Пра заняткі, якія дапамагаюць супакоіцца, распавядае Sojka

Малюнак Dziyana Kindziuk
Выпяканне прысмакаў можа быць эфектыўным супраць стрэсу і нават дэпрэсіі. Выпечка спалучае ў сабе творчасць (сродак самавыяўлення) і фізічнае высілак (замясіць-раскачаць-наклеіць). Адно ўдыханне водару шакаладу можа павысіць узровень гармону радасці, а пачастунак гатовымі прысмакамі – гэта спосаб выказаць сваю любоў да іншых.

Малюнак Dziyana Kindziuk
Расліны ачышчаюць паветра, даюць нам шмат супакаяльнага зялёнага колеру і ўздымаюць настрой. І не толькі тыя, да якіх трэба ехаць на электрычцы за горад — можна распачаць тэрапеўтычнае раслінаводства дома. Не ведаеце, з якой расліны пачаць азеляненне кватэры? Вазьміце папараць: гэта дасканалы фільтр і ўвільгатняльнік паветра, нацыянальны сімвал і татэмны летні куст.

Малюнак Dziyana Kindziuk
Нават калі ў вас няма пісьменніцкіх амбіцый, пісанне цалкам можа стаць улюбёнай формай хобі і тэрапіі адначасова. Можна весці экспрэсіўны дзённік, запісваць эмоцыі, разбіраць складаныя сітуацыі, характарызаваць людзей. Можна пісаць лісты. Іх зусім не абавязкова адпраўляць адрасатам, затое будзе цікава перачытваць самім праз нейкі час. Дарэчы, дзённік эмоцый — даволі частая парада псіхолагаў для людзей з памежным расстройствам асобы.

Малюнак Dziyana Kindziuk
Маленькія кавалачкі з няроўнымі берагамі маюць магутную сілу: дапамагаюць адрэгуляваць узровень узбуджанасці, сканцэнтравацца і супакоіцца адначасова. Пакуль вы рэлаксуеце перад сном, ваш зрок і логіка праходзяць якасны workout. Ужо не кажучы пра безліч матываў, якія можна збіраць: ад фота прыроды да палотнаў вядомых жывапісцаў.

Малюнак Dziyana Kindziuk
Кіламетры пехам хоць у горы, хоць праз лясы і паляны — гэта такая сабе медытацыя для актыўных, якая ачышчае розум і прымушае канцэнтравацца на «тут і цяпер», асабліва калі пры гэтым ёсць фізічныя высілкі. Часам можна нават злавіць няхілы дзэн ад сузірання прыроды навокал — каму што бліжэйшае: альбо гор, альбо балатоў тваіх, азёр.

Малюнак Dziyana Kindziuk
Калі дапускаецца зашкал пафасу, то праца з глінай — гэта сімвал стварэння сусвету. З цяплом вашых рук і, магчыма, эмоцый, халодны, брудны матэрыял ператвараецца ў чыстую красу. Псіхолагі раяць кераміку тым, у каго была сэнсарная дэпрывацыя, то бок, адсутнасць эмоцыяў ад дотыкаў, абдымкаў. Гліна, паводле тых, хто з ёй працуе, навобмацак нагадвае скуру чалавека і можа вярнуць страчаныя адчуванні.

Малюнак Dziyana Kindziuk
На шчасце, птушкі — не бездань. Яны не пачнуць глядзець у адказ на тых, хто пільна ўглядаецца ў іх справы. Дык чым жа не варыянт для адпачынку! Самы звычайны гарадскі парк ці нават двор падорыць сустрэчу з птушкамі. А далей вашая справа: карміце, фатаграфуйце, занатоўвайце ці замалёўвайце. Вельмі расслабляе і супакойвае.

Малюнак Dziyana Kindziuk
Калі займацца музыкай добраахвотна і ад душы, а не па прымусе, то можна адкрыць цэлы новы сусвет. Музыка развівае творчасць, абараняе ад дэменцыі, бо трэніруе памяць і слых, паляпшае маторыку і дае магчымасць стаць зоркай вечарыны.
Дарэчы, нават калі вам не пашчасціла з музычнымі здольнасцямі, спяваць усё роўна карысна. У адзіноце, хоры ці на адмысловых занятках па тэрапеўтычных спевах.

Малюнак Dziyana Kindziuk
Вязанне нясе столькі карысці, што ім можна замяняць вітаміны. Справа ў тым, што гэты занятак змяншае напругу ў цягліцах, развівае маторыку, стымулюе працу мозга, супакойвае і дапамагае змагацца са стрэсам. Прыгожыя рэчы, якія можна стварыць уласнымі рукамі, ідуць у камплекце да гэтых цуда-бонусаў!