Усе беларусы — здраднікі?

28.07.2026
З таварышам мы часам абмяркоўваем лёсы агульных знаёмых, якія змянілі палітычную арыентацыю на 180 градусаў і засталіся па той бок. Не проста засталіся, а «сталіся»: дэпутатамі, тэлеэкспертамі, дырэктарамі, загадчыкамі і так далей. Нехта быў у «Правым Альянсе», нехта ў «Маладым фронце», нехта драў глотку за балцкія гены беларусаў... Усе скончылі аднолькава: носяць кветкі да Леніна 7 лістапада.

Alieś Kirkievič
Алесь Кіркевіч

Цікавая штука: што ж такое чалавеку трэба прапанаваць, каб цалкам змяніць яго «прашыўку» ды ўяўленні пра свет? У які момант гэта адбылося: у 2010-м ці ў 2014-м? Ці папярэднічала гэтаму «размова па душах», пагрозы? Доўгая распрацоўка? А можа — расчараванне?..

Лаўлю сябе на думцы, што зараз — у 2026 годзе — адказы на ўсе гэтыя пытанні абсалютна не цікавыя. Без розніцы. Як і адказ на пытанне, чаму мільёны іншых беларусаў прынялі новую рэальнасць пасля 2020-га. Цікавыя толькі выключэнні. Тыя, хто не пагадзіўся, не падпісаў, не прыняў. Адхіленні ад нормы.

Героі не выжываюць

Калісьці, у камеры СІЗА, мы сядзелі з падпалкоўнікам, які пасля чарговай размовы пра стукачоў і здраднікаў выдаў фразу: «Чалавек не абавязаны быць моцным». Мяне гэта зачапіла: ну як? А так. Любое геройства для чалавека — ненатуральнае.

Чалавек — біялагічная адзінка. Натуральна для яго выжываць любой цаной. А калі геройства... ну, хіба для дзяцей. Усё, што не для сябе і не для дзяцей, што не ўпісваецца ў біялагічны канон, не тыповае. Героі не выжываюць. Таму, уласна, няма «геройскіх народаў». Ёсць толькі «героі-адзінкі».

Менавіта з такой оптыкай трэба глядзець на грамадства і гісторыю. Як казала Марыяна Біртлер, былая дысідэнтка і захавальніца архіваў Штазі, у ГДР супрацоўнічалі — 99% насельніцтва. Калі не са спецслужбамі наўпрост, то з партыяй і яе падструктурамі. З сістэмай. Чалавек — істота сістэмная, як інакш? Канфармізм — той яблык, які чалавек штодня зрывае з райскага дрэва.

Гісторыі тых, хто супрацоўнічаў, пошук іхных матываў — гэта банальна. Небанальна — вывучаць гісторыі тых, хто ўцякаў праз Берлінскі мур, не выдаваў сяброў у засценках, перахоўваў падпольную літаратуру... Вось там — ёсць аб чым падумаць. Сам факт непадпарадкавання робіць чалавека індывідуальнасцю. Хочацца спытаць не толькі «Чаму?», але і — «Як яго завуць?».

Berlin-Memorial_to_the_Victims_of_the_Wall-1982.jpgМемарыял ахвярам Берлінскага мура, якія загінулі пры спробе трапіць з Усходняга Берліна ў Заходні. Фота 1982 г. Крыніца: Вікіпедыя

Вялікае люстэрка ў Музеі Супраціву

Дапускаю, што пасля 2020-га і асабліва пасля 2022-га пэўная колькасць чытачоў гэтага тэкста сутыкнулася з фрустрацыяй: дзе ўсе гэтыя людзі, якія выходзілі са сцягамі, патрабавалі, крычалі? Кагосьці асудзілі. Хтосьці — з’ехаў. А дзе астатнія, астатніх жа большасць?!..

Пайшлі на працу. Пасля працы — у краму. І дамоў. Глядзець кіно на ютубе ці гушкаць дзетак. Гэта акурат не дзіўна. Дзіўна, каб было інакш.

Цікавы не Рома Пратасевіч, які ўсіх здаў. Цікавыя: Алесь Пушкін, Мікола Статкевіч, Зміцер Дашкевіч. Цікава — нетыповае. Таму акурат іх партрэты будуць упрыгожваць Музей Супраціву ў Менску. Іх біяграфіі будуць чытаць: бо там будзе, што чытаць.


Мікола Статкевіч — на беларускай мяжы 11 верасня 2025 г. Чырвонай лініяй пазначаная мяжа Літвы, да якой палітык не даехаў, застаўшыся на радзіме. Скрын з камеры відэаназірання

А вось на ўваходзе ў зал, прысвечаны калабарацыі, павінна вісець — вялікае люстэрка. Так — люстэрка. Ніякіх партрэтаў здраднікаў, чальцоў выбарчых камісіяў, сакратароў «Белай Русі» і КПБ, толькі — люстэрка. Перад тым, як асуджаць — трэба ўважліва ў яго ўгледзецца.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org