Часам здараецца, што нас ахінае дзікі страх: пацеюць далоні, сэрца гатовае выскачыць з грудзей, нямеюць рукі і ногі, адымае мову. Прычынай можа стаць рэальная пагроза: злы сабака насупраць альбо аварыя. А бывае, што паніка нападае без дай прычыны. Альбо мы баімся чагосьці ірацыянальнага: падземнага дэмана, злых чараў і г.д.
Якім бы ні быў чыннік, што выклікае страх, жыць з такім грузам у душы становіцца вельмі складана. Страх выцягвае энергію, прымушае падоўгу вагацца перад любым, нават самым маленькім і нязначным выбарам, замінае ісці наперад і ўвогуле нешта рабіць. Таксама эмоцыі, звязаныя са страхам, уплываюць і на фізічны стан. Цяжкае дыханне, арытмія, бяссонніца і іншыя непрыемныя рэчы.
У гэтым артыкуле мы прапануем 5 метадаў пазбаўлення ад страху.
1. Пісьменніцкі
Стварыце для сябе ўтульную і спакойную атмасферу. Пакладзіце побач шмат паперы і алоўкаў. Выдыхніце, настройцеся на тое, што зараз вы «сустрэнецеся» са сваімі ўласнымі жахамі. Звычайна наша псіхіка ўключае абарончыя механізмы і намагаецца «не думаць» пра тое, што нас палохае. Здыміце зараз гэтую абарону.
Уявіце вельмі выразна тое, чаго вы баіцеся, і пішыце. Апісвайце ўсё: сітуацыю, ворага, свае адчуванні і эмоцыі. Можаце нават дзе-нідзе рабіць замалёўкі. Галоўнае — максімальна шчыра і дэтальна прапісаць свой страх, асвятліць яго з усіх бакоў.
Калі адчуеце: усё, больш няма чаго напісаць, што ваш страх асветлены і разабраны дэтальна, паперу спальваем. Тут галоўнае — не кінуць аркушы на вогнішча і пайсці, а ўважліва назіраць, як гарыць ваш страх, як ён пераўтвараецца ў попел, у нішто.
Запомніце гэтую карцінку дэтальна: што вы бачыце, што адчуваеце, якія пахі навокал, цёпла вам ці халодна... І, калі адчуеце, што вас зноў «накрывае», узгадвайце гэтую карцінку ва ўсіх дэталях і падрабязнасцях. Паступова прапісаны і спалены страх перастане вам нават нагадваць пра сябе.
2. Энергетычны
Застаньцеся сам-насам, прыглушыце святло, прысядзьце на ўтульную канапу альбо выцягніцеся на падлозе. Заплюшчыце вочы і прыдумайце свайму страху колер. Для гэтага ўзгадайце і назавіце, чаго вы баіцеся. Толькі будзьце ўважлівымі. Паспрабуйце разабрацца, што вас палохае насамрэч.
Напрыклад: страх перад сабакам. Можна баяцца болю, які выкліча ўкус. Можна баяцца шнараў, якія застануцца і сапсуюць вашу прыгажосць. А можна баяцца, што сабаку за нападзенне на чалавека, хутчэй за ўсё, усыпяць. Таксама можна баяцца грашовых трат, звязаных з лячэннем. Як бачыце, сапраўдная прычына страху не заўжды ляжыць на паверхні.
Калі вызначыцеся, чаго менавіта вы баіцеся, запытайце ў сябе: «а дзе ў маім целе жыве гэты страх?». Звычайна першае, што прыйшло да галавы, і ёсць адказ, дзе пасялілася гэтая эмоцыя. Уявіце ў тым месцы пляму колеру вашага страху.
Моцна і інтэнсіўна патрыце адна аб адну далоні — пакуль яны не стануць гарачымі. Прыкладзіце іх да таго месца, дзе сядзіць ваш страх. Сагрэйце яго і ўявіце, як цяпло вашых далоняў растварае тую каляровую пляму, яна становіцца ўсё меншай, меншай і нарэшце знікае зусім.
