Каму унія была больш выгоднай — ВКЛ ці Польшчы? Якім чынам князь Ягайла ішоў да заключэння саюзу? Што за перадумовы склаліся ў Польшчы, каб дзяржаве спатрэбіўся на пасаду караля літоўскі князь? Як польская палітычная эліта ўспрыняла Ягайлу? Хто насамрэч стаяў за ідэяй палітычнага шлюбу між Ягайлам і польскай каралевай Ядвігай? Адказы дае на сваім ютуб-канале гісторык Алесь Краўцэвіч.
Для польскай гістарыяграфіі Крэўскай уніі характэрнае сцвярджэнне, што унія была больш патрэбная Літве, чым Польшчы. Яно вынікае з меркавання шэрагу польскіх аўтараў пра слабую Літву і моцную Польшчу напярэдадні уніі, адсюль нібыта лагічная выснова, што саюз быў больш патрэбны Літве.
Насамрэч пры параўнанні як унутранага, так і міжнароднага становішча абодвух краінаў высвятляецца, што ўсё было зусім інакш. Нааварот. Вялікае Княства Літоўскае мела нашмат больш стабільную сітуацыю як у самой дзяржаве, так і на міжнароднай арэне.
Вялікі князь Ягайла Альгердавіч у 1382 г. выйграў вайну з Кейстутам і Вітаўтам, праз два гады, у 1384 г. Вітаўт прызнаў перамогу апанента і вярнуўся з Прусіі ў Літву на становішча ўдзельнага князя. У канцы 1382 — пачатку 1383 г. Ягайла збройнай сілай вярнуў Падляшша, якое захапіў мазавецкі князь Януш І падчас ліцвінскіх замешак.
Да 1384/1385 г. адносіцца падпісанне дамовы Ягайлы з маскоўскім князем Дзмітрыем Іванавічам, якая на пэўны час нармалізавала ліцвінска- маскоўскія адносіны. Мір быў патрэбны абодвум бакам: Ягайлу для рэалізацыі шлюбнага праекта, маскоўскаму князю, каб адрабіць страты пасля пагрому Масквы ханам Тахтамышам. У 1386 г. Дзмітрый Іванавіч не падтрымаў збройны выступ супраць Ягайлы полацкага і смаленскага князёў.
Адзінай сур’ёзнай праблемай для Літвы заставаўся Тэўтонскі ордэн, з якім Ягайла парваў саюз з-за падтрымкі крыжакамі Вітаўта. Але гэта была даўняя, прычым несмяротная хвароба, з якой ліцвіны давалі рады.
Намнога больш праблемнай і нестабільнай была сітуацыя Польшчы, як у самой краіне, так і ў міжнароднай палітыцы. У 1382 г. памёр Людовік Анжуйскі, венгерскі і польскі кароль, які больш клапаціўся пра інтарэсы сваёй радзімы Венгрыі. Ён далучыў Галіччыну да Венгерскага каралеўства, увёў туды венгерскую адміністрацыю, на здабычу якой палякі патрацілі шмат сілаў і сродкаў (пазней палякам давялося выбіваць адтуль венграў сілай). На польскі трон мелася некалькі прэтэндэнтаў. У 1384 г. на польскага караля (не каралеву) была каранаваная дзесяцігадовая дачка Людовіка Ядвіга.
Кароль-дзяўчынка не змагла спыніць міжусобную вайну ў Вялікапольшчы, якая пачалася ў час бескаралеўя ў 1382 г. і працягвалася да 1385 г. Дзве партыі феадалаў (прыхільнікі Гжымалітаў і Наленчаў) змагаліся за ўплывы і пасады ў Вялікапольшчы, і без моцнага караля не было каму іх замірыць.
Кароль Ядвіга сядзела ў Кракаве, рэй ад яе імя вяла група рэгіянальных арыстакратаў з Малапольшчы, вядомая як «партыя малапольскіх паноў». Гэта зразумела, бо аб’яднаўчым цэнтрам каралеўства была Малапольшча са сталічным Кракавам. Група складалася з некалькіх родаў, якія займалі ключавыя дзяржаўныя пасады і мелі падтрымку рыцарства Кракаўскай і Сандомірскай земляў. Палітычны ўплыў гэтай групы быў аслаблены пры Казіміры ІІІ, але зноў узмацніўся ў час каралявання Людовіка Венгерскага, які не сядзеў у Польшчы, а знаходзіўся ў сваёй Венгрыі.
Дамінацыя малапольскай эліты (Тэнчынскіх, тарноўскіх і мельштыньскіх Лелявітаў) выразна праявілася ў 80-я гады XIV ст., асабліва пасля смерці Людовіка (1382 г.) Феадальная эліта Вялікапольшчы не склала канкурэнцыю малапалянам яшчэ і таму, што не здолела кансалідавацца і развязала міжусобную вайну.
Менавіта партыя малапольскіх паноў задумала і рэалізавала шлюб сваёй каралевы з ліцвінскім гаспадаром, маючы на мэце найперш свае партыкулярныя інтарэсы, а ўжо потым дзяржаўныя. Шматлікія і надзвычай сур’ёзныя перашкоды на шляху рэалізацыі свайго праекта малапольскія паны маглі пераадолець толькі пры наяўнасці сустрэчнага руху з боку патэнцыйнага жаніха. Дамова ў Крэве была сведчаннем таго, што Ягайла быў гатовы ісці насустрач.