У спецпраекце «Паралелі» размаўляем з гісторыкам і архівістам Наталляй Гардзіенка пра паваенную і сённяшнюю хвалі эміграцыі. Што яднае, здаецца, такія далёкія па часе беларускія хвалі эміграцыі? Якія істотныя адрозненні ў стане змушаных перасяленцаў тады і цяпер? Ёсць што пераймаць, ёсць над чым падумаць, каб не паўтараць памылак.
Ці праўда, што паваенныя эмігранты ўсе былі нацыянальна свядомыя? З якімі праблемамі сутыкаліся тагачасныя эмігранты? Што варта сёння пераняць у той хвалі эміграцыі? Чаму эмігранты важныя для заходняга грамадства? Пра гэта ў сённяшнім тэксце.
Наталля Гардзіенка. Канада, 2020 г.
Наталля Гардзіенка — беларуская гісторык, архівіст. Кандыдатка гістарычных навук.
Скончыла Ліцэй БДУ. У 1994 годзе паступіла на гістарычны факультэт БДУ, спецыялізавалася на кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і Сярэдніх вякоў, займалася беларускай гісторыяй XVIII стагоддзя. У 2003 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Становішча жанчыны-шляхцянкі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVIII ст.».
З 2002 года займаецца гісторыяй беларускай эміграцыі. Аўтарка кніг «Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары» (Мінск, 2004), «Беларусы ў Вялікабрытаніі» (Мінск, 2010), «Рада БНР, 1947–1970: Падзеі. Дакументы. Асобы» (разам з Лявонам Юрэвічам, Мінск, 2013), «Рада БНР, 1970–1982: Падзеі і дакументы» (разам з Лявонам Юрэвічам, Мінск, 2014), «Рада БНР 1982–1997: Падзеі. Дакументы. Асобы» (разам з Лявонам Юрэвічам, Мінск, 2015), «Хронікі БІНіМу» (разам з Лявонам Юрэвічам, Мінск, 2017) і каля 100 артыкулаў.
Была сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Беларускага ПЭН-Цэнтра, сябрам управы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». З 2004 года рэдактарка альманаха «Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва». Удзельнічала ва ўкладанні і рэдагаванні кніг серый «Беларуская мемуарная бібліятэка», «Бібліятэка Бацькаўшчыны», «Галасы Айчыны».
Наталля Гардзіенка займаецца вывучэннем гісторыі эміграцыі і назіраннем за падзеямі ў сучасных беларускіх асяродках за мяжой ужо цягам двух дзесяцігодзяў. Па яе словах, калі пачалася хваля эміграцыі пасля 2020 года, відавочных паралеляў з ранейшымі часамі стала вельмі шмат.
На імпрэзе памяці Змітра Саўкі. Мінск, 2019 г.
Цяперашніх эмігрантаў можна параўноўваць па розных крытэрах з ранейшымі — і з эканамічнымі, бо значная частка пасля пачатку вайны Расіі з Украінай выехала не толькі з палітычных прычынаў, але і праз рэлакацыю розных бізнесаў, і найбольш, безумоўна, з палітычнымі ўцекачамі ранейшых часоў. На думку Наталлі Гардзіенкі, найбольш паралеляў можна знайсці з хваляй эміграцыі, якая адбывалася ў часе Другой сусветнай вайны.
Наталля Гардзіенка са беларускімі эмігранткамі Лізай Літаровіч і Надзеяй Запруднік. Нью-Брансвік, 2019 г.
«Безумоўна, цяперашняя сітуацыя адрозніваецца ад той: іншыя ўмовы, іншае грамадства, і інфармацыйныя тэхналогіі іншыя, — кажа Наталля Гардзіенка. — Але тым не менш падабенства сітуацыі дае падставы для таго, каб улічваць, што мы не першыя, папярэднікі ўжо праходзілі гэтыя шляхі. Тое, што яны раней рабілі, магчыма скарыстаць, або для працягу той ці іншай дзейнасці або наадварот для перасцярогі, каб гэтага не рабіць, бо адмоўны досвед — таксама карысная рэч».
Як з’язджалі тады і цяпер
Уявіце сабе сітуацыю лета 1944 года, калі наступае савецкая армія, і людзям, якія маюць ужо досвед жыцця пры савецкай уладзе і гэты досвед шмат у каго негатыўны, трэба хутка прымаць рашэнне: або заставацца, або з’язджаць. Заставацца са страхам, што будзе з табой тут у гэтых новых умовах, ці з’язджаць у невядомасць абсалютна з неразуменнем, што далей і як? Прыкладна такая ж сітуацыя была ў многіх і пасля падзей 2020 года, але тады — напрыканцы вайны — трэба было ў лічаныя дні вырашыць, скласціся і паехаць.
Група беларускіх дзеячаў перад выездам на Захад. Мінск, ліпень 1944 г.
