За амаль два гады існавання беларуская прастора CreateCulture Space у Вільні правяла больш за 600 самых розных імпрэз — ад выстаў і лекцый да запісу канцэртаў і сумесных праектаў міжнароднага ўзроўню. Цяпер прастора на мяжы закрыцця ці, як кажа яе сузаснавальніца Надзея Ількевіч, непазбежнага перафарматавання.
Надзея Ількевіч
У інтэрв’ю Budzma.org Надзея Ількевіч распавяла, у чым можа быць гэтае перафарматаванне, а таксама падзялілася планамі на будучыню. А планы Надзея мае сапраўды амбітныя — ад развіцця кінакам’юніці да стварэння беларускага варыянту KEXP-FM (культавая радыёстанцыя з Сіэтла) ды ўдзелу ў розных міжнародных праектах.
Прастору CreateCulture Space стварылі ў Вільні ў лістападзе 2022 года Надзея Ількевіч і Таццяна Штэйнбук.
Таццяна Штэйнбук пераехала з Мінска ў Вільню яшчэ ў 2019 годзе, яе абраннік — літоўскі грамадзянін з Вільні. Надзея Ількевіч да 2017 года жыла ў Беларусі, займалася культурніцкімі і ўрбаністычнымі праектамі, потым пераехала ў ЗША, пасля жыла і працавала ва Украіне і Чэхіі.
На сёння CreateCulture Space — адзіны беларускі хаб у сетцы European Creative Hubs Network.
Таццяна Штэйнбук і Надзея Ількевіч, фота з інстаграма CreateCulture Space
«Не люблю такое, канечне, пісаць, але сітуацыя такая сабе. Мы доўга знаходзіліся ў рэжыме „робім праекты і не бачым нічога“, не хацелі верыць у тое, што настане такая сітуацыя, дзе мы будзем казаць пра прыпыненне дзейнасці нашай культурнай пляцоўкі і арганізацыі. Але ёсць як ёсць,» — напісала напрыканцы верасня Надзея Ількевіч у Facebook.
У інтэрв’ю Budzma.org Надзея Ількевіч кажа, што «і на сёння сітуацыя такая сабе», але справа зрушылася.
— Мы чакаем адказаў, пакуль фінансавання, якое было два гады, няма. Наша пляцоўка апынулася ў вельмі крызісным становішчы. Мы б, канечне, хацелі развівацца і камерцыйна, каб не залежыць ад донараў, але трэба разумець, што наша аўдыторыя мае не занадта грошай, як многія беларусы, што вымушаны былі пакінуць краіну. Увогуле гэта, мабыць, комплексная праблема. Паглядзім, будзем штосьці прыдумляць. Вельмі не хацелася б зачыняцца. Кшталту два гады адпрацавалі і ўсё, дзякуй, да пабачэння.
— Вы маеце нейкую статыстыку сваіх спраў?
— Так. Вось менш, чым за два гады мы правялі больш за 600 мерапрыемстваў. Гэта прэзентацыі, выставы, сустрэчы, паказы, усё, што заўгодна і што тычыцца беларускай культуры, ды і не толькі. І працягваем пакуль, пустой наша прастора не бывае. Вось учора была сустрэча беларусаў — дзяліліся досведам паходаў па Еўропе. А сёння ў нас адкрыццё выставы ў памяшканні каворкінгу. Нядаўна вядомы фатограф Сяргей Міхаленка праводзіў свой семінар. Днямі запланаваная лекцыя навукоўца Сцяпана Захаркевіча па традыцыйнай культуры. Ад беларускамоўнага квізу да шахматных сустрэч, мерапрыемствы розныя.
— У вас жа яшчэ ўдала стартаваў праект «Перфаратар».
— Так, наш таксама. Мы пачалі яго рабіць у гэтым годзе як пляцоўку лайф-запісаў беларускіх музыкаў, даволі цікава атрымалася. Там у нас не толькі вядомыя ўжо зоркі Leibonik ці Света Бень, але і незалежныя эксперыментальныя музыкі. Гэтым летам у нас атрымалася зрабіць музычную лабараторыю, бо мы хочам больш развіваць прафесійныя кам’юніці, суполкі — музычныя, кіношныя, дызайнерскія, мастацкія. І мы вось такую першую спробу зрабілі — Perfaratar Music Lab, куды запрасілі музыкаў з Літвы і з Беларусі.
