З вулічнымі канфліктамі хоць раз сутыкаўся кожны. Пра тое, як дзейнічаць у такой сітуацыі, а таксама як лепей да яе падрыхтавацца, мы размаўляем з прафесійным трэнерам, адмыслоўцам у баявых мастацтвах Уладзімірам Паветкіным у межах праекту "Маё права".
Уладзімір Паветкін
— Нападзенне на вуліцы можа здарыцца з кожным з нас. Пачнём з простага: што трэба ведаць пра такія сітуацыі?
— Па-першае, быць гатовым. Падрыхтоўка да такой сітуацыі без якіх-кольвек трэніровак бессэнсоўная. Агрэсар, як правіла, абірае таго, хто не зможа супраціўляцца: у падлеткавым асяродку гэта частка выстройвання натуральнай іерархіі. Псіхіка не вельмі адукаваных падлеткаў вельмі разняволеная, і з сямі гадоў яны шукаюць межы дазволенага. А калі пачынае "шкаліць" гарманальны фон, то падлетак-агрэсар не можа пралічыць уласныя дзеянні наперад. Дарэчы, гэта датычыцца і ахвяры, якая можа сваімі дзеяннямі (праз тыя самыя гармоны) толькі разахвоціць агрэсара.
Як чалавек, які ўжо трыццаць гадоў займаецца баявымі мастацтвамі, магу сказаць што трэніроўкі, нейкія класы самаабароны патрэбныя, каб умацавацца фізічна і псіхалагічна. Большасць людзей мысліць наступным чынам: такія вулічныя нападзенні здараюцца недзе там, з кімсьці. На жаль, гэта датычыцца ўсіх, бо агрэсія — частка прыроды чалавека. І здарыцца гэта можа дзе заўгодна, і ілюзіі наконт паліцыі і ўсеагульнага права — гэта толькі ілюзіі.
— То бок без сур'ёзнай падрыхтоўкі не абысціся ніяк...
— Ёсць вельмі шмат разнастайных метадаў падрыхтоўкі. Гульнявыя метады, калі нейкая сітуацыя мадэлюецца, і тады страх на вялікі працэнт сыходзіць, калі з'яўляецца досвед пражывання такой сітуацыі, хоць і не ўсур'ёз. Лепей перажыць сітуацыю на татамі, бо падман і самападман не дапамогуць. Не ўсе могуць займацца адзінаборствамі па здароўі, але можна ўмацаваць сябе праз экстрэмальныя паходы, напрыклад.
Падчас нападу чалавек выходзіць на ўзровень стрэсу, які даходзіць да крытычнага пункту, а далей у непадрыхтаванага чалавека здараецца ступар. У падрыхтаванага гэты пункт пераадольваецца, і стрэс дапамагае эфектыўна вырашыць сітуацыю.
Калі казаць пра кароткатэрміновыя курсы самаабароны, то ад іх шкоды болей, чым карысці: у экстрэмальнай сітуацыі чалавек мысліць не розумам, а досведам. То бок падрыхтоўка стварае ў галаве пэўныя "інтэгралы", а за тыдзень трэніровак іх не накопліваецца дастаткова.
— То бок карысці ад такіх курсаў няма?
— Калі ў курсаў мэта — пазбавіць ілюзій наконт самаабароны, а таксама даць алгарытм далейшых крокаў, то яны вельмі карысныя. На жаль, такіх курсаў вельмі мала, ды і людзі мараць пра "чароўныя таблеткі".
Попыт нараджае прапанову, часцяком у выглядзе прафанацыі. Людзі на такіх курсах не пазбаўляюцца ілюзій, а наадварот, набываюць новыя ілюзіі. І калі да такіх "курсаў" чалавек меў памылкі, але рацыянальна мог дапускаць магчымую памылковасць сваіх уяўленняў, то пасля давярае абяцанням арганізатараў курсаў. І часцяком гэта альбо памылковыя ўстаноўкі, або пераацэнка сваіх магчымасцяў. І калі без курсаў такі чалавек у крытычнай сітуацыі можа справіцца абапіраючыся на логіку, асабісты вопыт і інтуіцыю, то курсы часцяком даюць праграму дзеянняў, ніяк не звязаную з папярэднім вопытам, рэфлексамі і навыкамі. Што можа стаць праблемай у экстрэмальнай сітуацыі. Па аналогіі — курсы экстрэмальнага кіравання не заменяць шматгадовага досведу кіроўцы. Яны могуць пашырыць магчымасці кіроўцы, але калі няма элементарных навыкаў кіравання, тады курсы бескарысныя як мінімум.
