Што значыць быць беларусам за тысячы кіламетраў ад дому? Як амерыканцы ставяцца да беларускай супольнасці, ці чуюць яны беларускі голас?Паразмаўлялі з беларускай актывісткай і этнографам Надзеяй Нортан пра ідэнтычнасць, жыццё пасля 2020 года і беларускія традыцыі ў Амерыцы.

Надзея Нортан
— Надзея, раскажы, калі ласка, як доўга ты жывеш у Штатах і што цябе найбольш уразіла ў амерыканскім грамадстве пасля пераезду?
— У Штатах я жыву 15 гадоў. Што мяне больш за ўсё ўразіла? Як зроблены ў амерыканскім грамадстве бытавыя рэчы — вось што мяне ўразіла. Яны цалкам па-іншаму зроблены — ад ваконных шыб да ўнітаза. Адразу гэта здзіўляла. А потым, калі пачынаеш гэтым карыстацца, ты разумееш, чаму ўсё так зроблена. Бо так найзручней.
Ну, выключальнік святла, напрыклад — не цягнешся невядома куды, як у нас, а так зроблена, каб было зручна і каб чалавек фактычна любога росту, нават малое дзіця, магло працягнуць руку і ўключыць святло.
І я зразумела, што калі раптам табе трэба нешта ў хаце з бытавых рэчаў адшукаць, або на вулiцы, а ты не ведаеш, дзе гэта магло б быць, падумай пра самае зручнае месца — і ты гэта знойдзеш.
То-бок тут, у ЗША, да ўсяго такі падыход — праз чалавечы фiльтр. Усё зроблена, каб чалавеку было зручна.
— А што для цябе сёння значыць дом? Гэта Беларусь, Амерыка, нешта паміж?
— На сённяшні момант я магу дакладна сказаць, што дом у мяне тут, у ЗША. Я доўга да гэтага ішла, вельмі доўга. Я б сказала, што такая сапраўдная перамена — гэтае ўсведамленне, асэнсаванне, што Амерыка стала домам — прыйшло толькi літаральна год-паўтара таму.
І так, на сённяшні дзень, улічваючы ўсе ўмовы i абставiны, мой дом ужо тут.
— А Беларусь?
— Адчуванне дому ў Беларусі за апошнiя 7 год, як я там не была, стала ператварацца ў нейкую таямнічую недасягальную краіну, у казку, у дом мары. Усё неяк аддаляецца. Напэўна, гэта такая агульная якасць успрыняцця — тое, што аддаляецца, пачынае ператварацца ў нейкую міфічную, казачную гісторыю.
Я ў свой час, памятаю, размаўляла з прадстаўнікамі пасляваеннай эміграцыі ў Канадзе, у ЗША — Івонкай Сурвіла, Алай Орса, і мне было вельмі дзіўна чуць пра іх Беларусь, нейкую занадта цудоўную краіну.
Тады мне было цяжка іх зразумець, а зараз я разумею канцэпт стварэння гэтага іміджу — такой казачнай Беларусі. Проста колькі б ты ні чытаў навін, колькі б ні глядзеў ютубаў пра Беларусь, ты ўсё роўна не адчуваеш гэтага вайбу, вось, і таму я кажу, што Беларусь — ужо нейкі казачны, міфічны дом.
Надзея Нортан у Мінску
А тут, у ЗША, дом такі больш рэальны — то-бок дом, у якім я жыву, дом, у якім жыве мой каханы, дом, дзе мяне любяць, чакаюць, і ў якім мне ўтульна, дом, у які я хачу вяртацца.
— Надзея, ты вельмі доўга не атрымлівала амерыканскае грамадзянства, хаця ў цябе была на тое магчымасць. Чаму?
— У мяне была такая, як гэта сказаць, прынцыповая пазіцыя. Для мяне важна быць шчырай перад самой сабой. І таму, нягледзячы на тое, што я магла атрымаць грамадзянства па палітыцы даўно, а пасля яшчэ і па сужэнстве, я яго не рабіла, бо мне цяжка было ўявіць, як я магу стаць грамадзянкай іншай краіны, чым Беларусь.
Мяне шмат хто не разумеў, казалі, што гэта нелагічна, ірацыянальна, і я гэта разумела, але ўнутранай згоды на гэты крок у мяне не было.
