З нагоды народзінаў паэта вырашылі ўзгадаць песні, створаныя беларускімі музыкамі на словы беларускага класіка Янкі Купалы. Распавядаем таксама гісторыі стварэння гэтых песень.
1. «Малітва» — гурт «Песняры» (муз. Алег Моўчан)
Пачнем з, бадай, самага кранальнага твора на словы Купалы — з песні «Малітва», упершыню выкананай лідарам гурта «Песняры» Уладзімірам Мулявіным 24 ліпеня 1994 года на «Славянскім базары» ў Віцебску.
Верш «Мая малітва» Янка Купала напісаў 5 ліпеня 1906 года, а верш, першую страфу якога «Песняры» скарысталі для рэфрэна «Малітвы», быў напісаны паэтам у 1912-м. Музыку і аранжыроўку да трэка зрабіў кампазітар Алег Моўчан, які ў той час актыўна супрацоўнічаў з ансамблем «Песняры». Слухачы адразу прынялі «Малітву», і вось ужо амаль 30 год твор з’яўляецца адной з вяршыняў творчасці «Песняроў», блізкай беларусам розных поглядаў. Варта сёння ўзгадаць выдатныя працы «Песняроў» — альбом «Гусляр» на словы паэмы Янкі Купалы «Курган» і музыку Ігара Лучанка і рок-оперу «Песні долі» .
2. «Не загаснуць зоркі ў небе» — муз. Міколы Янчука
Некалькі твораў Янкі Купалы яшчэ пры жыцці паэта былі пакладзеныя на музыку і сталіся пэўнымі «духоўнымі гімнамі» ў часы ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Іх спявалі на культурніцкіх падзеях, угодках, проста на вечарынах. Адным з такіх твораў была песня «Не загаснуць зоркі ў небе», якую Янка Купала некалі сам назваў «Беларускім гімнам». Песня сапраўды сталася гімнам рэвалюцыйна настроенай беларускай моладзі, у аснову якой быў пакладзены верш Янкі Купалы, напісаны ў 1911 годзе да пятай гадавіны выдання «Наша Ніва».
Твор выконваўся як гімн беларускіх патрыётаў яшчэ да зацвярджэння гімнам БНР «Ваяцкага маршу». Музыку да песні напісаў Мікола Янчук, паводле некаторых звестак разам з Міколам Равенскім.
3. «А хто там ідзе?» — музыка Людаміра Міхала Рагоўскага
Яшчэ адзін «беларускі гімн» 1910-х гадоў — песня на верш «А хто там ідзе?». Верш быў напісаны ў 1905–1907 гг. і надрукаваны ў віленскаай друкарні Марціна Кухты рэдакцыяй газеты «Наша Ніва» ў выглядзе брашуры. Музыку да гімну «А хто там ідзе?» у 1910 годзе напісаў Людамір Міхал Рагоўскі, які лічыцца польскім кампазітарам, але цягам трох год працаваў і жыў у Вільні — з 1909 па 1912 гг., дзе актыўна ўключыўся ў беларускую павестку. Вядома, што гэта не выпадкова, бо маці кампазітара паходзіла з Віленшчыны, а нянька спявала беларускія традыцыйныя песні. Твор выконваўся хорам Тэраўскага і на легендарным Усебеларускім з’ездзе, які адбываўся ў Мінску ў Купалаўскім тэатры ў снежні 1917 года і даў старт утварэнню БНР. Магчыма, гэты гімн спявалі і ўдзельнікі Слуцкага збройнага чыну.
4. «А хто там ідзе?» — гурт Dzieciuki, муз. Сяргея Картэса
Вярнуўся спеў да шырокага слухача дзякуючы ўсё тым жа «Песнярам» у 1981 годзе, калі быў запісаны для фільма «Раскіданае гняздо» Сяргея Луцэнкі. Музыку да песні напісаў на той час музычны рэдактар «Беларусьфільма» Сяргей Альбертавіч Картэс.
У 2014 годзе для праекта «Re:Песьняры», які ладзіўся парталам TuzinFm супольна з грамадскай культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!», гродзенскі фолк-панк гурт Dzieciuki запісаў свой варыянт гімну «А хто там ідзе?» на верш Янкі Купалы і музыку Сяргея Картэса. Песня атрымала маршавае гучанне ў інтэрпрэтацыі гурта дзякуючы выкарыстанню дуды і акардэона.
