Навошта? Перанос гарадоў у сярэднявечнай Беларусі

30.08.2023 Гісторыя

Каму і навошта спатрэбілася пераносіць цэлыя гарады ў тыя далёкія часы, калі і тэхнікі ніякай не было, акрамя конскай, валовай ды чалавечай цяглавай сілы? А між іншым, такія выпадкі ў Беларусі вядомыя. Пад канец Сярэднявечча перанясенне горада стала нават масавай з’явай, праўда, з пэўнай спецыфікай. Што гэта за спецыфіка? Якія гарады былі перанесены, і як адбываўся той перанос? Распавядаем у артыкуле.


Прыклады перанесеных гарадоў

Найбольш гучная і гарачая дыскусія разгарнулася паміж прыхільнікамі і праціўнікамі версіі пераносу ў другой палове ХІ ст. сённяшняй беларускай сталіцы Менска з-над Менкі да вусця Нямігі.

1_Гарадзішча на Менцы.jpg
Гарадзішча на Менцы

Другі значны, хоць і менш вядомы прыклад — Смаленск. Археалагічна абгрунтаваная версія пра пачатковы горад Смаленск каля знакамітага Гнёздава, дзе археолагі ўжо паўтара стагоддзя даследуюць найбагацейшы комплекс паселішчаў і курганных могільнікаў.

Паміж гарадзішчам на Менцы і вусцем Нямігі каля 16 км, летапісы пра перанос маўчаць, можа, таму, што пісаліся далёка ад месца дзеі — у Кіеве ды Ноўгарадзе (хутчэй бы ўжо полацкі летапіс знайшоўся!).

Чаму быў перанесены Менск

Версія пра перанясенне Менска была агучаная яшчэ ў 20-я гады ХХ ст., але пасля вайны галоўным яе крытыкам выступіў прафесар Эдуард Загарульскі, шматгадовы кіраўнік кафедры археалогіі БДУ. Аднак пераканаць большасць калег не змог, і сёння археолагі ўпэўнена кажуць пра перанос горада, верагодна, пасля знішчэння ў 1067 г. на новае, больш зручнае месца.

2_Вусце р. Нямігі і менскае Замчышча. 1920 г..jpg
Вусце р. Нямігі і Менскае замчышча. 1920 г.

Галоўнай прычынай бачаць якраз не знішчэнне — звыклая на той час справа, драўляныя гарады рэгулярна нішчыліся, і часцей агнём, чым варожым штурмам.

Галоўная прычына заняпаду горада на Менцы і росквіту Менска над Нямігай і Свіслаччу — змена кірунку міжнародных гандлёвых дарог, менавіта «шляху з варагаў у грэкі». На ім, а канкрэтна на абслузе волаку між нёманскай і дняпроўскай воднай сістэмамі ўзнік і разросся Менск на Менцы. Але праз стагоддзе-другое нешта памянялася, і рух тут знік, складана адказаць, па якіх менавіта прычынах. А на месцы горада засталася адно вёска.

А яшчэ маюцца хоць ускосныя, але моцныя доказы пра пачатковы Менск на Менцы: магутныя абарончыя валы і равы з дадатковым умацаваннем княскага дзядзінца, велізарны пасад, найбольшы з вядомых ва ўсходніх славян — да 40 гектараў, і ўрэшце рака Менка, як Палата ў Полацку, Віцьба ў Віцебску, Друць у Друцку, Вільня ў Вільні...

3_Знак на гарадзішчы першага Менска.jpg
Знак на гарадзішчы першага Менска

Перанесці горад? Без праблем!

Усё ж, наколькі складана тэхнічна было перанесці беларускі горад у Сярэднявеччы? Ды без праблемаў! Маёмасць жыхароў толькі рухомая, мураваных нерухомасцяў не мелі. Жылыя дамы спрэс драўляныя, невялікія, тэрмін службы каля 20–30 гадоў — часта гарэлі ці згнівалі ў вільгаці. Пераносіць іх не было сэнсу.

