29 красавіка 2012 г. у Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Наваградку адбыўся чарговы выступ у межах музычна-асветніцкага праекта “Песні філаматаў і філарэтаў”, што ажыццяўляецца пры падтрымцы грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і МГА “Гісторыка”. Гэтым разам імпрэза была прысвечаная памяці слыннага беларускага філосафа, гісторыка, літаратуразнаўцы Уладзіміра Міхайлавіча Конана (1934-2011), якому 23 красавіка споўнілася б 78 гадоў.
У.Конан нарадзіўся на хутары Плянта блізу в. Вераскава Навагрудскага раёна і дзякуючы плённай навуковай дзейнасці з выразным беларусацэнтрычным характарам заняў годнае месца ў шэрагу выбітных ураджэнцаў Наваградчыны, сярод якіх і актыўныя ўдзельнікі таемных студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў А.Міцкевіч, Я.Чачот, І.Дамейка. У сваіх даследваннях У.Конан надаваў належную ўвагу поглядам і творчасці лідэраў філамацкага руху, якія фактычна стаялі ля вытокаў беларускага нацыянальнага адраджэння.
Імпрэза ладзілася пры ўдзеле Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея і Навагрудскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, якая падрыхтавала міні-выставу кніжных выданняў У.Конана.
Успамінамі пра У.Конана падзяліліся дырэктар Дома-музея А.Міцкевіча Мікалай Гайба, калегі і землякі выдатнага філосафа, прафесары Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў – доктар філасофскіх навук Энгельс Дарашэвіч і доктар філалагічных навук Аляксей Рагуля, стрыечная сястра Раіса Іосіфаўна. Прысутныя таксама паглядзелі дакументальны фільм кінастудыі “Летапіс” пра У.Конана “Згадкі страчанага раю”.
У выкананні А.Жбанава прагучалі пры падтрымцы публікі песні на словы А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, А.Адынца з нотнага сшытка Б.Свентажэцкай, знойдзенага ў віленскім архіве музыказнаўцам С.Немагай.
“Песню Марылі” (яе, па ўспамінах сучаснікаў, часта напявала каханая А.Міцкевіча Марыля Верашчака) у самабытнай манеры праспявала Раіса Крывальцэвіч.
Было і традыцыйнае малако – сімвал праўды і чысціні ў філамацкай моладзі.
На вялікім экране дэманстраваліся выявы вядомых філаматаў і філарэтаў, іх выкладчыкаў, фотаздымкі розных мясцін, звязаных з іх жыццём і творчасцю, у Беларусі і іншых краінах.
Напрыканцы сустрэчы прадстаўнікі Фонда імя М.К.Агінскага, якія адмыслова завіталі ў Наваградак з Маладзечна, распавялі пра мэты і напрамкі дзейнасці сваёй арганізацыі, а наваградская паэтка Святлана Абдулаева прачытала цудоўны верш, які нібыта падсумаваў усё прамоўленае да гэтага.
Пасля завяршэння імпрэзы госці з Мінска выправіліся ў вёску Вераскава, дзе адведалі магілу маці У.Конана Сафіі Якаўлеўны, зазірнулі ў мясцовую блібліятэку, сустрэліся з вясковай інтэлігенцыяй і сваякамі філосафа.
Тэгі: Наваградак