Як Віталь Вольскі арыштоўваў людзей і прыходзіў зь ператрусам да Якуба Коласа, а Кандрат Крапіва і Пятро Глебка даносілі на калегаў. Апублікаваныя дзьве часткі канспэкту ўспамінаў Рыгора Бярозкіна, аднаго з найлепшых крытыкаў і літаратуразнаўцаў Беларусі, піша «Радыё Свабода».«Не дай прапасьці майму жыцьцю» — гэта ўспаміны пра падзеі 1920–1949 гадоў: арышты, высылкі, рэпрэсіі.
Рыгор Бярозкін
У 1979 годзе Бярозкін надыктаваў іх маскоўскаму літаратуразнаўцу Ісаку Крамаву. Нядаўна іх расшыфравала Маруся Шанаурына, якая працуе з архіўнымі матэрыяламі.
Размова Рыгора Бярозкіна з Ісакам Крамавым адбылася 13 сакавіка 1979 году. Крамаў запісаў яе ў двух тоўстых сшытках, часта неразборліва. Ісак Крамаў не пасьпеў сам расказаць пра гэты запіс: ён раптоўна памёр 23 кастрычніка 1979 году ў Ялце, куды браў з сабой тыя матэрыялы, каб працаваць зь імі. Рыгор Бярозкін ненадоўга перажыў сябра, ён пасьля цяжкай хваробы памёр 1 сьнежня 1981 году, узгадвае Шанаурына ў прадмове да ўспамінаў Бярозкіна.
«Калі Бярозкін прыходзіў да нас дадому, я добра гэта памятаю — яны з татам усю ноч прасядзелі, тата запісваў за ім, і Бярозкін яму сказаў: «Ізя, ня дай прапасьці майму жыцьцю».
...Вельмі цяжка маральна чытаць імёны, шукаць пра іх інфармацыю, бачыць іхныя твары, калі захаваліся нейкія фатаграфіі. Але памяць — найважнейшая. Немагчыма забыцца пра тое, колькі чалавек былі забітыя, замардаваныя, зламаныя...» — напісала яна.
Першую і другую часткі канспэкту ўспамінаў Рыгора Бярозкіна можна пачытаць па спасылках.
Рыгор Бярозкін
«Непераўзыдзены ўзор таго, як трэба пісаць пра беларускую літаратуру», — гэта словы Алеся Адамовіча пра Рыгора Бярозкіна.
Бярозкін — беларускі літаратурны крытык, аўтар 12 кніг.
Нарадзіўся ў 1918 годзе ў Магілёве, вучыўся ў Менскім пэдагагічным інстытуце, у 1938 годзе 20-гадовы юнак працаваў у часопісе «Полымя рэвалюцыі», літаратурным кансультантам пры Саюзе пісьменьнікаў БССР, загадчыкам аддзелу крытыкі газэты «Літаратура і мастацтва».
За два месяцы да вайны, 26 красавіка 1941 году, яго арыштавалі службоўцы НКВД. Калі калёну зьняволеных вывезьлі з турмы на расстрэл, Рыгору Бярозкіну пашчасьціла застацца ў жывых. Ваяваў, пад Сталінградам быў цяжка паранены, атрымаў шмат дзяржаўных узнагародаў.
9 жніўня 1949 году Рыгора Бярозкіна арыштавалі паўторна. У чэрвені 1950 году яго засудзілі на 10 гадоў. Зьняволенне Бярозкін адбываў у лягерах Казахстану і Сібіру чорнарабочым на будаўніцтве шахтаў і электрастанцыяў. Вызвалены ў лістападзе 1955 году са зняцьцем суджанасці.
Ціхан Чарнякевіч
Прэс-сакратар Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменьнікаў Ціхан Чарнякевіч шмат дасьледаваў пэрыяд, пра які апавядае Рыгор Бярозкін.
У Беларусі ёсьць вялікі пласт мэмуараў пра тыя змрочныя гады. Шмат зь іх апублікавана ў савецкі час, і яны, вядома, падпадалі пад тагачасную цэнзуру, у тым ліку пад самацэнзуру аўтараў, якія выжылі ў тыя гады. Штосьці яны сьвядома апускалі або не да канца шчыра маглі гаварыць, пісаць, публікаваць.
У выпадку сшыткаў Ісака Крамава паўстае зусім іншая карціна — гэта запісвае чалавек, далёкі ад беларускіх рэаліяў.