І нават потым, калі ўжо беларускі пашпарт у мяне стаў пратэрмінаваны, я і тады ніяк не магла сябе прымусіць атрымаць грамадзянства. Яшчэ было такое адчуванне, што вось цяпер я таксама хаця б крышку дакранаюся да лёсу беларусаў, якія вымушаны з’ехаць без пашпарта. Вядома, у маім выпадку гэта быў выбар, у іх — не, але мяне трымала гэтае адчуванне, што я падзяляю з імі ў нейкай ступені гэты лёс.
Карацей, гэта была вельмі доўгая тэма, але ў пэўны момант напрыканцы 2024 года я нарэшце змагла прыняць верагоднасць таго, што магу ніколі не вярнуцца ў Беларусь. Гэта быў апошні пазл, якога не хапала для падачы на амерыканскае грамадзянства. Паралельна я адчула, што магу шчыра прыняць Злучаныя Штаты як сваю краіну і даць прысягу вернасці Злучаным Штатам Амерыкі пры натуралізацыі. Я зразумела, што кожнае слова змагу вымавіць шчыра — не таму, што мне трэба атрымаць грамадзянства, а таму, што я гэта сапраўды адчуваю. У мяне нарэшце сышліся розум з сэрцам на гэты конт.
Таму калі зараз у мяне пытаюцца, хто ты, я адказваю — I am Belarusian-American.
Надзея Нортан з амерыканскім пашпартам
— Надзея, а ты можаш расказаць пра беларускую супольнасць у Сан-Францыска? Як яна пачыналася, фарміравалася?
— Наколькі мне вядома, беларуская супольнасць у Сан-Францыска вядзе адлік недзе з 2008 года. Я ведаю са слоў тых людзей, што сабралася група беларусаў, якія сябравалi i хацелі збірацца разам, яны зрабілі групу на Facebook. Ладзiлi беларускiя святы.
Я да яе далучылася недзе ў 2015–2016 годзе, потым стваральніца суполкі Ляна Бурсава запрасіла мяне стаць адмінам гэтай групы, і мы пачалі ладзіць разам беларускiя iмпрэзы. Мая першая была, здаецца, беларуская дыскатэка ў рэстарацыi «Прага» ў Сан-Францыска, я насмажыла і прынесла туды дранiкаў. На маiм першым святкаванні Дня Волі ў Сан-Францыска я пабачыла, што тут даволi шмат беларусаў.
— Ці змянілася беларуская супольнасць у Сан-Францыска пасля 2020 года?
— Так, летам 2020 года, можна сказаць, нарадзілася новая супольнасць беларусаў у Сан-Францыска. Да якой, канешне, далучыліся і тыя, хто там раней удзельнічаў.
21 чэрвеня 2020 года была зладжана першая акцыя салідарнасці, я туды прыйшла і была проста ў шоку. На Эмбаркадэра стаяла ў Ланцугу салідарнасці дзесьці пад 150 чалавек, з іх я ведала, можа, чалавек 20–30. Астатніх 100 я бачыла ўпершыню.
У 2020 годзе гэта былі ўжо зусiм іншыя маштабы, сотнi людзей прыходзiлі на кожную акцыю. А 15 жніўня ў нас прайшла самая масавая акцыя на ўсім Заходнім узбярэжжы — тады сабралася каля 500 беларусаў.
Акцыя салідарнасці беларусаў у Сан-Францыска
Пасля рэвалюцыйных падзей 2020 года да нас пачало далучацца шмат новых чальцоў — маладых, актыўных людзей, у якіх гарэлі вочы, быў відаць запал, жаданне беларусам звацца.
Акцыя салідарнасці беларусаў у Сан-Францыска
— А чым займаецца супольнасць беларусаў у Сан-Францыска зараз?
— Пра беларусаў у Сан-Францыска ўжо можна кнігу напісаць, я б вельмi хацела гэта зрабiць, але ж толькі тады, калi можна будзе адкрыта казаць пра людзей, якiя вельмi шмат зрабiлi за гэтыя гады, i назваць iх iмёны, бо за кожным мерапрыемствам стаяць менавiта людзі і іх руплівы ўклад у беларушчыну ў нашай Паўночнай Каліфорніі.
