Выйшлі ў абарот паштовыя маркі на тэму «Зорнае неба вачамі беларусаў» з серыі «Астраномія»

Выйшлі ў абарачэнне паштовыя маркі на тэму «Зорнае неба вачамі беларусаў» з серыі «Астраномія». Паведамленне аб гэтым з’явілася на старонцы Facebook мінскага Планетарыя. 


Праект падрыхтаваны «Белпоштай» у супрацоўніцтве з мінскім Планетарыем. Тыраж марак па 40 тысяч.

marks.jpg

Крыніца: belpost.by

Старажытныя славяне назіралі за астранамічнымі аб’ектамі для арыентацыі ў прасторы і часе. Са з’яўленнем нябесных свяціл звязвалі змены пор года і часу сутак. Усе яны мелі ўласныя назвы, якія адрозніваюцца ад звыклых нам сёння.

На марках найбольш заўважныя і пазнавальныя аб’екты зорнага неба, якія ў народнай традыцыі мелі некалькі варыянтаў назваў. Для выяў на марках абраны найбольш распаўсюджаныя.

каза.jpg

Крыніца: belpost.by

Капэла — самая яркая зорка ў сузор’і Вознік. У Беларусі зорку Капэла называлі Казой. Каза — зорка, якая першая з’яўляецца на небе на Каляды. З яе з’яўленнем садзяцца есці куццю.

У сузор’і Цяльца размешчана зорнае скопішча Плеяды — у беларускай традыцыі Стажар’е (уяўлялася як сукупнасць жэрдак для асновы стога).

стажар'е.jpg

Крыніца: belpost.by

У сузор’і Арыён нашы продкі вылучалі тры цэнтральныя зоркі. Гэта так званы Пояс Арыёна, адна з беларускіх назваў якога — Тры Касцы.

Сузор’е Вялікая Мядзведзіца ў Беларусі называлі Возам, а Млечны шлях (на канверце «Першы дзень») уяўляўся нашым продкам суцэльнай белай паласой уздоўж неба, ніба дарога для птушак, па якой яны ляцелі ў вырай, г. зн. Птушыны Шлях.