«Там нямала недакладнасьцяў, дробных памылак. Але няма патрэбы штосьці апускаць. Гэта такі канспэкт маналёгу Бярозкіна, які запісваўся па гарачых сьлядах, адразу падчас размовы — каб потым зрабіць штосьці больш апрацаванае. Гэта проста сыры матэрыял, які Бярозкін падаў маналёгам, без прывязкі да жанру. Яму проста трэба было выгаварыцца, і ён выгаворваўся абсалютна невядомаму беларускай культурніцкай супольнасьці чалавеку для таго, каб захаваць свае ўражаньні і ўспаміны.
Можа быць, Бярозкін сам ня мог (альбо не зьбіраўся) пісаць такую кнігу ад свайго імя. Але атмасфэра таго часу ў ягоных успамінах перададзеная вельмі ярка, шматаспэктна, яскрава», — кажа Ціхан Чарнякевіч.
Мікола Раманоўскі
Мікола Раманоўскі, перакладнік, дасьледнік, унук пісьменьніка Кузьмы Чорнага (які таксама ўзгадваецца ва ўспамінах Рыгора Бярозкіна як сумленны і прыстойны чалавек), лічыць, што, нягледзячы на вялікую колькасьць ужо апублікаваных успамінаў, мэмуараў, шукаць новыя варта і трэба.
«Калі казаць коратка — можна і трэба. Ва ўспамінах Бярозкіна, як на сёньня, новага мала. Самыя факты рэпрэсаваньня канкрэтных асобаў ужо вядомыя. Проста тут усё сабрана, як у фокус, празь лінзу аднаго лёсу. І выказана без асьцярогаў і замоўчваньняў, як бывала ў пісаных успамінах іншых рэпрэсаваных», — мяркуе Мікола Раманоўскі.
Кансьпект успамінаў Рыгора Бярозкіна пачынаецца з таго, як некалі ў пісьменьніцкім доме творчасьці пад Менскам вельмі «салідны інтэлігентны чалавек, знаўца прыроды і гісторыі, цудоўны апавядальнік, пісьменьнік Віталь Фрыдрыхавіч Вольскі», які некалі працаваў на ЧК, нечакана запытаўся ў Бярозкіна:
«Вы з Магілёва? Ваша прозьвішча сапраўднае — не псэўданім?.. Я арыштоўваў Вашага бацьку. З брыгадай апэратыўнікаў зь Менску».
Калі яго арыштоўвалі перад вайной, сярод шматлікіх даносаў я пазнаў руку Вольскага — інтэлігентнага чалавека, мілага чалавека... У 30-м годзе, будучы яшчэ пісьменьнікам, ён прыйшоў зь ператрусам да Якуба Коласа...», — узгадвае Рыгор Бярозкін.
Пазьней Бярозкін даведаўся, што ягоны бацька памёр ў лягеры на Паўночным Урале ў 1939 годзе.
Дасьледнік Ціхан Чарнякевіч наконт Віталя Вольскага заўважае, што чытаў пра некалькі выпадкаў у архіўных дакумэнтах, а таксама ва ўспамінах вядомага мастака, мэмуарыста Яўгена Ціхановіча (у сэрыі «Беларуская мэмуарная літаратура» выдавецтва «Лімарыюс» у 2015 годзе выйшла яго кніга «Партрэт стагодзьдзя». — РС).
«У сваіх успамінах Яўген Ціхановіч, які быў блізкі да сям’і Ўладзіслава Галубка, наўпрост казаў пра Вольскага як аднаго з тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у арыштах. І Галубка тэрарызавалі (не кажу «рэпрэсавалі», бо не люблю гэтага слова)...
— Гэта тэрор, гэта злачынства супраць людзей. Ёсьць сьведчаньні, што кіраўніцтва тагачасных культурніцкіх інстытуцыяў спрычынілася (а Вольскі тады ўзначальваў Інстытут літатаруры — хоцькі-няхоцькі, ён павінен быў праводзіць палітыку партыі ў «ачыстцы», як яны тады гэта называлі, сваіх шэрагаў ад непажаданых элемэнтаў). Вось і пэўныя сьведчаньні, што канкрэтна да Вольскага, ёсьць ня толькі ва ўспамінах Бярозкіна», — апавядае Ціхан Чарнякевіч.
