Пад уладай Расійскай імперыі ў ХІХ ст. і ў пачатку ХХ ст. Літвой лічыліся заходнія Віленская і Гарадзенская губерні. Некаторыя гарады, каб адрозніць іх ад цёзак з Польшчы, мелі афіцыйную назву з дадаткам «літоўскі» Мінск-Літоўскі (быў яшчэ Мінск-Мазавецкі) і Брэст-Літоўскі, бо на тэрыторыі Польшчы меўся яшчэ Брэст-Куяўскі.
Літоўскія губерні ў Расейская імперыі. 1807 год
Гэты факт — доказ лакалізацыі гістарычнай Літвы ў новы і найноўшы час. Цікава, што амаль тое самае зафіксавалі этнографы сярод асноўнай масы насельніцтва — беларускіх сялян. Гарадзеншчына для іх была Літвой. Лінія падзелу паміж Літвой і Палессем праходзіла прыблізна паміж Ружанамі і Пружанамі, першыя знаходзяцца ў Літве, другія, адпаведна, ужо на Палессі.
Аднак вядома, што пачатковай Літвой была зямля балцкага племя, якое ў летапісах выступала пад той самай назвай «літва».
Летапісная Літва
Межы яе вызначаныя толькі прыблізна па адрыўкавых пісьмовых крыніцах: паўднёвая праходзіла на поўнач недалёка ад Менска (менскі князь Валадар у 1158 г.: «ходяше под литвою в лесех») і блізка Наваградка: Войшалк «учыніў сабе манастыр на Нёмане паміж Літвой і Наваградкам» (маецца на ўвазе Наваградскае княства). Паўночная мяжа таксама вызначаная адно прыблізна, археолагі агулам звязваюць літоўскую племянную тэрыторыю з арэалам распаўсюджання культуры ўсходнелітоўскіх курганоў.
Па назве памежнага з беларусамі племя Літвой пачалі называць і іншыя роднасныя плямёны, размешчаныя далей ад славяна-балцкай мяжы. Аказалася, што прыняцце назвы краіны па імені памежнага племя — звычайная справа, у тым ліку ў балтыйскіх землях. Напрыклад, Прусію насялялі сем саюзаў плямёнаў, а краіна была названая па імені памежнага з палякамі племя прусаў. Яшчэ цікавей было з Лівоніяй-Інфлянтамі. Немцы, якія ў канцы ХІІ ст. высадзіліся каля вусця Дзвіны, першымі сустрэлі тутэйшых ліваў, і ў выніку краіна атрымала назву Ліўлянд ад імя гэтага вугра-фінскага племя, хоць у ёй пераважала балцкае насельніцтва.
Ад ХІІІ ст. у летапісах, хроніках і актах розных народаў Літвой усё часцей пачалі называць Верхняе і Сярэдняе Панямонне, дзе ў сярэдзіне стагоддзя ўзнікла дзяржава, вядомая як Вялікае Княства Літоўскае.
На ўсім працягу існавання Вялікага Княства Літоўскага гэтая Літва (Уласна Літва, Літва ў вузкім сэнсе, Lithuania Propria) заставалася галоўнай, цэнтральнай вобласцю дзяржавы, што знайшло выразнае адлюстраванне ў тагачасных нарацыйных і актавых крыніцах. Этнічная сітуацыя ў ёй змянялася, і ўсё ў адным кірунку — беларусізацыі, нягледзячы на розныя палітычныя перыпетыі: паланізацыю шляхты і мяшчанства ад XVII ст., потым татальную русіфікацыю ад ХІХ ст. Летувіскія сяляне ў кантактнай зоне пераймалі беларускую мову, і гэты працэс не спыніўся нават у ХХ ст. Беларуска-летувіская этнічная мяжа перамяшчалася ў паўночна-заходнім кірунку, і ў пачатку ХХ ст. вядомы польскі даследчык Аляксандр Брукнер канстатаваў: «Сёння ў Віленскай губерні, даўняй Аўкштоце, агромністую перавагу маюць беларусы, летувісаў там ужо толькі 20%, а гудаў амаль у тры разы больш».
Іншая справа, што ў ХХ ст. у хаду этнічных працэсаў умяшаліся нацыянальныя дзяржавы. Галоўным крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці стаў суб’ектыўны — хто кім сябе лічыць, той тым і ёсць. За дваццацігоддзе паміж дзвюма сусветнымі войнамі масы беларускамоўных сялян-каталікоў з даўняй міжэтнічнай беларуска-летувіскай кантактнай зоны паміж Менскам і Вільняй прынялі польскую самасвядомасць у выніку нацыянальнай палітыкі міжваеннай польскай рэспублікі.
Польскі погляд на рассяленне палякаў, 1920 г.
Савецкая Беларусь на гэты працэс уплыву не мела, бо па сутнасці не з’яўлялася нацыянальнай беларускай дзяржавай, а толькі адміністрацыйнай адзінкай Савецкага Саюза. У ёй самой былі праблемы з нацыянальнай мовай і культурай. Пасля кароткага перыяду «беларусізацыі» і «карэнізацыі» паміж 1924–1929 гг. бальшавіцкая ўлада ў Маскве ўзяла курс на вяртанне палітыкі сістэмнай русіфікацыі і пачала фізічнае вынішчэнне маладой беларускай інтэлігенцыі.
У пасляваеннай БССР адмовіліся ад традыцыйнага гістарычнага раяніравання і прынялі геаграфічны крытэрый — паназывалі адметныя часткі краіны па рачных басейнах. З традыцыйных назваў засталося толькі Палессе. Гістарычная Літва стала «Панямоннем», а Русь — «Паазер’ем». Так мне здаецца, ці сапраўды ў гэтым чуецца адгалосак «Северо-Западного краю»?
Канстанцін Семяновіч для budzma. org
Чытайце яшчэ: