У Музеі Вольнай Беларусі пройдзе выстава, прысвечаная жаночаму досведу супраціву

У Музеі Вольнай Беларусі 8 сакавіка пачынае працу выстава «Кропка ўваходу: справа жанчын» — праект пра жаночы досвед супраціву, пра свабоду і пра цану, якую жанчыны плацяць за права быць суб’ектнымі ў аўтарытарнай сістэме.

Afiša

Пра выставу

Выстава пабудавана як прастора асабістых гісторый, дзе адзенне і рэчы становяцца мовай — мовай сведчання, болю, годнасці і сілы. Кожны экспанат — гэта матэрыяльны доказ дзяржаўнага гвалту і адначасова доказ стойкасці.

У экспазіцыі прадстаўлены адзенне і асабістыя рэчы беларусак, якія выступілі супраць рэжыму, перажылі палітычны пераслед, незаконныя затрыманні, турэмныя тэрміны і іншыя формы парушэння правоў чалавека, але працягваюць сваю дзейнасць і барацьбу.

Упершыню публіцы прадстаўлены новыя артэфакты:

● камплект турэмнай вопраткі Паліны Шарэнда-Панасюк;
● асабістыя рэчы ваяркі Машы Зайцавай, якая загінула ва Украіне;
● непрадказальны артэфакт Марыны Ментусавай;
● рэчы Марыі Калеснікавай,
● а таксама іншыя жаночыя прадметы, якія адлюстроўваюць маштаб супраціву.

Асобны раздзел прысвечаны турэмнаму досведу палітычных зняволеных жанчын. Тут — сцёртыя цяжкія турэмныя боты, у якіх ходзяць і ў мароз, і ў спёку; курткі і форма з плямамі хлору і жоўтымі «палітычнымі» біркамі. Гэтыя прадметы захоўваюць сляды сістэмнага прыніжэння, але разам з тым — сляды чалавечай трываласці.

Галоўны акцэнт выставы — паказаць, як цела і адзенне становяцца сведкамі. Як звычайныя рэчы — кашуля, куртка, абутак — набываюць значэнне дакумента, архіва і сімвала супраціву.

Музей таксама працягне відэа-фармат у сацыяльных сетках: гераіні выставы самі распавядаюць пра перададзеныя рэчы. Першай сваю гісторыю прадстаўляе Юлія Шаўчук — аўтарка кашулек з прынтамі «Евы», якая перадала сваю працу ў музей як адзін з візуальных сімвалаў пратэстаў.

Маштаб рэпрэсій

Праект набывае асаблівую вагу на фоне маштабу пераследу жанчын у Беларусі: па даных праваабарончых арганізацый, на момант сярэдзіны 2025 года, каля 1996 жанчын былі асуджаныя па крымінальных справах з палітычных матываў. Рэальная колькасць пераследаваных можа быць значна вышэйшая за афіцыйныя лічбы, бо многія справы не асвятляюцца публічна. Сярод асуджаных — адзінокія і шматдзетныя маці, пенсіянеркі, жанчыны з сур’ёзнымі праблемамі здароўя, а таксама тыя, хто быў
затрыманы непаўналетнімі.

Па адміністрацыйных артыкулах з 2007 года да лета 2025 года жанчыны былі асуджаныя 10 996 разоў. Рэальная колькасць, верагодна, значна перавышае афіцыйную статыстыку.

Мэта праекта

Мэта праекта — не толькі стварыць глыбокую і шматпластовую выставу, якая раскажа пра сітуацыю з правамі чалавека і правамі жанчын у Беларусі беларусам і міжнароднай аўдыторыі, але і зрабіць праект карысным для саміх рэпрэсаваных жанчын — праз бачнасць, салідарнасць і падтрымку.

Дзе і калі?

Дата: 08.03.2026 — 12.03.2026

Час: 12:00 — 18:00

Месца: Музей Вольнай Беларусі (Foksal 11, Варшава)