5. «А хто там ідзе?» — гурт Botanic project, муз. Боб Марлі
Нетрывіяльную версію песні на словы верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?» прапанаваў беларускі рэгі-гурт Botanic project у 2016 годзе. У песні скарысталі ў якасці музычнага аздаблення музыку ямайскага рэгі-спевака Боба Марлі «Exodus» — «Сыход». Трэк стаў беларускамоўным дэбютам гурта і завяршальным у альбоме «Сказка».
6. «Гэй, наперад!» — Лявон Вольскі
Лявон Вольскі і каманда надалі новае жыццё вершу беларускага класіка ў песні «Гэй, наперад!», яна з’яўляецца стартавай у альбоме, запісаным музыкамі на вершы беларускіх паэтаў «Белая яблыня грому» ў 2010 годзе. Янка Купала напісаў верш «Гэй, наперад!» у 1911-м, і сімвалічна праз 100 год Лявон Вольскі паклаў яго на музыку. Гучыць трэк вельмі энергічна, ён хіба самы дынамічны з усяго альбому. Усім, хто яшчэ не чуў, раім паслухаць.
7. «Толькі снег» — гурт Re1ikt і Павал Аракелян
Добрая нагода ўзгадаць сёння і песню, запісаную гуртом Re1ikt і Паўлам Аракелянам на верш Янкі Купалы «Сьнег», напісаны песняром узімку 1909 года. Ва ўспамінах Вацлава Ластоўскага можна знайсці ўзгадкі пра тое, як 27-гадовы Купала прыйшоў, натхнёны віном і каханнем, у віленскую рэдакцыю «Нашай Нівы» пасля вечаровага шпацыру са сваёй будучай жонкай Уладзіславай Францаўнай Станкевіч ды скарыў усіх прысутных новым вершам, які яны назвалі не інакш як «цудам». А ў 2015 годзе свой варыянт цудоўнага твора прэзентавалі музыкі з гурта Re1ikt і Павал Аракелян. Гукі саксафона ў ягоным выкананні надалі твору асаблівага вайбу.
8. «Не быць скотам» — гурт «Ляпис Трубецкой»
Першы з трэкаў Сяргея Міхалка на словы Янкі Купалы, моцны, энергічны трэк стаўся гімнам для вялікай колькасці беларусаў: яго спявалі на шматтысячных канцэртах, на футбольшых стадыёнах, на мітынгах. Паэт напісаў верш «Хто ты гэткі» ў дарэвалюцыйны перыяд, у 1908 годзе. Трэк «Не быць скотам» увайшоў у альбом гурта «Ляпис Трубецкой», запісаны ў 2012 годзе.
9. «Будзь смелым», «Годзе» — гурт Brutto
Верш «Будзь смелым!», які скарысталі музыкі гурта ў якасці тэксту для аднайменнай песні, быў створаны класікам у 1913 годзе. Трэк быў запісаны Brutto асобным сінглам, які ўвайшоў у альбом «Родны край» у 2015 годзе і стаўся адным з самых магутных і цікавых твораў альбому.
Ёсць у гурта Brutto яшчэ адзін трэк на верш Янкі Купалы 1912 года — «Годзе», запісаны для альбому «Роккі» ў 2017-м.
10. «Думалі» — SP Kava i Angst
Дзе песні на словы Янкі Купалы, там варта ўзгадаць і трэкі, прысвечаныя беларускаму класіку. Адзін з такіх напісаны як постмадэрны ліст прадстаўнікоў сённяшняга пакалення Янку Купалу ды «Песнярам» рэперамі SP Kava i Angst для праекта «Re:Песьняры» партала TuzinFm у 2014 годзе. За рытмічную аснову рэперы ўзялі зашыфраванае ў купалаўскім вершы слова «думалі», што ўтвараецца на стыку словаў у радку «Я буДУ МАЛІцца і сэрцам, і думамі». «Менавіта ў гэтым быў пабачаны ключ на пэўнай спробы дыягназу пакаленню: вялікая колькасць магчымасцяў і спосабаў існавання, і, вядома, у якасці ключа, — малітва за будучыню Беларусі».
Чытайце яшчэ: «Малады, крэпкі, узмужалы хлопец, адзеты на гарадскі фасон, хоць і не надта фарсіста». Янка Купала вачыма яго сучаснікаў
Язэп Вараніцкі, budzma.org