Зьлева направа: П. Кабзарэўскі, Р. Бярозкін, Н. Кісьлік, Р. Барадулін, А. Вялюгін, У. Дубоўка, Ю. Багушэвіч падчас IV зьезду беларускіх пісьменьнікаў, 1959 год
Яшчэ фрагмэнт успамінаў Рыгора Бярозкіна, запісаных Ісакам Крамавым:
«Кандрат Крапіва і Пятро Глебка — таксама даносчыкі. Была арганізацыя «Ўзвышша» — паэты і празаікі, крытыкі. Хацелі рабіць нацыянальную беларускую савецкую літаратуру. Пачалі выкрываць — Глебка, Крапіва, сябры арганізацыі — Бабарэка, Пушча, Дубоўка былі арыштаваныя. Крапіва і Глебка займелі посьпех, пісалі выкрывальныя артыкулы, лісты — як адмаўляюцца, прызнаюць памылкі...
...Крапіву купілі. Ён быў зьвязаны па руках і нагах. Крапіва ведае, што здрадзіў сябрам.
У 34-м годзе Крапіва піша п’есу «Канец дружбы»: жылі двое сяброў, двое камуністаў, удзельнікаў грамадзянскай вайны. Адзін сябар выкрывае іншага ў партыйнай чыстцы — інтарэсы партыі вышэйшыя за сяброўства і каханьне. Гэта клясавая катэгорыя. Найлепшы сябар выкрывае свайго сябра, які выратаваў яму жыцьцё на фронце: гэта апраўдвала адносіны зь сябрамі, яго здрада», — так запісаў Крамаў гэты ўспамін Бярозкіна.
Рыгор Бярозкін таксама ўспамінае, як паэт Уладзімер Дубоўка вярнуўся пасьля 29 гадоў турмаў і высылак — сівы, састарэлы.
«Па вяртаньні сустрэліся — Дубоўка кажа, што зьбіраецца пераехаць у Маскву.
— Навошта? — кажу. — Ты ж беларускі паэт»
— Не магу жыць у адным горадзе з Кандраткам».
Кандрат Крапіва
Пра клясыка Кандрата Крапіву ёсьць нямала мэмуарных згадак, у прыватнасьці, пра тое, як ён удзельнічаў у дапамозе развалу «Ўзвышша», як аддзяляў сябе ад тых, што потым сталі выгнаньнікамі і ахвярамі — многія ж з «узвышэнцаў» загінулі ў лягерах, кажа Ціхан Чарнякевіч.
«То бок гэты чалавек вырашыў цалкам стаць на партыйную лінію, ісьці па ёй ад пачатку да канца, а партыйныя заданьні выконваў дбайна і дакладна. Менавіта таму, можа быць, ён і выжыў.
Некалі Панамарэнка (Панцеляймон Панамарэнка ў 1938–1947 гадах быў першым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі. — РС) зьбіраў пісьменьнікаў і казаў: «Давайце выпусьцім Андрэя Аляксандровіча, ёсьць такая магчымасьць. Ёсьць сьведчаньні, што Крапіва сказаў: «Няхай сядзіць, дзе сядзіць».
Што да Дубоўкі, я думаю, што ён знаёміўся з матэрыяламі справы, і калі ён казаў гэтыя словы — «не хачу жыць у адным горадзе з Кандраткам» — на тое былі важкія прычыны. Усё ж такі з 1930-га да канца 1950-х Дубоўка знаходзіўся ў зьняволеньні і высылцы — гэта ледзь не палова ягонага жыцьця», — разважае Ціхан Чарнякевіч.
Кузьму Чорнага Рыгор Бярозкін называе «найлепшым беларускім празаікам, увасабленьнем духу мовы, сур’ёзным пісьменьнікам». У 1938 годзе Кузьму Чорнага нечакана арыштавалі.
«Ён быў перапалоханы да кашмару. Сябра «Ўзвышша». Робіць саступкі, піша дагодлівыя рэчы — адно: зысьці з-пад сякеры. Дзяліцца — баяўся. Але відаць было: страх. Яго псыхалёгія творчая тых гадоў. Чорны піша раман «Бацькаўшчына». Немец — у цэнтры — які здабыў радзіму ў Беларусі...