Ніякіх непаразуменняў у беларусаў з літоўцамі, дарэчы, не было. Вельмі класная супраца. У нас была дзяўчына з Літвы, якая не размаўляла па-расейску, таму ў нас уся праграма была на ангельскай мове. Мы рабілі не ў нас, мы паехалі ў літоўскую арганізацыю Inovatorių slėnis — «Даліна наватараў», і там музыкі правялі пяць дзён, яны жылі ў доме, дзе адразу была студыя. Яны прачыналіся і ішлі рэпетаваць, пісаць музыку. Атрымаліся дзесяць трэкаў, якія мы прэзентавалі на даху Музея энергетыкі і тэхнікі, куды прыйшло шмат літоўскіх гледачоў. Гэты было вельмі цікава. Яны прэзентавалі свае трэкі, яны былі на літоўскай, на беларускай і нават на крымска-татарскай — адна дзяўчына ў нас прадстаўляе крымскіх татар. Яна адтуль, яе бацькі былі перасяленцамі, іх выселілі, і зараз яна прасоўвае тут культуру караімаў. У нас ёсць запіс канцэрта, мы выклалі яго. А зараз запісалі яшчэ асобна на студыі літоўскую песню Tureja liepa, на якую нашыя музыкі зрабілі налажэнне беларускай, грузінскай і татарскай песні. У нас удзельніцай была Кецеван, таксама Юра Данскоў, два музыкі з Беларусі прыязджалі. Плануем таксама дарабіць гэтыя трэкі.
Таксама ў нас запісаныя, у мантажы ляжаць запісы Сержука Доўгушава, калі яны прыязджалі з «Касарамі», і песня «Сонца» гурта «Трава». Звяртаюцца музыкі да нас па ўдзел у «Перфаратары». Бо цяпер жа няма Belsat Music Live (2017-2020) і нават «Ноч з Чалым» таксама ўжо ўсё — закрылася. То бок больш рэальна няма пляцовак, дзе можна запісаць лайвы для музыкаў. А мне здаецца, што гэта вельмі важна. Мы таксама інтэрв’ю з імі запісвалі на «Перфаратар», але лайвы, безумоўна, больш глядзяцца.
— То бок фармат жывых выступаў сумяшчаецца з нейкімі студыйнымі працамі, інтэрв’ю...
— Гэта дакладана не падкаст і не відэападкаст. Гэта — лайв. Ёсць падобны праект сусветнай вядомасці — Colors, але ў іх іншы канцэпт. Яны сталі папулярныя, калі ў іх запісалася Білі Айліш. Ну, добра, пашукаем нашу Білі Айліш (усміхаецца). Я б хутчэй параўнала наш праект з KEXP, напрыклад. (KEXP-FM — культавая радыёстанцыя з Сіэтла, якая спецыялізавалася на індзі, фолку і альтэрнатыве, з 2005 года робіць запісы запрошаных гасцей нажыва і штодзённа размяшчае іх у YouTube — Budzma.org)
— Круты арыенцір, беларускі варыянт KEXP — амбітна і цікава.
— Так, мы натхняліся KEXP, яшчэ NPR Music Tiny Desk. Але мы б хацелі таксама развіцца, не проста капіяваць. Як бачым, развіццё гэтага праекта на сёння: можам запісваць не адзін трэк, а, напрыклад, тры або чатыры, або цэлы сэт. Але для гэтага патрэбныя інвестыцыі ў абсталяванне. Бо цяпер мы запісваем толькі тое, што можам.
— А бізнес беларускі не цікавіцца беларускімі культурніцкімі праектамі?
— Вось для гэтага патрэбна зрабіць камерцыйную прапанову. Рукі не даходзяць яшчэ. Вельмі шмат цяпер задач, розных праектаў.
— Задач захавання ці развіцця?
