Паштоўкі прысвяцілі беларускаму супраціву

14.01.2014 У краіне

У Горадні з’явіўся набор паштовак, прысвечаны ваярам, якія змагаліся падчас Другой сусветнай вайны не на баку бальшавікоў, але былі беларусамі.

Адзін з ініцыятараў выпуску, гарадзенец Алесь Кіркевіч называе гэты набор памяццю беларускаму жаўнеру.

– Мы ўпэўненыя, што ў час Другой сусветнай вайны на Беларусі адбывалася грамадзянская вайна. І толькі адзін бок гэтага канфлікту цяпер ушаноўваецца. Ветэраны атрымліваюць павышаныя пенсіі, іх ходзяць віншаваць БРСМаўцы, пра іх пішуць кнігі. Другі бок занядбаны: гэтыя людзі як цярпелі пасля вайны, адседжваючы тэрмін у Кінгіры, Магадане, Варкуце, так і застаюцца ў забыцці. І нашая мэта – хоць сціпла выправіць гэтую несправядлівасць. Паштоўкі былі выпушчаныя ў рамках бестэрміновай кампаніі “Нашы ветэраны”, прысвечанай людзям, якія ўдзельнічалі ў антысавецкіх арганізацыях падчас і пасля вайны. Менавіта ў беларускіх антысавецкіх арганізацыях. І адзін з такіх крокаў – выданне набору з пяці раней невядомых фатаздымкаў удзельнікаў БКА, беларускай паліцыі, самааховы, СБМ, прозвішчы якіх да сённяшняга часу невядомыя.

Паштоўкі былі выдадзеныя з лагатыпам гарадзенскага “Маладога Фронту”, але ў іх выпуску і падрыхтоўцы ўдзельнічалі людзі, якія не маюць дачынення да палітычных партый і арганізацый.

Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі

Тэгі: