Напярэдадні 160-й гадавіны з пачатку Студзеньскага паўстання вырашылі ўзгадаць шэраг трэкаў, створаных беларускімі музыкамі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, прысвечаных гэтай славутай старонцы гісторыі краю і яе ўдзельнікам.
1. Лявон Вольскі — «Калі ідуць на абардаж»
Моцная песня Лявона Вольскага з нявыдадзенага праекта песняў, запісаных на словы Уладзіміра Караткевіча. Верш, які стаўся тэкстам для песні, «Павешаным 1863 года», напісаны выбітным пісьменнікам ў 1980 годзе на гадавіну паўстання. Раім паглядзець і кліп, здымкі якога адбыліся ў колішняй кватэры пісьменніка на Карла Маркса, 36, дзе Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч жыў з 1973 года. Адсюль і адправіўся ў свой апошні шлях 25 ліпеня 1984 года.
2. Лявон Вольскі — «Роля Героя»
Праца Лявона Вольскага аб складанай ролі герояў, у гісторыі наша краю асабліва. Словы песні адсылаюць да месца, дзе «гара размаўляе з гарою», тут чытаецца месца, дзе доўгі час спачывалі героі Студзеньскага паўстання разам з ягоным кіраўніком Кастусём Каліноўскім — гара Гедыміна ў Вільні.
3. Алесь Дзянісаў — «Павешаным 1863 года»
Песня на аднайменны верш «Павешаным 1863 года» з сольнага альбома Алеся Дзянісава «Леаніды вяртаюцца...», выдадзенага ў 2021 годзе на вершы Уладзіміра Караткевіча. Назва альбома — адсылка да рамана пісьменніка «Нельга забыць», прысвечанага паўстанню 1863–1864 гг., які першапачаткова меў назву «Леаніды не вернуцца да Зямлі».
4. Sciana — «Павешаным у 1863»
Верш Уладзіміра Караткевіча «Павешаным 1863 года» з’яўляецца адным з самых папулярных сярод беларускіх музыкаў, якія пераасэнсоўвалі ў сваіх творах гэтую значную гістарычную падзею. Яшчэ ў 2002 годзе словы верша адгукнуліся берасцейцам з гурта «Sciana». Прапануем вашай увазе і тое, што атрымалася ў іх.
5. Dzieciuki — «Мужыцкая праўда»
Паўстанцкая гераічная тэма вельмі характэрная для гурта Dzieciuki. Песня, якой музыкі распачалі свой першы альбом «Гарадзенскі гармідар» 2014 года, напісаная на словы аўтара вялікай колькасці тэкстаў гурта Дзяніса Жыгаўца. Тут і зварот «Дзецюкі!», з якога пачынаюцца ўсе нумары «Мужыцкай праўды», тут і спроба раскрыць актуальныя праблемы паўстання 1863–1864 гг. «Мужыцкая праўда» — праграмны твор гурта Dzieciuki, якраз ён і перадае першапачатковы творчы канцэпт праекта, створанага папулярызаваць у сучаснай форме гісторыю краю.
6. Dzieciuki — «Час Касінераў»
Dzieciuki прэзентавалі сваю песню «Час касінераў» на словы Алеся Чобата ў 2019 годзе падчас грамадскай кампаніі, прысвечанай перапахаванню парэшткаў паўстанцаў, знойдзеных на гары Гедыміна ў Вільні, якое адбылося 22.11.2019. Лідар гурта Алесь Дзянісаў напісаў яе ў час працы над сваім сольным альбомам «Кароткая гісторыя Беларусі» на словы паэта Алеся Чобата. Але Алесь Чобат папрасіў яго не ўключаць гэтую песню ў рэліз. Аўтар гэта патлумачыў тым, што гэта ранні верш і што ён занадта рамантычны і наіўны. Пры гэтым не забараніў выкарыстоўваць песню па-за межамі сольніка, таму яна вельмі добра ўпісалася ў апошні альбом гурта Dzieciuki як фінальная і была прэзентаваная вельмі ўчасна.
7. Алесь Дзянісаў — «1863. Развітанне з Радзімай»
Песня з сольнага альбома Алеся Дзянісава «Кароткая гісторыя Беларусі», запісанага на словы паэта са Скідзеля Алеся Чобата. Альбом праводзіць слухача праз усю гісторыю Беларусі, і згаданая песня — акурат рэфлексія паэта аб апошніх думках чалавека, які ідзе на смерць за айчыну ў перыяд Студзеньскага паўстання.
8. Vincent — «Слава героям»
Песня ад беларускага рэпера Vinsent выкананая па матывах рамана Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», прысвечанага падзеям паўстання 1863–1864 гг. Трэк атрымаўся мікстэйпавы: першы куплет — ліст Алеся Загорскага да Кастуся Каліноўскага, у другім куплеце ўжо Кастусь піша Алесю, трэці куплет — зварот аўтара да слухача. Песня выйшла ў далёкім 2009 годзе, але гучыць актуальна і зараз.
9. Vinsent — «Каго любіш?»
Песня «Каго любіш» — пераўвасабленне Вінсэнта ў кіраўніка паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага. У папярэднім трэку «Слава героям» музыка чытаў пра Каліноўскага, а гэты твор напісаў нібы ад імя самога кіраўніка Студзеньскага паўстання ў Беларусі: той чытае «Мужыцкую праўду» і звяртаецца да людзей. У прыпеве ўжыты знакаміты пароль: «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна!».