— Усяго. У планах яшчэ і кінакам’юніці. У гэтым годзе я вельмі хачу зрабіць яшчэ адзін раз нашыя «Кінакаляды». Але гэта будзе last edition, хоць і ў добрым сэнсе. Бо я прайшла конкурс, каб стаць Vilnius city прадзюсарам глабальнага конкурсу 48 hour film challenge. Мне падалося, што гэта вельмі класна. Гэта франшыза, і там трэба было прайсці інтэрв’ю з самім заснавальнікам Маркам Рупертам, які прыдумаў гэта 40 гадоў таму. І я не магу праводзіць сваё, калі я падпішу франшызу, і мы з ім дамовіліся, што я раблю «Кінакаляды last edition» і там абвяшчаю, што ў наступным годзе мы будзем рыхтаваць 48 hour film challenge на Вільню, для ўсяго горада. У Варшаве гэта праходзіць ужо 13 год. Мы ўдзельнічалі, узялі прыз глядацкіх сімпатый. Там было каля 60-70 каманд. Яны чатыры дні запар рабілі паказы. А ў нас быў толькі адзін дзень паказу. «Кінакаляды last edition» пройдуць вось тут, у нашай прасторы. Мы чакаем адказу ад усіх. Калі не знойдзем фінансаванне, будзем імкнуцца сваімі сіламі, бо трэба завяршыць, не кідаць.
— Просьба пра дапамогу падзейнічала, нешта зрушылася?
— Так, на Buymeacoffe мы сабралі 1550 з нечым еўра. Гэта ўжо нешта можна зрабіць. Таксама людзі сталі замаўляць нашыя відэа, паслугамі прадакшна сталі карыстацца. Вось, напрыклад, «Хутка-смачна» будзе праводзіць у нас воркшоп, з якога ўсе грошы пойдуць на развіццё прасторы.
Вельмі класна. Людзі рэпосцяць, людзі дапамагаюць. Спадзяемся, што людзям гэта патрэбна.
— А колькі, калі не сакрэт, патрабуецца прасторы на месяц?
— Больш за 10 тысяч еўра, калі казаць пра каманду. Мы ж робім не толькі спэйс. Калі спэйс — то гэта, лічы, толькі арэнда. Але ў нас ёсць каманда — спэйс-менеджар, ёсць піяр, ёсць арт-менеджар. Нешта ламаецца ўвесь час. Мы робім яшчэ адукацыйныя праекты, анлайн-школы, рознага кшталту актыўнасці, відэавытворчасць, той жа «Перфаратар». Студыя штосьці зарабляе, але гэтага таксама не дастаткова.
Мы з’яўляемся часткай European Creative Hubs Network, адзіны беларускі хаб у сетцы. Амаль усё гэта — камерцыйныя ўстановы калі казаць пра краіны Заходняй Еўропы. Людзі плацяць грошы за івэнты, або прасторы зарабляюць з бара. Нашыя сябры з Рыгі Kaņepes Kultūras centrs, то ў іх, напрыклад, асноўны прыбытак з бара.
— Але вось нехта скажа: ды навошта падтрымліваць такія прасторы такімі грашыма, навошта ўвогуле ўкладацца ў беларускую культуру?
— Я ў культуры працую з 2011 года. У мастацкім музеі, у кіно, нават была арт-дырэктарам адной з пляцовак. Для мяне культура — гэта пачатак усяго, асабліва дэмакратычных працэсаў, бо ўсё пачынаецца з культуры. І калі паглядзець на краіны, дзе больш за ўсё развітая культура, то можна адразу паглядзець на тое, як у іх развіваецца і грамадзянская супольнасць. То бок калі ёсць разуменне сваёй культурнай ідэнтычнасці, ёсць жаданне пераасэнсоўваць, бо культура і мастацтва — гэта такі спосаб пераасэнсавання і разумення свету, таксама гэта спадчына... Калі ўсё гэта добра захавана, пераасэнсавана і людзі да гэтага ставяцца, то дэмакратычныя працэсы ўжо самі неяк дабудуюцца, бо культура гэта ж не толькі пра мастацтва, гэта і культура камунікацыі, культура арганізатараў, менеджараў, культура ва ўсім.
Пляцоўкі насамрэч — гэта такія месцы, дзе сутыкаюцца людзі, як атамы, і нараджаюць розныя ідэі.
