Музейны комплекс плануецца стварыць на Менцы. Якім ён будзе, расказаў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза, піша БЕЛТА.
«Адна з найважнейшых задач па Менцы — музеефікацыя комплексу і стварэнне на яго базе гісторыка-культурнага запаведніка або археалагічнага музея пад адкрытым небам. Патэнцыял гэтага аб’екта вялізны, ён знаходзіцца недалёка ад Мінска і прыцягне вялікую колькасць турыстаў. У нас ёсць ідэя (і я б ужо казаў — задача) узнавіць жылыя і гаспадарчыя пабудовы, зрабіць міні-музей па прыкладзе «Бярэсьця» і археалагічнага музея ў Белавежскай пушчы. Пасля завяршэння раскопак драўляных канструкцый на Менцы і іх кансервацыі плануем іх вярнуць на першапачатковае месца, аднавіць вал і стварыць музей. Будзем дэманстраваць арыгінальныя прадметы, якія знойдзены падчас раскопак. А на самім гарадзішчы ўзнавіць уваходную групу — браму з вежай, драўлянымі пераходамі, абарончыя канструкцыі, каб усе бачылі, як тысячу гадоў таму выглядаў старажытны горад. На пляцоўцы ўнутры гарадзішча пабудаваць некалькі жылых і гаспадарчых хатак у такім выглядзе, як яны выглядалі ў X — пачатку XI стагоддзі, паказаць побыт старажытных людзей. Такія дамкі ў музейным комплексе могуць потым выкарыстоўвацца падчас сучасных фестываляў жывой археалогіі, свят, рыцарскіх турніраў», — сказаў Вадзім Лакіза.
Ужо створана рабочая група па падрыхтоўцы канцэпцыі музеефікацыі археалагічнага комплексу на Менцы, у якую ўключаны і спецыялісты музейнага профілю, і навукоўцы, і архітэктары, і праектныя інстытуты.
«Мы да пачатку верасня прадставім першапачатковае бачанне, як гэты комплекс мог бы выглядаць. А далей будзе прымацца рашэнне па яго будаўніцтве ўжо ў наступным годзе. Але гэта не значыць, што даследаванняў там больш не будзе. Навуковыя раскопкі на Менцы можна працягваць і працягваць. Адначасова праводзіць практыку студэнтаў, курсы павышэння кваліфікацыі для экскурсаводаў, запрашаць дзяцей удзельнічаць у даследаваннях», — адзначыў дырэктар інстытута.
Паводле яго слоў, сёлета даследаванні на Менцы будуць праводзіцца як мінімум да канца верасня. У наступным годзе будуць працягвацца фундаментальныя даследаванні, а таксама ў планах археалагічнае суправаджэнне работ па будаўніцтве музея.
«Калі мы гаворым пра аднаўленне брамы ў валах, значыць, будуць археалагічныя даследаванні ў тым месцы. Калі мы гаворым пра жылыя пабудовы, то на месцы запраектаваных дамоў таксама будуць праводзіцца археалагічныя даследаванні. Па законе археолагі і праекціроўшчыкі, будаўнікі павінны працаваць у звязку», — падкрэсліў Вадзім Лакіза.
Што да сучаснай тэрыторыі Нямігі, земляныя працы, а значыць і выратавальныя раскопкі, там у апошні час не праводзіліся.
«Між тым назапашана дастаткова вялікая колькасць матэрыялаў з папярэдніх даследаванняў, многія з якіх ужо апублікаваны, як, напрыклад, з тэрыторыі Мінскага замчышча. Сёння нашы спецыялісты ўключаны ў рабочую групу па падрыхтоўцы макета Мінскага замчышча, ідзе сумесная работа з горадам, Міністэрствам культуры. Пайшлі такім шляхам, каб паказаць турыстам і жыхарам Мінска, як выглядала Мінскае замчышча ў пэўны перыяд часу. Ад вялікага праекта па музеефікацыі гэтай тэрыторыі на дадзеным этапе адмовіліся. Там шмат камунікацый, і патрабуецца значнае фінансаванне. Тым больш распачата праца па стварэнні і будучым будаўніцтве новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея. Там будуць абазначаны ўсе моманты, звязаныя з вынікамі даследаванняў археолагаў — і старажытны горад на Менцы, і старажытны горад на Свіслачы. Усё гэта будзе паказана людзям», — звярнуў увагу дырэктар інстытута.
Глядзіце яшчэ: