць і выправіцца ў дарогу. Там будуць прыгоды — часам захапляльныя, часам небяспечныя. Там будуць пошукі працы, белага мядзведзя і ... сябе.
Музыка і акторка Света Бень і мастачка Ліна Хессе
Замовіць кнігу можна па спасылцы. Наклад з’явіцца ў канцы красавіка.