Я памятаю, калі ў Беларусі адкрылася першая творчая прастора ME100, там былі нейкія перформансы, сустрэчы, дыскусіі, гэта такое месца, дзе гэтая культура жыве, нараджаецца і развіваецца. Ці ОК16 той жа... Усё гэта рабілі розныя такія пляцоўкі.
— Ці магчыма развіццё ці захаванне культуры ў выгнанні? Ці ёсць падзел на тых, хто ў культуры ў Беларусі і па-за?
— Мне здаецца, гэта залежыць ад персоны, яе адукацыі і свядомасці. Я з’ехала ў 2017 годзе ў ЗША. У мяне наадварот было: я з Беларусі, а вы не ведаеце, дзе гэта, — то зараз я вам пакажу. У нас культура ёсць. І ты пачынаеш больш распавядаць пра гэта. Другі шлях: я мімікрую, я амерыканка. Такое таксама можа быць. Але я займалася культурай, і мне вельмі хацелася паказваць ідэнтычнасць, культуру, чым мы адрозніваемся, чым мы падобныя, напрыклад, з украінцамі. Рабіць праекты на скрыжаванні. Вось мы зрабілі беларуска-ўкраінска-амерыканскі фолк-альянс з Сержуком Доўгушавым, запісалі альбом, прывозілі амерыканцаў у Беларусь. Кажам з гонарам: «Вось, гэта Пружанскі палацык». Яны такія: «Ваў!»
Мне здаецца, што можна развіваць культуру ў тым месцы, дзе ты знаходзішся. 2020 год паказаў, што дыяспары ёсць, што і сцягі ёсць амаль што ва ўсіх дома. Але мне здаецца, людзі ўнутры краіны і па-за межамі развіваюцца па-рознаму. Калі я жыла ў Беларусі, у мяне былі іншыя задачы, я хацела рабіць штосьці на месцы і не было мэты прасоўвання гэтага на іншыя культуры. А калі ты з’язджаеш, то хочацца не толькі захаваць сваю культуру, рабіць праекты, але і неяк прасоўваць, рабіць міжнародныя праекты.
Напрыклад, запрашаць літоўцаў, казаць, што мы можам жа разам спяваць, і нічога ад гэтага дрэннага не адбываецца. Мы можам спяваць літоўскія песні, а вы можаце беларускія. І гэта такое кроскультурнае.
Напрыклад, у Еўропе, калі ты хочаш падацца на праграму «Крэатыўная Еўропа», табе патрэбныя мінімум тры партнёры з іншых краін. Напрыклад, ты падаешся як Літва, і табе патрэбныя, напрыклад, італійцы, славакі і шведы. І вы разам павінны дамовіцца, распрацаваць нейкі кроскультурны праект, дапамагчы адно аднаму. Гэта ў іх ёсць разуменне агульнага культурнага асяроддзя.
Калі мы не зачынім CreateCulture Space, то ў нас ёсць інтэнцыя рабіць больш міжнародных праектаў. Проста калі ты ўпісваеш беларусаў у міжнародныя праекты, то гэта дае больш магчымасцяў развіццю, і беларусы таксама навучаюцца, як рабіць праекты на іншым узроўні. Можна паглядзець на іншы вопыт — станоўчы і адмоўны.
Для нашай арганізацыі гэта вельмі важная праца, чаму мы так і ўступаем у розныя сеткі, дзе мы не кажам, што мы беларускі няшчасны такі цэнтрык, а кажам, што можам з вамі зрабіць партнёрскі праект ці запрасіць правесці выставу, напрыклад... Але трэба больш разумець сістэму фінансавання, больш надаць гэтаму ўвагі.
— Вы набралі вагу ў культурным асяродку горада, як лічыце?
— Мне здаецца, што мы за два гады сталі пазнавальнай кропкай. Нядаўна рабілі музычны джэм, і людзі проста глядзелі ў акно, а потым праз гэта ж акно і зайшлі. Вось цікава пра літоўцаў. Мы запусцілі такую ініцыятыву Hidden jam sessions пра музычныя джэмы ў розных стылях. І першым у нас быў шаманскі стыль, і прыйшло вельмі шмат іранскіх музыкаў. І зараз рабілі рэгі. І адмыслова прыехаў наш удзельнік «Перфаратара» Ignas iš Ignalinos. Ён вядомы рэгі-музыка тут, нават быў на конкурсе Lithuania got talent. Ён распавёў, як рэгі рабіць. Потым далучыліся міжнародныя музыкі, і людзі нават вось пачалі заходзіць праз акно. Таксама людзі былі са Штатаў, з Беларусі, Ірана, Турцыі.