Канешне, за пяць гадоў у нас адбылася вялікая трансфармацыя. За перыяд 2020 па 2026 гады мы зладзілі каля 200 мерапрыемстваў, і фармат іх быў досыць разнастайны — ад палітычных акцый, выстаў, фандрайзінгаў ды канцэртаў вядомых беларускіх музыкаў да шырокага святкавання Калядаў, Купалля і беларускіх кірмашоў, кніжнага клуба і г.д.

Надзея Нортан і Сяржук Доўгушаў на Купаллі ў Каліфорніі
Купалле ў Каліфорніі
У апошнiя гады мы робім прыкладна па 15 iвэнтаў у год, а ў 2020-2023 гадах было і па 30, фармат вельмі разнастайны, усе нават цяжка згадаць, гэта мітынгі, aўта- і мотаралі, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі і музыкамі, ноч паэтаў, прагляд фільмаў па-беларуску, сустрэчы беларускіх бізнесоўцаў, святкаванне традыцыйных і нацыянальных святаў, эстафеты, кемпінгі ды шмат чаго яшчэ.
Я з’яўляюся прадстаўніцай суполкі беларусаў Сан-Францыска ў нацыянальнай беларуска-амерыканскай арганізацыі «Асацыяцыі беларусаў у Амэрыцы», і наша суполка таксама прымае ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія ладзіць АБА.
Усе гэтыя гады мы няспынна дапамагаем палітвязням і іх сем’ям, штомесяц збіраем грошы на iх падтрымку, таксама заўжды прымаем удзел у падтрымцы Украіны — карацей, увесь спектр, які толькі можна сабе ўявіць у грамадскім, палітычным, культурніцкім жыцці.
Беларусы Сан-Францыска на акцыі салідарнасці ў падтрымку Украіны
І, канешне, вельмі крута, што людзі працягваюць заставацца ў гэтым. Мы нават атрымалі сваю «ўзнагароду» ад беларускага рэжыму за нашу дзейнасць.
У 2023 годзе ўпершыню наша старонка «Belarus SF» — гэты паблік і профіль у Instagram — былa прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». А год таму ўжо aмаль усе нашы паблікі сталі «экстрэмісцкімі», і асаблівы гонар — гэта наша лога, якое таксама было прызнана «экстрэмісцкім» у Беларусі.
Вось з такой фармулёўкай:
«Логотип Instagram-аккаунта «free_belarus_sf», представляющий собой красный мост с двойной опорой и красным цветком посередине в виде орнамента на белом фоне с надписью внизу «BELARUS SF» белыми буквами на красном прямоугольнике».
Надзея Нортан і Святлана Ціханоўская
— Нават лога? Ну вы і адзначыліся, такое здараецца не часта.
— У сувязi з гэтым у суполцы паўстала пытанне: што будзем рабіць — выдаляем лога з паблікаў ці не? І ва ўдзельнікаў суполкі была вельмі цвёрдая пазіцыя, што мы яго пакідаем. Гэта наша лога, і мы ім ганарымся.

— А ці прыходзяць амерыканцы на вашыя мерапрыемствы?
— Так, такія выпадкі здараюцца ўсё часцей. У гэтым годзе, напрыклад, мы зладзiлi ўпершыню беларускія вячоркі з Сержуком Доўгушавым у Сан-Францыска.
Была ідэя стварыць вячоркi, як людзi збiралiся ў вясковых хатах падчас Калядаў. Збіраліся моладзь і людзі сталага ўзросту. Сядзелі за сталом, частаваліся стравамі, ладзілі разнастайныя беларускія забавы, спявалі песні, танчылі.
Нас сабралася сорак чалавек, дзесяць з якіх былі амерыканцы.
Вячоркі ў нас былі беларускамоўныя, але з перакладам на англійскую. І амерыканцы вельмі актыўна ўключыліся ў святкаванне — спявалі, танчылі, елі сапраўдную пальцам піханую каўбасу, бліны і верашчаку, запівалі журавінаўкай, і ім вельмі смакавала. І ў нас атрымаўся такі, можна сказаць, мультыкультурны досвед. Усе былі вельмі задаволеныя.
Беларускія вячоркі ў Сан-Францыска
— Як амерыканцы ставяцца да беларускай супольнасці, і ці чуюць амерыканцы беларускі голас?
