Партыйнае кіраўніцтва аказалася адсунутым на другі план — як у свядомасці людзей, так і ў рэальнасці. Перад пачаткам Другой сусветнай вайны кіраўніцтву СССР, і перш за ўсё Сталіну, гэта здалося немэтазгодным і ў пэўным сэнсе нават небяспечным. Каб вярнуць давер людзей, 17 лістапада 1938 года ЦК ВКП(б) і СНК СССР прынялі пастанову «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства». У пастанове праведзеная спецслужбамі праца (якую сёння называюць Вялікі тэрор) была ў цэлым ухваленая, але быў прапанаваны шэраг яе паляпшэнняў у будучыні.
Рэпрэсіі да тых, хто рэпрэсаваў
У развіццё пастановы Камуністычнай партыі НКУС СССР выдаў загад №00762 ад 26.11.1938 года, які абавязваў правесці расследаванні ўсіх выпадкаў парушэнняў «рэвалюцыйнай законнасці» і з гэтага дня прыпыніць расстрэлы. У Беларусі расследаваннем парушэнняў пачаў займацца аддзел арганізацыйна-партыйнай работы (ААПР) ЦК КП(б)Б (загадчык Прохараў). Сюды паступалі матэрыялы з партыйных арганізацый, заявы грамадзян, азнаёміўшыся з якімі кіраўнікі ААПР выклікалі «для размовы» начальнікаў аддзелаў НКУС.
Аналагічнай працай па расследаванні злачынстваў раённых аддзелаў НКУС займаліся ААПР абкамаў. Праверкай займаліся таксама пракуратуры абласцей з прыцягненнем пракурораў раёнаў. Вынікі праверкі ўзгадняліся з сакратаром райкама КП(б)Б. Пачаліся рэпрэсіі ў дачыненні да тых, хто рэпрэсаваў. Вось толькі некаторыя прыклады таго, што высветлілі новыя следчыя пра Вялікі тэрор. Пра тое, як здабываліся прызнальныя паказанні, можна даведацца з матэрыялаў Нацыянальнага Архіва Беларусі і матэрыялаў следчых спраў, якія захоўваюцца ў архівах КДБ Беларусі.
Хадайніцтва аб прыцягненні да судовай адказнасці было ўзбуджанае супраць начальніка Аршанскага гарадскога аддзела НКУС Шчурава, які расстраляў 14 чалавек ужо пасля загаду аб прыпыненні расстрэлаў, аформіўшы прысуд пра выкананне мінулымі датамі. Працуючы начальнікам 3-га аддзялення Магілёўскага УНКУС, ён стварыў у камерах, дзе знаходзіліся арыштаваныя, агентуру з крымінальнікаў.
Апошнія здзекаваліся з вязняў, змушаючы іх даваць прызнальныя паказанні. Крымінальнікамі ў камерах былі забітыя 8 чалавек. Пад прымусам адзін з вязняў напісаў, што ў Шклоўскім раёне, дзе ён жыў, 18 чалавек з’яўляюцца ворагамі. Іх адразу арыштавалі і пасадзілі ў гэтую ж камеру. Пасля збіцця ўсе далі прызнальныя паказанні, хаця, як было ўстаноўлена, былі невінаватымі.
Быў арыштаваны начальнік Чэрыкаўскага РА НКУС В. Балалаў. Апошні арыштаваў старшыню Сенненскага райвыканкама Я. Падалякіна як удзельніка «арганізацыі правых», прымушаў яго падпісаць пратакол з прызнаннем. Старшыня супраціўляўся 9 дзён, на працягу якіх яго збівалі жалезным шомпалам ад вінтоўкі, 4 дні не давалі ежы. Але ён застаўся жывы.
Дапытаны ў ЦК КП(б)Б Падалякін паказаў: «Калі я адмовіўся пацвердзіць «свае» раней дадзеныя паказанні, Балакін пачаў мяне збіваць, акрамя гэтага, узяў за чэлес, заклаў у дзверы і пачаў прыціскаць, пры гэтым пытаўся: «Будзеш падпісваць пратакол ці не? А калі не падпішаш, то зацісну зусім твой чэлес, а цябе выкіну ў скрыню для смецця».