Калі з першага разу знішчыць пляму да канца не атрымалася, паўтарайце практыкаванне да таго часу, пакуль пляма-страх не знікне.
3. Фізічны
З даўніх часоў у чалавека ёсць абарончы механізм: выкід на розныя эмоцыі пэўных гармонаў, якія актывізуюць цягліцы, паскараюць дыханне альбо, наадварот, супакойваюць арганізм. Эмоцыі страху часцей за ўсё звязаныя з небяспекай. Небяспека — значыць, трэба альбо ўцякаць, альбо напасці ў адказ. Таму наша разумнае цела выпрацоўвае адрэналін — актывізатар працы мышц, хуткага руху крыві і г.д.
Таму, каб не парушаць зладжанай працы свайго арганізма, залішні адрэналін трэба спальваць праз фізічную актыўнасць. Вам страшна? Бегайце, скачыце, тупайце нагамі, крычыце — усё, што дапаможа вашаму целу хутчэй перапрацаваць выкінуты адрэналін. Вельмі дапамагае ў такіх выпадках брыканне нагамі (гістарычна так склалася, што за эмоцыі страху ў нас у асноўным адказваюць ногі), выпады, працяглы бег і жорсткі масаж ног.
4. Прасторавы
Гэты метад пабудаваны на прынцыпе: меншы заўжды баіцца большага. Памятаеце арабскую казку пра злога Дэва? Гэта быў велікан, які вырастаў суадносна з тым страхам, які адчувалі яго ворагі: чым больш яго баяліся, тым большым станавіўся Дэў. І наадварот — калі яму трапляўся вельмі адважны праціўнік, велікан ператвараўся ў гноміка.
Прыкладна па тым жа прынцыпе спрацоўвае і наш страх. Таму трэба самому заняць як мага больш прасторы. Што значыць «заняць больш прасторы»? Не, гэта не пра «набраць некалькі лішніх кілаграмаў». Займаць прастору — азначае праяўляць сябе любым чынам. Гучна спяваць, танцаваць, маляваць «ад душы» (можна раскласці ватманы ці кавалкі шпалер проста на падлозе і пэцкаць іх фарбамі ў сваё задавальненне). Любое праяўленне сябе: я ёсць! Тады страху проста не застанецца месца побач з вамі.
5. Крэатыўны
Стварыце для сябе абярэг, які будзе абараняць вас. Можна стварыць адзін — універсальны ад усіх страхаў. Можна «замарочыцца» і на кожны від страха ствараць свой унікальны абярэг.
Гэта можа быць, што заўгодна. Калі вы веруючы чалавек, натуральна, што гэта хутчэй за ўсё будзе сімвал вашай веры: крыж, распяцце, сякерка і г.д. Можна знайсці сабе фамільяра (калі далучацца да шаманскіх традыцый): істоту альбо жывёлу-памочніка. І насіць з сабой яго выяву.
Абярэгам можа служыць фота роднага альбо каханага. Прыгожы каменьчык, які вы знайшлі ў значным для вас месцы (альбо падчас нейкай важнай падзеі). Кніга, любімая цацка, люстэрка, сувенір-падарунак ад самага блізкага чалавека. Нават вопратка. Карацей — любая рэч, якую вы самі надзеліце абярэжнай сілай. Тут самае важнае — працэс стварэння. Калі вы абіраеце ці ўласнаруч ствараеце свой абярэг, узгадвайце свае страхі і ўяўляйце, як ваш абярэг знішчае іх.
Галоўнае памятаць: страх, як і іншыя эмоцыі, нельга хаваць. Непражытая, прыхаваная эмоцыя абавязкова адпомсціць вам хваробай, разладам у камунікацыях, знясіленнем. Пражывайце свае страхі і пазбаўляйцеся ад іх назаўжды!
Вікторыя Лебедзева, Budzma.by