— Я магу толькі са свайго ўласнага досведу сказаць: летась я адчула такі зрух — Беларусь стала прысутнічаць значна больш у свядомасці, раней гэтага не было.
Тут трэба адзначыць карэляцыю: з 2020 года беларусы пачалі ўсё больш усведамляць сябе беларусамі, і для нас гэта стала сапраўднай каштоўнасцю.
Калі вы самі не можаце вызначыць, хто вы ёсць, калі вам усё роўна, калі вас называюць рускімі ці яшчэ нейкім чынам, і для вас гэта нармальна, то што можна патрабаваць ад людзей звонку?
З 2020 года пайшоў вельмі моцны працэс абуджэння і ўзмацнення беларускай ідэнтычнасці.
І зараз, праз пяць гадоў, мы ўжо пачынаем бачыць вынікі таго, што мы сталі ўсведамляць сабе беларусамі.
Мы нарэшце зацікавіліся самімі сабой, а не іншымі, і гэта пачынаюць заўважаць іншыя самадастатковыя нацыянальнасці з моцнай нацыянальнай ідэнтычнасцю. Бо цікавасць прываблівае той, хто сам самадастатковы, хто ведае сваю мову, шануе культуру і традыцыі, а не бясконца хістаецца, не ведаючы, хто ён ёсць насамрэч.
За гэтыя гады мы змаглі цвёрда стаць на абедзве беларускія нагі, а не перамінацца з нагі на нагу, як бы гэта хутчэй саскочыць з адказу, хто я ёсць. Адсюль і зацікаўленасць у беларускай культуры, у нашым выпадку амерыканцамі, бо яны адчуваюць стрыжань, да якога цягне. Яны бачаць, што беларусы размаўляюць на сваёй мове, шануюць сваю культуру і традыцыі, і гэта цікава. Менавіта аўтэнтычнасць прыцягвае, і да гэтага хочацца далучацца.
Беларускія вячоркі ў Сан-Францыска
— Ці могуць беларусы за мяжой паўплываць на будучыню краіны?
— Канешне! Раней я ніколі не магла падумаць, што за сваю палітычную дзейнасць за Свабодную Беларусь у ЗША я атрымаю «экстрэмісцкі» статус у Беларусі. Ну значыцца, такая дзейнасць мае ўплыў на тое, што адбываецца ў краіне.
У 2020 годзе я ўпершыню адчула, наколькі моцна мы ўсе звязаныя, не залежна ад месца знаходжання. У Мінску лілася кроў, а ў нас у Сан-Францыска аблівалася сэрца крывёю. У мяне тады з’явілася адчуванне, што Беларусь — гэта як цела чалавека. Сэрца знаходзіцца ў Беларусі, але ж мы ўсе часткі адзінага цела ў розных краінах. Вось цяпер беларусы ў краіне не могуць адкрыта гаварыць пра жудасны стан рэчаў у краіне. А дыяспара можа адкрыта прамаўляць і перасоўвацца, і таму мы сёння і ёсць голас Беларусі за яе межамі. Мы распавядаем, што адбываецца ў самой Беларусі, адстойваем правы беларусаў, трымаем беларускую павестку па ўсім свеце, тым самым уплываем на фармаванне будyчынi Беларусi.
Не залежна ад таго, дзе ты знаходзішся геаграфічна, — дзе ёсць беларусы, там і ёсць частка Беларусі, і чым больш нас, тым голас гучыць мацней, чым больш мы скансалідаваныя, тым больш чуюць наш голас у розных краінах, тым больш мы можам дапамагчы тым, хто ў краіне не можа адкрыта выказвацца. І доказаў такога ўплыву безліч.
Тое, што зараз ўдалося стварыць беларусам па ўсім свеце, дагэтуль ніколі не было, ніколі беларуская дыяспара не была такой вялікай, моцнай і ўплывовай, і гэты працэс набірае моц, яго немагчыма спыніць ніякімі «экстрэмісцкімі» статусамі. Дзякуючы менавіта высілкам нашай дыяспары беларускі голас гучыць на ўсю Планету.
Наста Пабягунская, Budzma.org
Фотаздымкі з асабістага архіву Надзеі Нортан