Невядомыя пашкодзілі квадрацыкламі гарадзішча на Менцы

За 10 кіламетраў на захад ад Мінска, на беразе ракі Менкі размешчана старажытнае гарадзішча. Па здагадцы навукоўцаў, менавіта тут знаходзіўся далетапісны Менск. Некалькі дзён таму стала вядома, што гарадзішча пашкоджана невядомымі, піша pristalica.by.

Haradzišča na MiencyФота: Мінскага РВК

Пару дзён таму загадчыка аддзела Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэя Вайцяховіча шакавала навіна: па беразе нехта намотваў кругі, мяркуючы па слядах, ездзілі на квадрацыклах.

— Пра тое, што дадзеная мясцовасць адносіцца да гісторыка-культурнай, мне здаецца, ведаюць ужо ўсе. Тым больш, што на ўездзе ёсць таблічка, што праезд забаронены. Але, як мы зразумелі, гэтую агароджу проста аб’ехалі і далей пачалі весяліцца, — адзначае ён.

Haradzišča na Miency
Фота: Мінскага РВК

Паглядзеўшы на фота, відаць, што намотвалі кругі на квадрацклах далёка не адзін раз. Нават каля памятнага камня каталіся, які нагадвае, што гэта за месца.

— Мясцовасць тут узгорыстая. Можа таму і выбралі месца пакатацца... Па выніку гэтыя людзі прычынілі шкоду гісторыка-культурнай каштоўнасці. Вядома, вясной мы будзем выпраўляць знешні выгляд, рабіць усё прыгожа, але тым не менш хацелася б не мець такіх гасцей, — адзначыў Андрэй Вайцяховіч.

Пакуль невядома, хто дадумаўся з ветрыкам пракаціцца па тэрыторыі археалагічнага комплексу на рацэ Менка.

— Уся тэрыторыя комплексу адносіцца да гісторыка-культурнай каштоўнасці, нават валы і камяні. Тут дазволена толькі пешая прагулка, але ніяк не язда. Мы ў сваю чаргу расставім неабходныя інфармацыйныя таблічкі, каб наведвальнікі адразу былі азнаёмлены з некаторымі нюансамі наведвання комплексу, — адзначылі ў Мінскім райвыканкаме.

Haradzišča na Miency Фота: Мінскага РВК

Згодна з КаАП РБ, знішчэнне, пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, учыненае па неасцярожнасці, прыводзяць да накладання штрафу ў памеры ад 5 да 35 велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 20 да 100 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — да 500 базавых велічынь. Таксама адказнасць прадугледжана і артыкуламі 345 і 346 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.