Вайна 1248 — 1254 г. стала для Вялікага Княства Літоўскага цяжкім выпрабаваннем. Рэгулярныя паходы варожых войскаў моцна спустошылі Верхняе і Сярэдняе Панямонне. Нарэшце ў 1254 годзе быў заключаны мір паміж ВКЛ і Галіцка-Валынскім княствам. Якімі былі ўмовы той мірнай дамовы і чым яна сталася для Вялікага княства — перамогай ці ўсё ж хутчэй паразай?
Сітуацыя напярэдадні міру і ўмовы мірнай дамовы
Мірную дамову з Галіцка-Валынскім княствам заключыў па даручэнні вялікага князя Міндоўга ягоны сын Войшалк. Летапісец паведаміў, што Войшалк аддаў валынскім князям «Новогородъкъ отъ Миндога и отъ себе Вослонимъ и Волковыескъ, и всѣ городы».
Умовы міру 1254 г. былі для Вялікага Княства Літоўскага цяжкімі, дзяржава нібы разрывалася на дзве часткі.
Запіс у летапісе пра мір 1254 г.
Праз апісанне ўмоваў мірнага пагаднення, а таксама на аснове іншых звестак летапісу можна прааналізаваць палітычную сітуацыю на Панямонні напярэдадні міру 1254 г.
Пачатковая тэрыторыя дзяржавы складалася з Наваградскай і Гарадзенскай земляў (разам з гарадамі Слонім, Ваўкавыск, Здзітаў і інш.) і часткі Літоўскай зямлі (у сярэднім цячэнні Віліі), падпарадкаванай Міндоўгу. Першы вялікі князь Міндоўг княжыў у Наваградку і непасрэдна валодаў сваёй часткай Літоўскай зямлі. Ягоны сын Войшалк, прыняўшы праваслаўе, як васал Міндоўга кіраваў іншымі славянскімі гарадамі Панямоння.
Войшалк. Малюнак з летапісу
Галіцка-валынскія князі Даніла і Васілька Раманавічы не толькі аднавілі, але і ўзмацнілі свае ўплывы на Панямонні. Па ўмовах пагаднення сын Данілы Раман атрымаў у валоданне Наваградак, Слонім, Ваўкавыск і іншыя землі на Панямонні, акрэсленыя летапісцам як «всѣ городы». Войшалк адышоў ад свецкага жыцця, прыняў манаскі сан і накіраваўся ў паломніцтва на Святую Гару (Афон).
Войшалк засноўвае манастыр. Мініяцюра з Астэрманаўскага І тома Ліцэвога летапіснага збору, XVI ст.
Мірная дамова была замацаваная шлюбам другога сына Данілы Раманавіча Шварна з дачкой Міндоўга (імя невядомае). Рэдкае імя Шварна Данілавіча выводзіцца з чэшскай і старапольскай моваў і перакладаецца як «прыгожы, чысты».
Новая сістэма адносінаў на Панямонні
На Панямонні ўсталявалася складаная, але дастаткова тыповая для Сярэднявечча сістэма феадальных адносінаў. Раман Данілавіч стаў уладальнікам славянскай часткі Панямоння, але як васал не бацькі, але Міндоўга, які застаўся фармальным гаспадаром Вялікага Княства Літоўскага.
Галіцка-Валынскае княства
Пад вяршэнствам Рамана знаходзіліся ўдзельныя князі-славяне. Князі гэтыя, па ўсёй верагоднасці, паходзілі з мясцовых дынастый, здаўна звязаных з Валынню, потым адсунутых ад кіравання ў выніку балта-славянскага саюза і цяпер вернутых на ранейшыя месцы. Летапіс называе разам з Глебам Ваўкавыскім, цесцем Рамана Данілавіча, яшчэ Ізяслава Свіслацкага.
Міндоўг захоўваў вяршэнства над усім Верхнім Панямоннем, у тым ліку над уладаннямі Рамана Данілавіча, хоць залежнасць Рамана ад ліцвінскага гаспадара мела хутчэй намінальны характар. Напрыклад, Даніла зімой 1254/55 гг., сабраўшыся ў паход на яцвягаў, наўпрост звязаўся з сынам, і той прыйшоў з наваградцамі і названымі вышэй мясцовымі князямі. Але праз паўгода ў падобнай сітуацыі Рамана і наваградцаў да Данілы прысылаў ужо Міндоўг.
Папа Рымскі Аляксандр IV
У лісце Папы Рымскага Аляксандра IV да Міндоўга ад 6 сакавіка 1255 г. гаворыцца пра тое, што ліцвінскі гаспадар праз змаганне «супроць каралеўства Русі (Галіцка-Валынскага княства — К.С.) ды яго насельнікаў, падпарадкаваў сваёй уладзе некаторыя землі гэтага каралеўства». Гэта яшчэ адно ўскоснае сведчанне, што Раман Данілавіч кіраваў Панямоннем не як часткай Галіцка-Валынскай дзяржавы, а ў якасці васала Міндоўга.
Нестандартны адыход і вяртанне Войшалка
У навастворанай, ці дакладней, адноўленай палітычнай сістэме не знайшлося месца сыну Міндоўга — Войшалку. Прыняўшы манаскі сан, Войшалк, паводле тагачаснага светапогляду, выключаўся з палітычнага жыцця і не мог быць прэтэндэнтам на княскую пасаду.
Уяўны партрэт вялікага князя Войшалка (мастак — Мечыслаў Барвіцкі, 1908 г.)
Аднак гэты нестандартна арганізаваны адыход, як высветлілася, не перашкодзіў яму праз некалькі гадоў вярнуцца да актыўнай палітычнай дзейнасці, каб працягнуць справу бацькі.
Вынікі мірнай дамовы
Першая вайна Вялікага Княства Літоўскага закончылася кампрамісам.
Галіцка-Валынскае княства аднавіла свае ўплывы на Панямонні, але цалкам ліквідаваць мясцовы дзяржаватворчы асяродак не здолела. Саюз Міндоўг-Наваградак трываў надалей, жыццё працягвалася!
Канстацін Семяновіч, budzma.org
Чытайце яшчэ: Як Літва стала беларускай