Першым выпускам паштовых марак у Беларусі лічыцца выпуск асобнага атраду БНР. Сама гісторыя гэтых марак даволі цікавая. Храналагічна гэта выглядала прыкладна так.
1920 год
19 студзеня
Кастусь Езавітаў просіць міністра фінансаў Латвіі дазволіць друкаванне марак Асобнага атрада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у дзяржаўнай друкарні Латвіі.
28 студзеня
Булак-Балаховіч захоплівае генерала Юдзеніча і патрабуе ад яго выкуп у 100 000 фунтаў стэрлінгаў, пагражаючы выдаць генерала бальшавікам. Юдзеніча эстонцы вызваляюць, а Булак-Балаховіч уцякае.
29 студзеня
Езавітаў рапартуе міністру фінансаў БНР, што сітуацыя з грашыма катастрафічная, і калі іх не знайсці, то давядзецца ўсю працу спыніць, а аказанне дапамогі Асобнаму атраду БНР спыніць таксама. Чым народны міністр мог дапамагчы Езавітаву, незразумела, бо ў Міністэрства фінансаў БНР грошай не было і быць не магло, бо парламент і ўрад БНР існавалі, але самой БНР не было, а значыць, не было і грамадзян БНР, якія папаўнялі б казну, плацячы падаткі.
30 студзеня
Выдаецца даверанасць (на беларускай мове!) Міхаілу Ляховічу на вядзенне перамоваў з прадаўцамі марак аб рэалізацыі выпуску. Неабходна атрымаць заказы і, што важней, задаткі, бо за друкаванне марак трэба плаціць, а плаціць няма чым.
3 лютага
Падпісваецца акт, згодна з якім, нейкія паўнамоцныя дэлегаты Асобнага атрада БНР, у пошуках сродкаў на патрэбы атрада спыняюць выбар на выпуску паштовых марак. Гэты акт з’яўляецца пустой фармальнасцю, бо ўзор маркі ўжо існуе, Езавітаў ужо даслаў ліст міністру фінансаў Латвіі і выдаў даверанасць М. Ляховічу на вядзенне перамоваў з марачнымі гандлярамі. Хутчэй за ўсё акт быў складзены задняй датай на патрабаванне ўсё тых жа гандляроў.
Цягам лютага і сакавіка 1920 года ліставанне працягваецца, а ў Латвіі адкрываецца паштовая кантора, якая займаецца продажам і адпраўкай на тэрыторыі Латвіі марак з надпісам “Асобны атрад БНР”. Ёсць сведчанне, што паштовая кантора ў Марыенбургу мела афіцыйны дазвол клеіць на канверты маркі Асобнага атрада. Дазвол быў падпісаны 28 сакавіка 1920 года, а спыніла сваё існаванне гэтая кантора 18 красавіка, праіснаваўшы 21 дзень.
Канверты з маркамі паштовага атрада сустракаюцца ў Беларусі вельмі рэдка, як і штэмпеляваныя маркі. Большасць паштовых марак гасілася адным штэмпелем. Гэта дае падставы думаць, што гасілі іх спецыяльна для філатэлістаў, каб потым прадаваць па ўсім свеце.
Каля 13 гадоў таму падчас працы ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь мне ўдалося знайсці цікавую працу амерыканца Богдана Павука, які падрабязна апісвае выпуск марак паштовага атрада.
Аднак гісторыя з гэтымі маркамі мела працяг.
Часопіс “Філатэлія” расказвае пра тое, што замежны філатэліст і даследчык Гай Пікарда знайшоў выпуск гэтых марак, датаваны 1939 годам. Першыя падробкі, піша аўтар, мала чым адрозніваліся ад сапраўдных, і існуе падазрэнне, што яны зробленыя з таго самага клішэ, што і арыгіналы.
Асобныя выпускі падробак рабіліся і пазней. У 1948 і 1960-я гады прадстаўнікі рады БНР зрабілі некалькі варыянтаў падробак першых марак Беларусі. Яны былі вельмі нізкай якасці, і іх адрозненні ад сапраўдных вельмі відавочныя. На сённяшні дзень падробкі з’яўляюцца на філатэлістычным рынку ледзь не кожны дзень і нават вялікімі партыямі. Такую партыю падробак заўважыў баранавіцкі журналіст і даследчык Руслан Равяка: “У мяне адпала ўсялякае жаданне набываць для сваёй калекцыі гэтыя маркі”.
На сённяшні дзень кошт серыі з 5 марак “Асобнага атрада” не такі вялікі — вагаецца ад 5 да 10 даляраў за чыстую серыю і ад 10 да 20 даляраў за штэмпеляваную. Кошт канверта з гэтымі маркамі — 1000 і болей даляраў.
Апроч іх існуе яшчэ некалькі паштовых марак выпуску 1920—1921 гг. з выявай Аратага, Пагоні і Скарыны. Аднак хто іх выпускаў і для чаго, пакуль невядома.
Андрэй Мялешка