Даты правядзення фестывалю Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне-2025» пакуль не аб’яўлены, але ўжо распачаўся прыём заявак на ўдзел у Беларускім конкурсе.
«Сёлета мы шукаем новыя фільмы, зробленыя беларусамі і беларускамі ў 2024−2025 гадах у любой краіне свету і ў любым жанры — дакументальныя, ігравыя, гібрыдныя, анімацыйныя, кароткаметражныя ці поўнаметражныя», — адзначае каманда фестывалю.
Кінафэст «Паўночнае ззянне» дае вашым фільмам сапраўдную аўдыторыю — у межах фестывалю гледачы пабачаць вашы працы online і верагодна ў розных гарадах Еўропы на offline-паказах. Гэта не толькі магчымасць падзяліцца сваім фільмам, але і спосаб заявіць пра сябе, паказаць свой талент шырокаму колу людзей. Акрамя таго, конкурс будзе ацэньвацца прафесійным міжнародным журы.
«Паўночнае ззянне» чакае працы і дасведчаных рэжысёраў/ак, і тых, хто толькі пачынае свой шлях у кіно.
Каб падаць свой фільм для ўдзелу, трэба запоўніць форму да 31 жніўня 2025 года.