Пра метады вядзення следства ў Мінску расказана ў лісце асуджанага рэдактара газеты «Звязда» Н. Сцерніна, які ён даслаў на імя першага сакратара ЦК КП(б)Б Пятра Панамарэнкі 29 ліпеня 1939 года (з лютага 1939 года вязням дазволілі пісаць скаргі кіруючым работнікам НКУС і КП(б)Б). Невядома, ці патрапіў тады гэты ліст да адрасата, аднак 7 мая 1960 года пры «прывядзенні ў парадак матэрыялаў асобага сектара ЦК КП(б) за 1930–1941 гады», ён быў знойдзены і перададзены першаму сакратару ЦК КПБ К. Мазураву. На справе, у якой захоўваецца ліст, стаіць адзнака «ў чытальную залу не выдаецца».
З ліста вынікае, што ва ўсіх, выпушчаных з турмы НКУС, бралася падпіска-абавязацельства «нікому нідзе не казаць пра тое, што стала вядома за час знаходжання ў турме аб працы следчых органаў НКУС». Разгалошванне гэтых звестак каралася як разгалошванне дзяржаўнай таямніцы.
Катаванні як сістэма
Сцернін быў абвінавачаны ў шкодніцтве «ў галіне народнай адукацыі» і аднесены да «нацыянал-фашысцкай часткі антысавецкага падполля». Следчыя патрабавалі, каб ён прызнаўся ў тым, што быў кіраўніком «новага цэнтра», быў завербаваны Гікалам і даў паказанні супраць 200 чальцоў цэнтра. Следчыя казалі арыштаванаму: «Ты не бойся. Ты ніколі ў жыцці з імі не сустрэнешся. Напішаш — змесцім у добрую камеру, дамо прадуктовы паек, кнігі чытаць, а праз год-два вызвалім. Не будзеш пісаць — згнаім у склепе, пераламаўшы косткі, скуру спусцім, пакалечым органы, арыштуем тваю сям’ю, а цябе расстраляем як нераскаянага ворага. Ты — у нашых руках. Перад тым, як расстраляць, мы знойдзем сродкі прымусіць цябе напісаць усё, што нам трэба». Пасля такіх катаванняў «10 гадоў турмы прадстаўляліся як шчасце».
Зняволеных аблівалі вадой і ставілі на скразнякі і холад, ужывалі «канвеер» — на працягу некалькіх сутак (Сцернін стаяў чацвёра (!) сутак) «падследны стаіць у салдацкай стойцы са сціснутымі нагамі, ссунутымі шкарпэткамі і апушчанымі ўздоўж корпуса рукамі. Яму не даюць у гэты час рухацца з месца, не даюць ні ежы, ні вады». У гэты час следчыя, змяняючы адзін аднаго, вядуць допыт. На «канвееры» ў людзей апухалі рукі і ногі, яны не маглі хадзіць, з-за адсутнасці сну наступалі галюцынацыі.
Следчыя выкарыстоўвалі прыём «мазгі ў столь» — на шыю арыштаванага накідваўся рэмень, і моцным ударам выклікалася страсенне мозгу. У вязня пачыналіся самыя моцныя галаўныя болі, галава «гарэла», людзі вар’яцелі. Следчыя білі абцасамі па нагах (прыём «вальса») зняволеных, якіх трымалі нагамі, загнутымі да галавы, улівалі праз нос ваду. «Гэта — невыносная пакута, бо здаецца, што вада пранікае ў самы мозг. Задыхаешся, захлёбваешся — здаецца, што паміраеш». Часам замест вады ўлівалі нашатырны спірт.
Арыштаваных прымушалі гадзінамі ляжаць на вострым рабры табурэткі да падлогі галавой і нагамі, рвалі валасы і калолі ў гэтыя месцы шпількамі. Збівалі брыгадамі — «гулялі ў футбол». Жанчын, якія трапілі ў турму, таксама білі і, як мяркуе Сцернін, гвалтавалі.