— Можаце троху распавесці пра вашыя методыкі?
— У нашай школы ёсць спецыфіка: мы разглядаем у сваёй практыцы не толькі спартыўныя адзінаборствы і рэальны рукапашны бой, але і спосабы выжывання падчас катастроф, вулічных беспарадкаў, тэрактаў і г.д. Ёсць практычныя заняткі. Напрыклад, прарыў супраць руху натоўпу або выпаўзанне з-пад груды целаў. Такія практыкаванні даюць досвед і веданне, што, нягледзячы на складанасці, страх, раненне і іншае падобнае, усё ж можна справіцца з сітуацыяй. Страх — вынік няведання. Каб пазбегнуць панікі, неабходна мець алгарытм дзеянняў.
— Але давайце ўявім, што чалавек ўсё ж такі на курсы не пайшоў, бо не меў часу ці жадання, а ў сітуацыю трапіў. Што б вы параілі яму рабіць?
— Самае банальнае — не крычаць "Дапамажыце!": на дапамогу ніхто не кінецца, а то і акно закрые ад граху далей. Крычыце "Пажар!" ці "НЛА!". Па-першае, гэта выклікае шок у агрэсара: а раптам вы — хворы чалавек. Па-другое, на такое дзікунства абавязкова нехта адгукнецца: паздымаць пажар на тэлефон цяпер кожны хоча. А ваша задача — менавіта прыцягнуць увагу, і тады вам могуць дапамагчы.
Штампы паводзінаў з кніг і фільмаў тут таксама не дапамогуць: жыццё такое, што прадумаць яго загадзя немагчыма. Быў выпадак агрэсіі ў мой бок, калі я абараняў дзяўчыну. Але хто ж ведаў, што ў яе ў сумцы ляжаць клубкі для вязання? Сумка парвалася, я заблытаўся ў іх нагамі.
Галоўнае — супраціўляйцеся ўсімі сродкамі. Пра юрыдычныя наступствы падумаеце пасля. Лепей атрымаць умоўны тэрмін, чым быць скалечаным. І любы вырак суда можна абскардзіць. У Расіі быў выпадак, калі жанчына ўдарыла нападніка кішэнным ножыкам у сцягно, а ён памёр, яе абвінавачваюць. Ці ў Салігорску, калі на групу турыстаў напалі мясцовыя. Адзін з хлапцоў размахваў нажом, другі напароўся і памёр. Першы суд даў уладальніку нажа дзесяць гадоў, а наступны суд вызваліў.
— Можа, ёсць сэнс адразу паказаць, вербальна ці невербальна, што з табой лепей не звязвацца?
— Блеф магчымы, вядома, але ён павінен грунтавацца на нейкіх ведах. Маленькі промах можа выклікаць яшчэ большую агрэсію. Дарэчы, той жа прынцып дзейнічае падчас спробы "ціснуць на шкадаванне" або адмовы ад супраціву.
— А як тады ў вулічнай размове распазнаць набліжэнне канфлікту?
— Калі ідзе размова, то, магчыма, канфлікт і скончыцца словамі. З іншага боку, калі вас зневажаюць, пагражаюць вам, то, магчыма, апанент такім чынам "накручвае" сябе для наступнага фізічнага нападу. Такім чынам, вербальная агрэсія можа быць пачаткам фізічнай агрэсіі. Не заўсёды і не ўсе пераходзяць ад слоў да справы, але калі чалавек паводзіцца і размаўляе неадэкватна, груба або правакацыйна, то трэба насцярожыцца.
— Добра, а вось у самы момант нападу што параіце, каб не разгубіцца?
— Японцы ў бусідо ў момант страху раяць пачухаць мочку вуха — адцягнуць уласную ўвагу, гэта, як правіла, дапамагае. Ці даць самому сабе аплявуху. Гэта разбавіць дзеянне адрэналіну ў арганізме.
Таксама варта паспрабаваць уцякаць. Па-першае, ужо пасля следства будзе разумець, што вы ахвяра, бо спрабавалі ўцячы. Па-другое, вы спаліце адрэналін, які ў вялікіх колькасцях заганяе ў ступар, а ў малых робіцца вашым памагатым. Ведаеце, як кажуць: найгоршы праціўнік — лёгкаатлет: калі яму спатрэбіцца, ён ад вас уцячэ, а калі ён на вас нападае, вы не ўцечаце.
Гутарыў Юрась Ускоў
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!