13 траўня 2012 г. удзельнікі музычна-гістарычнага праекта “Песні філаматаў і філарэтаў”, што ажыццяўляецца пры падтрымцы грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і МГА “Гісторыка”, далучыліся да святкавання 130-годдзя выдатнага беларускага драматурга, паэта, пісьменніка, актора, рэжысёра, мастака, першага народнага артыста БССР Уладзіслава Галубка.
У.Галубок (сапраўднае прозвішча Голуб) нарадзіўся 15 траўня 1882 г. на станцыі Лясная пад Баранавічамі ў сям’і рабочага-чыгуначніка Іосіфа Голуба. Дзед Уладзіслава Тамаш Голуб быў удзельнікам паўстання пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага. Сам Уладзіслаў Галубок стаў спадкаемцам слаўнай асветніцкай справы, распачатай Ігнатам Буйніцкім – ён стварыў тэатральную трупу, для якой сам пачаў пісаць п’есы (іх колькасць дасягнула 40).
У 1926 годзе на аснове гэтай трупы быў створаны «Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр» на чале з У.Галубком. У сцэнічнай творчасці Галубок наследваў традыцыі стражытнага беларускага народнага тэатра, які ішоў ад скамарохаў, батлеечнікаў, выканаўцаў народнай драмы. У жніўні 1937 г. У.Галубок быў рэпрэсаваны і растраляны пад г.Мінскам. У 1957 годзе – рэабілітаваны. У в. Лясная Баранавіцкага раёна ўсталяваны памятны камень У.Галубку, яго імем названыя вуліцы ў Лясной і Мінску.
Імпрэза, прысвечаная ўшанаванню памяці славутага земляка, была адменена за пару дзён да прызначанай даты. Яна мусіла была праходзіць ў Ляснянскім клубе.
У суботу госці з Мінска разам з баранавіцкімі актывістамі і некалькімі мясцовымі жыхарамі ўсклалі кветкі да памятнага знака У.Галубку, прыгадалі найбольш значныя факты з яго біяграфіі і выканалі некалькі песняў на словы А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, а таксама Ф.Багушэвіча. Выступ працягнуўся ў незвычайным кутку ў блізкім лесе пад назвай “Лясная казка”, куды гасцінна запрасіў яго стваральнік, мясцовы самадзейны мастак і народны філосаф Андрэй Казека.
У гэты дзень удзельнікі праекта наведалі і надзвычай прыгожы палацава-паркавы комплекс Паўлінава, збудаваны на мяжы 19-20 стагоддзяў Янам Антонам Бохвіцам, маці якога, Паўліна Маеўская, была роднай сястрой маткі А.Міцкевіча – Барбары Маеўскай.
Па вяртанні ў Баранавічы ўдзельнікі праекта выканалі некалькі песняў для бацькоў і дзетак на свяце першай Святой Камуніі ля касцёла Маці Божай Фацімскай. Словы Адама Міцкевіча “Хай будзе нам Неба падмогай” прагучалі тут асабліва дарэчы.
Падчас выступаў актыўныя слухачы атрымлівалі памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.