У нас вось амерыканец будзе ладзіць Open Mic на розных мовах, то бок на івэнт змогуць прыйсці прадстаўнікі розных культур і прачытаць вершы на сваіх мовах, каб людзі паспрабавалі зразумець, што гэта значыць, як гучыць мова.
— Вы дасягнулі пастаўленых мэтаў у лістападзе 2022 года? Я быў на адкрыцці і было бачна, што амбіцыі ў стваральніц прасторы сур’ёзныя.
— Мы сабе не ставілі планку па колькасці івэнтаў, гэта так само атрымалася. Але ў нас была мэта зрабіць такую кропку прыцягнення — базу для сваіх праектаў і для праектаў іншых. Вось мы гэта зрабілі. Зараз да нас звяртаюцца людзі, якія хочуць праводзіць свае культурныя івэнты. Калі мы пачыналі, складана было перавярнуць гэта на культурніцкі бок, бо прыходзілі людзі: нумералогія, астралогія, давайце семінар па продажы забамбім, фінансы. Мы адмаўляліся, у нас усё ж такі культура. І можна сказаць, што за два гады мы сталі культурніцкай пляцоўкай. Гэта не адразу склалася, прызнаюся. Таксама мы хацелі стаць бачнай арганізацыяй, каб на нас арыентаваліся, каб прадстаўляць Беларусь на міжнародных, еўрапейскіх узроўнях. Пакуль яшчэ, пэўна, тут праца яшчэ чакае.
— Калі закрыцця атрымаецца пазбегнуць, то што памяняеце?
— Будзе скарачацца штат, усё будзе на мне з Таццянай. Хутчэй за ўсё, спыніць працу бясплатны каворкінг, будзе накірунак і на камерцыйныя івэнты. То бок усё што заўгодна — аж да вяселляў і карпаратываў. Гэта прыватныя закрытыя мерапрыемствы, на гэта ёсць попыт, і людзі плацяць за гэта грошы.
Але ўвечары хацелася б, каб тут былі культурніцкія івэнты, каб было больш дыскусій. У нас у планах было адкрыццё Школы культурніцкіх менеджараў, бо ў нас ёсць пляцоўка. Можа, гэта яшчэ і будзе. Зрабіць такі курс — як рабіць свае культурніцкія праекты. Больш прадзюсаваць, рабіць больш дыскусій па культурніцкай тэме, запрашаць на іх мясцовых культурніцкіх дзеячаў, літоўцаў, з іншых краін, хто сюды прыязджае.
У цэлым сітуацыя з прасторай ужо лепш. Можна сказаць, што мы ўжо не на мяжы закрыцця, але мы — на мяжы перафарматавання. Як гэта будзе працаваць далей, мы зараз яшчэ не ведаем, у працэсе.
Можа, мы перафарматуемся ў International Cultural Centre, але гэта будзе больш для замежнікаў, ад беларусаў застанецца толькі тое, што заснавалі гэта беларусы. А беларускія івэнты там ужо будуць паміж іншымі. Ці, можа быць, мы дамовімся і адкрыем нейкую бутэрбродную, магчыма, з культурніцкім ухілам. Пабачым.
Але што хацела дадаць. Мне часам проста цікава, чаму беларусы часам так глядзяць на культуру, як на нешта дробнае, неістотнае... Я проста жыла ў Львове паўтара года, а там культура — асноўная рэч усяго. З культуры ўсё пачынаецца. Пасля іх рэвалюцыі быў культурніцкі росквіт: і культурнай спадчыны, і традыцыйных спеваў, і розных праектаў, і свайго YouTube, мовы, усяго іншага. А потым з гэтага пачынаецца свая самасвядомасць.
Калі ёсць культура, ёсць за што змагацца, усё — гэта маё, не аддам. Спадзяюся, наша культура таксама стане асноўнай рэччу ўсяго.
Падтрымаць беларускую прастору CreateCulture Space можна па спасылцы.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org