Хто ў часы ВКЛ выконваў ролю Міністэрства замежных спраў, а міністра фінансаў? Чым займаўся маршалак? Якія існавалі сімвалічныя, але вельмі ганаровыя пасады? Паспрабуем разабрацца, як і калі з’явіліся вышэйшыя пасады ў ВКЛ і хто за што адказваў.
У Вялікім Княстве Літоўскім на чале дзяржавы быў вялікі князь — ён з’яўляўся гаспадаром у дзяржаве, і яго ўлада была неабмежаванай, рашэнні — бясспрэчнымі, а галоўнай функцыяй была абарона краіны. Вялікі князь мог абвяшчаць войны і дамовы па замірэнні ды іншыя дыпламатычныя пагадненні, раздаваць дзяржаўныя пасады і выдаваць законы, аказваць уплыў на рэлігійную палітыку ў дзяржаве.
З цягам чаму палітычныя стасункі, як унутры дзяржавы, так і знешнія, актыўна развіваліся. З гэтай прычыны ўзнікла патрэба ў стварэнні шэрагу вышэйшых пасадаў і некаторых органаў кіравання. Гэта адбылося падчас праўлення Вітаўта, на пачатку XV стагоддзя.
Кіраваў канцылярыяй, захоўваў дзяржаўную пячатку і быў намеснікам князя
Герб канцлера ВКЛ
За часамі князя Вітаўта ўжо з’явіліся найвышэйшыя пасады ў ВКЛ, адна з самых значных — канцлер. Ён кіраваў вялікакняскай канцылярыяй і захоўваў дзяржаўную пячатку княства, выконваў ролю міністра замежных спраў, а яшчэ канцлер — вышэйшая службовая асоба, што кіруе дзяржавай у час адсутнасці вялікага князя. Прымаў рашэнні ад імя князя, кіраваў дзяржаўным архівам, кантраляваў падрыхтоўку збораў законаў. Меў паўнамоцтвы старшыні ў асэсарскіх і надворным судах. Яму падпарадкоўваліся і дапамагалі выконваць службу пісар і дзяк Вялікага Княства Літоўскага.
Канцлер Леў Сапега, адзін з найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай
Камандаваў усімі войскамі, мог караць жаўнераў смерцю
Войскам кіраваў гетман — найвышэйшы камандуючы ўзброенымі сіламі ВКЛ. У часы ваеннага становішча князь надаваў гетману неабмежаваныя паўнамоцтвы ў дачыненні да любога прадстаўніка войска. За непадпарадкаванне ці іншую правіну гетман мог пакараць ваяра нават смерцю.
Гетман Канстанцін Астрожскі
Намеснікам быў гетман дворны, ён мусіў узначальваць частку войска, якая знаходзілася на межах дзяржавы. У мірныя часы паўнамоцтвы гетманаў былі абмежаваныя.
Кіраўнік фінансавай сістэмы і кіраўнік двара
Важная пасады была і ў падскарбія земскага — ён займаўся дзяржаўнымі фінансавымі справамі, падаткамі, кіраваў вялікакняскімі даходамі і захоўваў рэгаліі — шапка, скіпетр, меч і харугва. Можна параўнаць паўнамоцтвы падскарбія з сучасным міністрам фінансаў. У распараджэнні падскарбія земскага знаходзіліся зброя і амуніцыя, ён кіраваў дзяржаўным арсеналам.
Намеснікам падскарбія земскага быў падскарбій дворны, ён кіраваў дварцовым скарбам, сачыў за сродкамі, якія мусілі ісці на ўтрыманне князя і яго світы. Яшчэ ён сачыў за мытнымі сплатамі, справаздачамі ключнікаў, дзяржаўцаў і цівуноў.
Маршалак у ВКЛ прымаў замежных паслоў, кіраваў дваром вялікага князя, вялікакняскай гвардыяй і прыдворнай вартай, сачыў за этыкетам і правіламі пры княскім двары. Прызначаў дваран і быў старшынёй на Радзе ВКЛ, быў надзелены паўнамоцтвамі разглядаць злачынствы, якія ўчынілі пры двары.
Пасады больш сімвалічныя, але вельмі ганаровыя
Мечнік падчас урачыстасцей нёс перад Вялікім князем літоўскім аголены меч як сімвал княжацкай моцы і ўлады.
Чашнік наліваў напоі ў посуд, які падносіў падчашнік вялікаму князю. Пазней пасада стала вельмі ганаровай, і на яе прызначаліся толькі прадстаўнікі магнацкіх родаў. Намеснік чашніка мусіў пакаштаваць напой з кубка, які падаваўся вялікаму князю, каб гаспадар не атруціўся.
Чашнік
Стольнік адказваў за сервіроўку вялікакняжацкага стала. Яму падпарадкоўваўся подстольнік, які дапамагаў накрываць княжацкі стол.
Стольнік
Вялікі канюшы назіраў за вялікакняжацкімі табунамі і стайнямі.
Канюшы
Усе гэтыя чатыры пасады ніяк не ўплывалі на знешнюю ці ўнутраную палітыку дзяржавы, хутчэй яны былі створаныя для большага кафморту вялікага князя, іх можна назваць нават сімвалічнымі, але атрымаць такую пасаду было вялікім гонарам.
Пасада надавалася вялікім князем і звычайна замацоўвалася за чалавекам пажыццёва, пакінуць яе можна было толькі пры пераходзе на больш высокую дзяржаўную пасаду.
Алесь Масевіч, Budzma.org