10. Раман Арлоў і «Ў нескладовае» — «Скажы, Кастусь...»
У 2020 годзе праект «Ў нескладовае» прэзентаваў песню «Скажы, Кастусь...». Аўтар тэксту і музыкі — выканаўца, гітарыст, былы ўдзельнік гурту J:Морс Раман Арлоў. «Кастусь Каліноўскі — чалавек, які змусіў іншыя народы паважаць беларускія інтарэсы ў кантэксце паўстання 1863 году і фактычна абвясьціў першы беларускі ўрад у Вільні. Для мяне першая беларуская дзяржава ў новай гісторыі — нават не БНР, а менавіта дзяржава Каліноўскага, больш народная па ўсіх паказніках. Таму я ня мог не напісаць песню «Скажы, Кастусь...», — адзначаў Раман Арлоў з нагоды рэлізу трэка.
11. «Адарвірог» — «1863»
«Адарвірог» — беларускі фолк-метал гурт у сваім альбоме «Край паданняў», выдадзеным у 2017 годзе, таксама знайшоў месца песні-прысвячэнню ўдзельнікам Студзеньскага паўстання 1863–1864 гг. і сучасным змагарам за свабоду.
12. «Нельга Забыць» — альбом «Леаніды не вернуцца да зямлі»
Гурт «Нельга забыць» быў створаны ў канцы 2009-га адмыслова пад праграму «Леаніды не вернуцца да зямлі...», паводле аднайменнага твора Уладзіміра Караткевіча, прысвечанага Паўстанню 1863–1864 гг. Праграма «Леаніды не вернуцца да зямлі...» уяўляе сабой адлюстраванне паэтычных вобразаў, якімі прасякнуты раман, спецыфічную пастанову музыкі і паэзіі, дзе верш чаргуецца з песняй. Мелодыя гітары, скрыпкі, акардэона, перкусіі пагружае ў вобразы рамана і дазваляе яскрава праадчуць іх.
13. Hok-key — «Spoviedź z-pad šybienicy»
Hok-key — метал-каманда, заснаваная ў 1994-м у Мінску. У 2017-м гурт выдаў альбом «Kalasy Pad Siarpom», назва якога таксама адсылае да аднаіменнага гістарычнага твора Уладзіміра Караткевіча, прысвечанага Студзеньскаму паўстанню. Распачынае альбом песня «Споведзь з-пад шыбеніцы» пра гісторыю жыцця Кастуся Каліноўскага. Гэта не столькі апісанне ягонай дзейнасці, колькі ўвасабленне агульнага лёсу ўсіх змагароў, якія не адмовіліся ад сваіх прынцыпаў і ідэяў нават перад пагрозай смерці.
14. Віктар Шалкевіч — «Песня пра касу» (на верш Ларысы Геніюш)
Класікі беларускай бардаўскай песні, вядома, таксама не абмінулі тэму паўстання. Так, Віктар Шалкевіч у 2005 годзе для складанкі «Жыць для Беларусі. Мэлёдыка паэзіі» — альбома-прысвячэння на вершы Ларысы Геніюш — зрабіў «Песню пра касу» на верш паэткі «Беларусы». Атрымалася вельмі глыбокая праца, не колькі пра гістарычныя падзеі, колькі пра псіхалогію і нязломны тутэйшы касінерскі дух.
15. Андрэй Мельнікаў — «Вільна 1864» (на верш Анатоля Сыса)
Андрэй Мельнікаў стварыў песню на верш Анатоля Сыса «Вільна 1864», прысвечаную здушэнню паўстання, але неўміручасці памяці пра яго. «Памаўчым, але боль не сцішым, будуць помніць забойцаў раны...». Нібы ў спыненым часе адгукаюцца словы і сёння.
16. Сяржук Сокалаў-Воюш — «Маналог Кастуся Каліноўскага», «Маналог паўстанцкага каня», «Хвацкія малойцы»
У Сержука Сокалава-Воюша на альбоме «Нефармальны беларус ды іншыя песні», які выйшаў у 2001 годзе, прадстаўлены тры песні, прысвечаныя Студзеньскаму паўстанню. Гэта «Маналог Кастуся Каліноўскага» , які спяваецца ад імя кіраўніка паўстання ў Беларусі, «Маналог паўстанцкага каня» і «Хвацкія малойцы». «...Калі лёс — загінуць, справа ўваскрэсне, справа ўваскрэсне, як прыспее час..».
17. «Туга на чужой старане» — словы Вінцэнта Каратынскага, музыка Вінцэнта Клімовіча
Яшчэ раім узгадаць, паслухаць, а мо і праспяваць у гонар 160-х угодкаў гераічнай падзеі нядаўна знойдзеную ў архівах песню часоў паўстання 1863–1864 гг. на музыку Вінцэнта Клімовіча і словы Вінцэнта Каратынскага. Хочацца, каб гэтая забытая на нейкі час прыгожая мелодыя не змаўкала і загучала зноўку.
Песні паўстання на Споціфай - плэйліст