На запрашэнне факультэта гісторыі і сацыялогіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы ўдзельнікі музычна-гістарычнага праекту “Песні філаматаў і філарэтаў”, што ажыццяўляецца ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” пры падтрымцы МГА “Гісторыка”, 3 снежня 2011 наведалі Горадню.
Галоўным ініцыятарам імпрэзы стаў прафесар кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін ГрДзУ, доктар філасофскіх навук Э. К. Дарашэвіч. На пачатку канцэрту-лекцыі ён прывітаў прысутных і акрэсліў ролю таемных таварыстваў філаматаў і філарэтаў у гісторыі нашай краіны.
Студэнты і выкладчыкі, сярод якіх былі слынныя гарадзенскія гісторыкі, з цікавасцю слухалі і падпявалі песні на словы А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, А. Адынца з рукапіснага зборніка, складзенага жонкай аднаго з заснавальнікаў Таварыства філаматаў Т. Зана Брыгідай Свентажэцкай у 1855 годзе і нядаўна знойдзенага ў віленскім архіве музыказнаўцам Святленай Немагай.
Гледачы чула рэагавалі на цытаваныя фрагменты з лістоў і ўспамінаў філаматаў. Асабліва ўсіх уразіў санет А.Міцкевіча “Да Лауры” ў арыгінале ў мастацкім выкананні дэкана факультэта гісторыі і сацыялогіі Э. С. Ярмусіка.
Нечакана для многіх прагучаў і вясёлы студэнцкі верш А. Міцкевіча пра святло, цяпло, магнетызм і электрычнасць у перакладзе з польскай мовы Ганны Янкута, які агучыў студэнт-гісторык Яўген Юхо. Чароўная гарадзенская паненка падарыла слухачам “Песню Марылі” (яе, паводле ўспамінаў сучаснікаў, часта напявала каханая А. Міцкевіча Марыля Верашчака) у арыгінальнай інтэрпрэтацыі з элементамі джазу.
Канечне ж не абышлося без традыцыйнага філамацкага малака – сімвала чысціні і праўды.
Усім актыўным удзельнікам сустрэчы ўручаліся памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Пры канцы дэкан Э. С. Ярмусік сказаў шчырую прамову, заклікаўшы студэнтаў быць прыхільнымі да навукі і сумлення на ўзор філаматаў, рупліва і ўважліва ставіцца да айчыннай гісторыі.
Пасля выступу ва ўніверсітэце удзельнікі праекту “Песні філаматаў і філарэтаў” сустрэліся з вядомай паэткай Данутай Бічэль і павіншавалі яе з днём нараджэння, падзякаваўшы за цудоўныя вершы, каштоўныя ўспаміны і значны ўнёсак у беларускую культуру.
Тэгі: Горадня