Беларуская фатографка і студэнтка Варшаўскай кінашколы паказала гісторыю дзяўчыны, якая нечакана зацяжарала і спрабуе прымаць рашэнні самастойна. Стужку могуць намінаваць на «Оскар» і Еўрапейскую кінапрэмію, піша belsat.eu.

Кадр з фільму «Усіх звалі Анжэліка» (рэж. Саша Куцень). Скрыншот: Szkolafilmowa.pl
Кароткаметражны фільм «Усіх звалі Анжэліка» (Wszystkie miały na imię Anżelika) беларускай рэжысёркі Сашы Куцень атрымаў «Залатога ляйконіка» – прыз за найлепшы кароткаметражны фільм 66-га Кракаўскага кінафестывалю.
Стужка расказвае пра майстарку манікюру Анжэліку, якая спрабуе вярнуцца да навучання на юрыдычным факультэце, але даведваецца пра незапланаваную цяжарнасць. У атачэнні кліентак, марскіх свінак і бота са штучным інтэлектам яна шукае сэнс і ўласны голас, каб прыняць рашэнне ў свеце, перапоўненым чужымі меркаваннямі.
Аляксандра (Саша) Куцень – студэнтка трэцяга курсу рэжысёрскага факультэту ў Варшаўскай кінашколе. «Усіх звалі Анжэліка» – ейны другі фільм і «апошні прыпынак» перад дыпломнаю работай. Аляксандра нарадзілася ў Беларусі, займалася фота, калажамі і анімацыяй, апошнія гады здымала кароткаметражныя фільмы і музычныя кліпы, ладзіла выставы ў Польшчы і Беларусі.
Мінулы ейны фільм «Няўдачнік.» (Przegryw.) паказвалі на шэрагу кінафестываляў, і на чэшскім Mlada Kamera ён атрымаў узнагароду за найлепшы фікшан ад творцы да 30 гадоў.
Кракаўскі кінафестываль – важнае месца для кароткаметражнага кіно ў Польшчы. Перамога на ім дае магчымасць намінаваць стужку на «Оскар» і Еўрапейскую кінапрэмію.