Іншая рэч — абарончыя ўмацаванні: валы, равы — агромністыя як на Менцы. Але што ў іх толку, калі няма каму бараніць, калі грамада перабіралася на новае месца, будавалася там, множылася і ўзводзіла новыя ўмацаванні. Усюды для аблягчэння абароны выкарыстоўвалі рэльеф. Вось у Менску на Свіслачы палічылі за лепшае ўладкавацца не на пагорках будучага Верхняга горада, а ўнізе на мысе, хоць балоцістым, затое з двух бакоў абароненым водамі Свіслачы і Нямігі.

Як і калі адбываўся масавы перанос старых гарадоў

Масавы перанос старых гарадоў у Беларусі пачаўся з канца XV — пачатку XVI ст. і таксама па прычыне змены сітуацыі як эканамічнай, так і палітычнай.

  • Па-першае, ужо не было істотнай знешняй небяспекі, толькі крымскія татары зрэдку дабіраліся праз Дзікае поле.

  • Па-другое, ад канца XV ст. пачаўся агульнаеўрапейскі дэмаграфічны і, адпаведна, эканамічны ўздым.

Не было ўжо вялікай патрэбы ў абарончых збудаваннях (акрамя як у гарадах пры мяжы з Масквой), але з’явілася патрэба ў прасторнай гандлёвай плошчы. Вырастала прадукцыйнасць сялянскіх і панскіх гаспадарак, расла грашовая маса, прычым у літаральным сэнсе, бо грошы тады выступалі толькі ў выглядзе манет з каштоўных металаў. Сялянам ужо не хапала гарадскіх рынкаў, таму пачалі разрастацца мястэчкі з іх штотыднёвымі кірмашамі — гандлёва-рамесныя цэнтры вясковай ваколіцы ў радыусе 15–20 км.

4_Мястэчка Гальшаны. Забудова ля плошчы.jpg
Мястэчка Гальшаны. Забудова ля плошчы

А ў гарадах жыхары пакідалі старыя дзядзінцы — спускаліся з пагоркаў ці выходзілі з забалочаных мысоў і перасяляліся на прастор у зручнейшае месца як мага бліжэй да новага цэнтра — рыначнай плошчы з ратушай, дзе віравала жыццё. Найдаражэй каштавалі пляцы пры самым рынку, дзе можна было здабыць большы даход, асабліва падчас кірмашоў. Дамы шчыльным шэрагам атачалі рынак, параднымі аздобленымі фасадамі дэманстравалі статус гаспадара і прываблівалі кліентаў; у падвале склад, першы паверх — крама ці майстэрня, на другім — жытло.

Перасяленне магло быць недалёкім — у некалькі сотняў метраў, як у Менску з Замчышча ў Верхні горад, а магло быць і на кіламетры, як у Ваўкавыску.

5_Ваўкавыск з пакінутым дзядзінцам на заднім плане. 1934 г. фота Віктар Макуць.jpg
Ваўкавыск з пакінутым дзядзінцам на заднім плане. 1934 г. Фота: Віктар Макуць

Жыццё на старых дзядзінцах паступова замірала, за выключэннем гарадоў пры небяспечнай маскоўскай мяжы.

Чым каштоўныя старыя дзядзінцы

Закінутыя гарадскія цэнтры Х—XIV стст. на ўскраінах сучасных гарадоў ці вёсак — каштоўныя аб’екты для археолагаў.

 Старажытны Друцк
Старажытны Друцк

Горай было, калі горад разрастаўся ў часы індустрыялізацыі і нішчыў ды раўняў з зямлёй даўнія замчышчы. Часам чужынская ўлада рабіла гэта свядома, як у беларускай сталіцы праз катлаван станцыі метро «Няміга» на Менскім замчышчы.

А сёння на такім пакінутым дзядзінцы, дзе-небудзь на Шведскай гары ў Ваўкавыску на самай вяршыні, калі прыкласці вуха да зямлі, можна праз шматметровы пласт культурнага слою пачуць шум галасоў тых даўніх людзей, якія яго пакінулі...

Дзе наша слава,
Гонар наш дзе? —
Званамі
Знямелых дзядзінцаў
Гудзе...
(Мікола Пракаповіч)

Канстанцін Семяновіч, budzma. org