Паўстанне, якое не адбылося

Усе ведаюць пра паўстанне 1863 года. А вось гісторыя пра тое, як у 1877 годзе на землях Польшчы, Беларусі і Літвы год планаваўся новы выступ, шырока амаль невядомая, піша «Новы Час».

Stambul, 1876 hod
Ілюстрацыйная выява. Стамбул, 1876 год

400 смяротных прысудаў найбольш актыўным удзельнікам паўстання. Канфіскацыя 3454 шляхецкіх маёнткаў, уладальнікі якіх удзельнічалі ў мяцяжы. Кантрыбуцыя на агульную суму 34 мільёны рублёў. Высылка ў аддаленыя раёны імперыі звыш 38 тысяч паўстанцаў і тых, хто ім спачуваў. Гэта далёка не поўны спіс рэпрэсій, што абрынуліся на жыхароў Польшчы і экс-ВКЛ пасля падаўлення паўстання 1863 года.

Нягледзячы на маштабы тэрору многія ўдзельнікі падзеяў 1863-га лічылі, што параза паўстання дыктуе толькі адзіны імператыў — рыхтаваць наступнае паўстанне. Функцыі арганізатара новага выступу ўзяла на сябе Канфедэрацыя польскай нацыі (КНП) — групоўка, створаная ў Львове ў сакавіку 1876 года.

КНП стварыла сетку палітычных агентаў, якія шукалі падтрымкі ў розных дзяржаў. Галоўнай задачай эмісараў КНП была спроба схіліць грамадскую думку на бок сваёй справы і пераканаць яе ў тым, што інтарэсы Еўропы патрабуюць, каб у маючых адбыцца падзеях польскае пытанне было зноў актуальным. У выпадку кантакту з афіцыйнымі прадстаўнікамі вялікіх дзяржаў упаўнаважаны ад канфедэрацыі мусіў пераканаць візаві, што ў Польшчы лёгка справакаваць беспарадкі. «Наша нацыя, — павінен быў запэўніць упаўнаважаны паводле інструкцыі, — заўсёды гатовая!»

Больш ахвотна на кантакт з эмісарамі Канфедэрацыі ішлі ў Стамбуле. Такая ветлівасць была нядзіўнай. Па-першае, пасля паражэння паўстанняў 1830-га і 1863-га на берагі Басфора накіравалася шмат палітэмігрантаў. Яны нават стварылі свае ваенізаваныя структуры ў рамках арміі султана. З 1855 года ў турэцкай арміі дзейнічалі два польскія легіёны: Казачы і Драгунскі.

Па-другое, асманы разумелі непазбежнасць новага руска-турэцкага канфлікту. Мяцеж у польска-літоўскіх землях падчас надыходзячай вайны мог адцягнуць частку расійскай арміі ад балканскага і каўказскага тэатраў ваенных дзеянняў.

Восенню 1876 года агенты КНП устанавілі кантакт з вялікім візірам Турцыі Мідхат-пашой. Асманская імперыя пагадзілася аказаць дапамогу ў пастаўках зброі і грашыма для паўстання ў Царстве Польскім. Канфедэраты абяцалі распачаць яго ў красавіку 1877 года. Мідхат-паша таксама падтрымаў праект стварэння Польскага легіёна ў складзе турэцкай арміі.

Быў нават узгоднены і канкрэтны план паўстання. Пасля ўступлення турэцкай арміі за раку Прут, на тэрыторыю былога польскага Падолля прыкладна ў пачатку красавіка 1877 года, у польскім каралеўстве павінна было ўспыхнуць паўстанне. У той жа час польскія войскі, арганізаваныя ў аўстрыйскай Галіцыі, павінны былі ўварвацца на Валынь, паралізаваўшы перасоўванні рускіх і адцягнуўшы частку іх сіл ад галоўнага поля бою.

Не забыліся канфедэраты і пра тэрыторыю былога ВКЛ. На дапамогу інсургентам у Літве і Беларусі з Брытаніі павінен быў адправіцца атрад добраахвотнікаў пад кіраўніцтвам героя Парыжскай камуны генерала Валерыя Урублеўскага.

Цікава, што падчас гэтых кансультацый абмяркоўваліся і межы будучай Рэчы Паспалітай. У выпадку поспеху паўстання і канфузу Расіі новая Рэч Паспалітая не толькі вярталася да межаў 1772 года. Таксама яна мела быць пашырана за кошт Херсонскай губерні, што дазволіла стварыць свой флот на Чорным моры.

Неўзабаве пражэктамі КНП зацікавіўся Лондан. Англія даўно рыхтавалася да магчымасці вайны паміж Расіяй і Турцыяй, выступаючы на ​​баку апошняй. Сярод шматлікіх іншых мер было таксама прызнана пажаданым стварэнне ў тыле расейцаў польскай партызанкі. Брытанскія агенты ўстанавілі кантакты з «канфедэратамі» і паабяцалі дапамогу.

Як толькі вайна на Балканах пачалася, падрыхтоўка да паўстання актывізавалася. На з’ездзе польскіх актывістаў у Вене 27 ліпеня 1877 года быў створаны Нацыянальны ўрад, які хутка ўвайшоў у прамы кантакт з урадамі Захаду.

Дагэтуль усё, што рабіла КНП, мела прыкметы нейкай гульні: складаліся маніфесты, прызначаліся замежныя ўпаўнаважаныя, раздаваліся званні ваяводаў і кашталянаў на акупаванай айчыне. На ўсю гэтую справу можна было глядзець хутчэй з усмешкай. Але цяпер, нечакана для шмат каго, забаўка стала набываць рысы чагосьці вельмі сур’ёзнага...

Працяг будзе.