Для правядзення масавых арыштаў былі ўсталяваныя «ліміты» — колькі чалавек трэба арыштаваць за кампанію. Для Гомеля «ліміт» быў усталяваны спачатку ў 500, затым у 1000, а потым у 2000 чалавек. Сакалоў (намеснік наркама УС БССР) на аператыўнай нарадзе так інструктаваў работнікаў НКУС: «Вы павінны раўняцца па стаханаўцах на вытворчасці і не толькі выконваць нормы па выкрыцці аднаго чалавека на суткі, але даваць больш, каб не дарма атрымліваць дзяржаўныя грошы». У Мінску нормы «выкрыцця» былі ад 1 да 3 арыштаваных у суткі, у Гомелі — ад 1 да 2.
«Я біў і ўжываў усякага роду здзекі: біў іх рукамі, садзіў на крэсла, затым даставаў з-пад іх крэсла, і яны падалі на падлогу, клаў іх на падлогу, згінаў удвая і ставіў зверху крэсла, сядаў на яго і сядзеў да таго часу, пакуль гэтыя асобы не пачыналі даваць паказанні; пляваў у твар і г.д. Праўда, частку арыштаваных — палову — я не біў, таму што яны значна лёгка пачыналі даваць паказанні і без гэтага», — пісаў у заяве з просьбай аб памілаванні ў лістападзе 1938 года арыштаваны следчы Быхоўскі.
У Гомелі для выкрыцця «контррэвалюцыянераў і шпіёнаў» у студзені ў сутарэннях НКУС былі абсталяваныя 3 камеры-«апарні». У вузкія памяшканні (два ложкі не змяшчаліся) камер-адзіночак са скошанай столлю (столі з аднаго боку былі 2 метры, з другога 1,5 метра), без вокнаў і вентыляцыі, з цэментнымі падлогамі заганялі да 20 і больш чалавек. Столькі, колькі маглі ўціснуць. Камеры абаграваліся печчу, якая знаходзілася за сцяной камер, у іх круглыя суткі гарэла святло. Людзей трымалі суткамі — яны стаялі да таго часу, пакуль не давалі прызнальных паказанняў. У прыбіральню выводзілі толькі па раскладзе.
Ад спёкі, смуроду людзі гублялі прытомнасць, у іх апухалі ногі, на целе з’яўляліся пухіры. Ля дзвярэй, дзе было больш паветра, ставілі камерных агентаў-крымінальнікаў, прысуджаных да расстрэлу, якія збівалі зняволеных. Тых, хто страціў прытомнасць, выцягвалі, адлівалі вадой з шланга і зноў запіхвалі ў камеру. Наяўнасць свядомасці канстатаваў лекар. Больш за 20 дзён «апарню» не вытрымліваў ніхто. Да асаблiва непакорлівых ужывалі яшчэ адзін захад уздзеяння — «ледавік».
Арыштаванага адразу пасля «апарні» змяшчалі ў карцэр у склепе з цэментавай падлогай, дзе ўзімку і ўлетку была нізкая тэмпература — каля +10С. У «апарні» пабывала 500–800 чалавек з агульнай масы разгледжаных спраў на 800–900 чалавек. «Ледавік» пасля «апарні» не вытрымаў ніхто.
У мінскай турме — «амерыканцы» — быў арганізаваны адмысловы рэжымны корпус, куды накіроўваліся ўжо асуджаныя на смерць, але якія, на думку следчых, не далі цалкам праўдзівых паказанняў. Асуджаныя дапытваліся зноў, але ўжо ў якасці сведак, да іх ужываліся асабліва жорсткія катаванні. Калі дапытаны даваў новыя «паказанні», становішча яго палягчалі, давалі цыгарэты, ежу. У «адмысловым корпусе» было пакінута 270 чалавек, толькі 88 з іх «далі паказанні» аж на 3489 грамадзян.
Людзі не вытрымлівалі катаванняў, гублялі розум або рабілі спробы самагубстваў. У пачатку 1938 года арыштаваны працаўнік «Водаканала» Асіповіч кінуўся ў турэмнай лазні ў кацёл з кіпнем.