“Песні філаматаў і філарэтаў” у Беліцы і Беняконях

 5 траўня 2012 г. удзельнікі музычна-гістарычнага праекта “Песні філаматаў і філарэтаў”, што ажыццяўляецца пры падтрымцы грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і МГА “Гісторыка”, чарговы раз завіталі на Лідчыну на запрашэнне кіраўніка Лідскай раённай арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”, паэта і выдаўца Станіслава Судніка.

У Беліцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе прагучалі арыгінальныя ўзоры студэнцкага фальклору з рукапіснага зборніка, складзенага жонкай аднаго з заснавальнікаў Таварыства філаматаў Тамаша Зана Брыгідай Свентажэцкай у 1855 годзе і нядаўна знойдзенага ў віленскім архіве музыказнаўцам Святленай Немагай.

Вучні і настаўнікі ахвотна падцягвалі па спеўніках, падрыхтаваных МГА “Гісторыка”, песні на словы А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, А.Э.Адынца.

Гучалі таксама ўрыўкі з лістоў і ўспамінаў філаматаў, у тым ліку Ігната Дамейкі, які не раз праязджаў праз Беліцу, кіруючыся ў Ліду з маёнтка свайго дзядзькі ў Жыбуртоўшчыне.

Знакамітую “Песню Марылі” (яе, па ўспамінах сучаснікаў, часта напявала каханая А.Міцкевіча Марыля Верашчака) зладжана выканала трыо беліцкіх паненак.

Школьнікі выдатна агучылі вершы А.Міцкевіча “Чатыры тосты аднаго хіміка ў гонар прамяністых істот” і “Да Лауры” у перакладах з польскай мовы, адпаведна, Г.Янкуты і К.Цвіркі.

Удзельнікі імпрэзы традыцыйна частаваліся смачным малаком, якое калісьці сімвалізавала для філаматаў прыхільнасць да праўды і чысціні.

Найбольш актыўныя гледачы атрымалі памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма!”.

У той жа дзень праект “Песні філаматаў і філарэтаў” чакалі і ў мястэчку Беняконі Воранаўскага раёна, на самай мяжы з Літвой. Там у сярэдняй школе ўжо шмат гадоў дзейнічае цудоўны гісторыка-краязнаўчы музей, прысвечаны найперш Марылі Верашчацы (Путкамер). Менавіта ў Беняконях, каля касцёла, знайшла спачын муза Адама Міцкевіча, найлепшая сяброўка і паплечніца ўсіх філаматаў, таленавітая, мудрая жанчына з чулым і спагадным сэрцам. Да Марылі ў маёнтак Больценікі, дзе яна жыла пасля шлюбу з графам Ваўжынцам Путкамерам, любілі прыязджаць і сам Адам Міцкевіч, і іншыя сябры-філаматы, сюды пасля знішчэння таемных таварыстваў у 1824 годзе ляцелі лісты з розных канцоў свету. Марыля Верашчака стала для філаматаў своеасаблівым анёлам-ахоўнікам, сімвалам і захавальніцай іх студэнцкага сяброўства.

Апантаныя сваёй справай выкладчыкі Беняконскай школы і чароўныя паненкі-экскурсаводы хораша распавялі пра экспазіцыю музея, паслухалі і паспявалі разам песні, што, напэўна, не раз чула Марыля Верашчака, пазнаёмілі гасцей з Мінска з творчасцю слыннага мясцовага паэта і краязнаўцы Міхала Валасевіча (1925-2004), які на працягу многіх гадоў рупіўся пра ўшанаванне памяці Марылі і яе сяброў.

Пасля выступу ў школе госці і гаспадары наведалі маёнтак Больценікі, дзе ў добрым стане захаваліся сядзібныя пабудовы канца 19 стагоддзя і рамантычны пейзажны парк, абмеркавалі будучы лёс сядзібы з сустрэтым каля яе старшынёй СВК “Эліт-Агра” Юзафам Суркантам, які добра ўсведамляе гістарычную каштоўнасць Больценікаў, падыйшлі да славутага Каменя Марылі з выбітым на ім крыжам – сімвалам вечнага кахання.