Дзясяткі тысяч беларусаў, асабліва з заходняй часткі краіны, якія паспелі пару год пажыць пры савецкай уладзе, з’язджалі, бо зведалі, што такое рэпрэсіі. Шмат прадстаўнікоў інтэлігенцыі, якія прайшлі праз ганенні і лагеры ў Савецкай Беларусі, з’язджалі, не жадаючы зноў апынуцца ў турме.
Гэтыя дзясяткі тысяч беларусаў апынуліся ў Еўропе без жытла, без працы, вельмі часта без ведання мовы, без дакументаў, без уяўлення, што будзе далей. Гэта сітуацыя, якая накладваецца на любы стан эміграцыі, у тым ліку і сённяшняй.
Неабходнасць тлумачыцца перад заходнім грамадствам, чаму немагчыма жыць на радзіме
Можна звярнуцца да кнігі «Выбранае» айца Льва Гарошкі, якая нядаўна выйшла ў серыі «Спадчына: агледзіны» і ўтрымлівае тэксты, з розных гледзішчаў важныя і актуальныя сёння.
Вокладка кнігі «Выбранае» айца Льва Гарошкі
Сярод іншага, гэта рэфлексіі айца Гарошкі на рэчаіснасць беларускай эміграцыі другой паловы 1940-х — пачатку 1950-х. Тое, як ён разважаў над неабходнасцю суродзічам у той час тлумачыцца перад заходнім грамадствам, чаму яны з’ехалі, чаму не могуць жыць на радзіме, як не «перагарэць» у першыя гады эміграцыі ў грамадскай працы, як не захраснуць у палітычных і іншых унутрыграмадскіх спрэчках...
Усё гэта было і тады, на ўсё гэта аўтар прапаноўваў свае адказы, якія, мяркую, варта чытаць сёння... Гэта тое, што, напэўна, можа адгукнуцца любому эмігранту. Нашыя папярэднікі таксама выязджалі знянацку, не рыхтаваліся да жыцця ў чужым грамадстве, не ведалі моваў. І, канечне, у іх былі праблемы, як патлумачыць людзям у гэтым самым заходнім грамадстве, хто яны, чаму не могуць вярнуцца, вайна ж скончылася.
Пасведчанне Льва Гарошкі з Берліна. 1944 г.
У Заходняй Еўропе ў сярэдзіне стагоддзя Беларусь была абсалютна невядомая краіна. Неабходна было тлумачыць, хто ты і адкуль. А да чужынцаў звычайна ставіліся насцярожана. З гэтымі праблемамі беларусы сутыкаліся паўсюль.
Чытайце яшчэ: Святар, які звярнуў увагу Ватыкана на беларусаў як асобную нацыю. Выйшла кніга «Выбранае» айца Льва Гарошкі
Чаму эмігранты важныя для самога заходняга грамадства
У тэкстах Льва Гарошкі, дзе ён разважае пра сітуацыю знаходжання беларусаў на чужыне, ёсць вельмі цікавая думка, што
эмігранты насамрэч важныя для самога заходняга грамадства, каб яно ўсведамляла, якія пагрозы існуюць па-за ягонымі межамі.
Ён гэта зводзіў, хутчэй, да рэлігійных пытанняў, што там, на радзіме эмігрантаў — бальшавізм і бязбожжа, і паглядзіце, што з-за гэтага адбываецца, колькі людзей страцілі хаты і жыцці праз тое, і што гэтая навала можа зачапіць таксама Еўропу. Але гэта магчыма экстрапаляваць і на сённяшні час. І цяперашнія эмігранты нагадваюць заходняму грамадству, што нельга быць сканцэнтраваным на ўласным дабрабыце, што ўсё роўна ёсць знешнія фактары, як тыя ж аўтарытарныя ці таталітарныя рэжымы, якія будуць тым ці іншым чынам уплываць на тое, што адбываецца ў заходніх краінах. Фактычна, гэта было ўжо выказана ў 40-х гадах ХХ стагоддзя.
Праблема выгарання на грамадскай працы
Праблема, блізкая і ранейшай эміграцыі, і сённяшняй — гэта выгаранне на грамадскай працы. Людзі тады таксама выязджалі з надзеяй на хуткае вяртанне, не разлічвалі на тое, што яны будуць на чужыне працяглы час. І пры магчымасці імкнуліся займацца нечым беларускім, бо была ідэя рэпрэзентацыі беларусаў для заходняга грамадства, каб расказаць пра сябе, паказаць Беларусь і яе культуру рознымі сродкамі. Зразумела, што і ўмовы былі вакол не вельмі спрыяльныя, і сітуацыя не асабліва змянялася з часам, не было хуткага эфекту — усё гэта ўплывала на тое, што людзі, выявіўшы нейкую актыўнасць цягам некалькіх гадоў, потым зняверваліся, сыходзілі. З розных прычын адыходзілі ад беларускай працы.