Чорнага хутка выпусцілі. Калі выйшаў, кінуўся мне на шыю: — Дзякуй, браце. (Яму давалі чытаць паказаньні розных людзей на яго)...
Чорнага катавалі.
... У Кузьмы ў дзёньніках запіс ваенных гадоў: «Сёньня прыйшоў да мяне Уры Фінкель (габрэйскі пісьменьнік). Я стаў на калені перад ім перад пакутамі яго народу». (Дзяцей Фінкеля спалілі немцы ў мястэчку.)
Памёр у 44 г. у вызваленым Менску ад інфаркту», — так узгадваецца Кузьма Чорны ў запісаных успамінах Рыгора Бярозкіна.
Кузьма Чорны
Унук Кузьмы Чорнага Мікола Раманоўскі кажа, што тое, што пра ягонага дзеда Бярозкін тут гаварыў, падобна да праўды.
«Пра Чорнага праўдападобна. «Саступкі» — гэта тое самае, чаму ў дзёньніку ў 1944-м Чорны занатаваў: «Пасьля вайны буду пісаць як хачу і магу».
Вядома, напрыклад, што фінал «Любы Лук’янскай» быў перароблены, бо аўтарскі варыянт не прапусьціла цэнзура ў асобе Дадзіёмавай, таксама пра гэта я чуў ад мамы. Было маміна інтэрвію, апублікаванае ў томе «Чалавек — гэта цэлы сьвет» сэрыі ЖЗЛБ («Жыцьцё знакамітых людзей Беларусі»). Калі ў 1988 годзе ў «Полымі» надрукавалі цалкам дзёньнік Чорнага, Дадзіёмава яшчэ жыла, маме пазваніла і абуралася, як ён мог так напісаць. І тады пра «Любу Лук’янскую» сказала, што там фінал быў нейкі не такі, і яна настаяла, каб аўтар яго перапісаў і палепшыў.
Адна недакладнасьць: памёр Чорны не ад інфаркту, а ад інсульту, другога (першы інсульт быў у Маскве). І цытата зь дзёньніка пра Уры Фінкеля недакладная, хоць у рэальным запісе ня менш зычлівасьці», — кажа ўнук Кузьмы Чорнага.
Графіці з выявай Кузьмы Чорнага на вуліцы Кузьмы Чорнага ў Менску. Ліпень 2020 году
Мікола Раманоўскі прызнаецца, што нават для яго, дасьведчанага ў тэме рэпрэсіяў, было шмат новага, найперш — характарыстыкі канкрэтных асобаў.
«Ня ўспомню, ці хто яшчэ апісаў атмасфэру 1937 году ў Менску настолькі выразна. Пра сьледчага ў 1945-м і «На чым мы спыніліся?» я чуў яшчэ за савецкім часам ад сваёй мамы Рагнеды, якая зь Бярозкіным была знаёмая. Пра расстрэл пад Чэрвенем таксама, але ў злагоджанай вэрсіі — і больш веру таму, што цяпер чытаю, тым больш што чуў раней пераказ і гэтага апісаньня», — кажа Мікола Раманоўскі.
Наколькі можна давяраць гэтаму канспэкту ўспамінаў Рыгора Бярозкіна?
На думку Ціхана Чарнякевіча, калі ён апавядае пра сябе, гэтаму можна цалкам давяраць. Калі пра іншых — могуць узьнікнуць пэўныя пытаньні.
«Пра свой арышт ён гаворыць праўду, апавядае пра сваіх сьледчых. Усё астатняе, вядома, павінна быць праверана. Бо Бярозкін ня быў непасрэдна пры арыштах іншых пісьменьнікаў. З другога боку, ён крыніца — ад родных, сяброў, якія перадавалі яму пэўныя зьвесткі пра абставіны арыштаў, пра тое, хто ў іх удзельнічаў, хто сьледчыя, якія былі даносы, кім напісаныя. Усё гэта віравала, чуткі віравалі.
А самі крымінальныя справы дагэтуль закрытыя, яны ляжаць ў КДБ, і дасьледнікі ўжо даўным-даўно ня маюць доступу да гэтых архіваў.
Калі крымінальныя справы стануць даступныя, мы зможам дакладна пракамэнтаваць ўспаміны Бярозкіна», — мяркуе Ціхан Чарнякевіч.
Тады могуць адкрыцца яшчэ больш цікавыя старонкі гісторыі, сумныя і драматычныя.