А. Леў Гарошка, а. Аляксандар Надсан і Ян Дамінік на адкрыцці Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане. 15.05.1971
Пра гэта таксама піша Леў Гарошка ў адным са сваіх тэкстаў, называе гэта «саламяны агонь», калі загараецца ўсё хутка і гэтак жа хутка знікае. Цалкам можа быць, што эміграцыя, як і беларуская праца — гэта забег на даўгую дыстанцыю.
Праблема расколаў унутры беларускіх грамадаў
Яшчэ адна важная праблема для паваеннай эміграцыі, не толькі псіхалагічная, але і сацыяльна-палітычная, гэта вялікая колькасць падзелаў, расколаў унутры беларускіх грамадаў. Тое, што можна назіраць і сёння. Тады гэта падзел на прыхільнікаў, напрыклад, Рады БНР і Беларускай цэнтральнай рады, падзел на прыхільнікаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і беларускіх епіскапаў, што пайшлі у Расійскую праваслаўную царкву за мяжой, і розныя іншыя лакальныя падзелы, якія адбываліся фактычна да 1980-х гадоў.
Розныя канфлікты ўнутры беларускай грамады на Захадзе ўзнікалі перыядычна. Часта з прычыны асабістых амбіцый лідараў, пры тым, што ўсе пачуваліся беларусамі, усе былі за незалежную Беларусь. Тым не менш часта падобныя беларускія арганізацыі існавалі паралельна, ладзіліся святкаванні, мерапрыемствы, куды хадзілі прадстаўнікі толькі адной плыні. І цяпер таксама ёсць такія сітуацыі. У гэтым выпадку таксама можна казаць пра адмоўны досвед паваеннай беларускай эміграцыі.
Прыкладам, Мікола Абрамчык — Прэзідэнт паваеннай Рады БНР і Радаслаў Астроўскі, які аднавіў дзейнасць Беларускай цэнтральнай рады, ніколі не сустракаліся асабіста. Ніякіх спробаў паразмаўляць, нейкае паразуменне знайсці, не адбылося. Толькі ўжо ў 1960-х гадах у розных краінах прадстаўнікі гэтых плыняў сталі наладжваць кантакты і арганізоўваць супольныя праекты. Лідары ніколі паміж сабой не разумеліся.
Таксама ў паваенных эмігрантаў вельмі папулярна было апанентаў залічваць у агенты Крамля, КДБ, або часам яшчэ Ватыкана. І ў гэтым, як бачым, нічога новага. Такога кшталту цэтлікі навешвалі адно на аднаго вельмі лёгка.
Відавочна, гэта не той досвед, які варта пераймаць сённяшнім эмігрантам.
Найважнейшае ў дзейнасці паваеннай хвалі эміграцыі
Важнае было ў тым, што паваенныя эмігранты даволі выразна фармулявалі сваю місію. На старонках у першую чаргу перыёдыкаў (ці ў перадавіцах, ці ў адмысловых артыкулах) няспынна тлумачылася, што ў нас на эміграцыі ёсць свая місія, мы павінны рэпрэзентаваць Беларусь для заходняга грамадства, беларускую культуру, беларускую незалежніцкую ідэю, з тым, каб быць бачнымі ў гэтым грамадстве. Вакол гэтай ідэі інтэлігенцыя намагалася аб’яднаць колы ўцекачоў ваеннага часу.
Заўважу, гэта няпраўда, што тагачасныя эмігранты ўсе былі нацыянальна свядомыя, абсалютна не. І падставы для хуткай асіміляцыі ў заходнім грамадстве ў іх былі вельмі істотныя. Напрыклад, па рэлігійнай прыкмеце: каталікі запісваліся палякамі, хадзілі ў каталіцкія касцёлы, дзе гуртавалася польская грамада. Часта такім чынам гублялася сувязь з беларускай грамадой, калі яна наогул была. У той жа час праваслаўныя часта далучаліся да расійцаў з тае ж прычыны — хадзілі ў праваслаўныя цэрквы, якія былі пераважна расійскія. Якраз місіяй беларускай інтэлігенцыі стала ўсведамленне сваіх суродзічаў, нагадванне ім, што яны не расійцы, не палякі, імкненне трымаць «сваіх» менавіта ў беларускай грамадзе. І адначасова даводзіць, што важна не толькі самім заставацца беларусамі, але і рэпрэзентаваць Беларусь для навакольнага грамадства.
Беларускі сцяг каля гарадской ратушы ў Таронта. Сакавік 1969 г.
Па маіх адчуваннях, сёння якраз не хапае нейкага такога аўтарытэтнага перыядычнага фармулявання ці нагадвання важнасці мэтаў знаходжання беларусаў у эміграцыі. Каб гэта было не проста атамізаванае грамадства, дзе кожны зрабіў свой выбар і яго далей нясе, а каб была ідэя, якая б аб’ядноўвала ўсе гэтыя масы, якія выехалі з розных прычынаў, давала агульны стрыжань для існавання ў чужым грамадстве.
(Працяг будзе)
Рыгор Сапежынскі, budzma.org