Музей сучаснага мастацтва «Эрарта» ў Санкт-Пецярбургу абвінавачваюць у прапагандзе і публічным дэманстраванні нацысцкай сімволікі з-за карціны беларускага мастака. На музей складзены адміністрацыйны пратакол, матэрыялы справы перададзены ў Васілевостраўскі раённы суд Пецярбурга, паведаміла ў тэлеграм-канале кіраўнік аб’яднанай прэс-службы пецярбургскіх судоў Дар’я Лебедзева. Абвестку заўважыў reform.news.
Карціна «Фестываль» Сяргея Грыневіча
Згодна з пратаколам, 6 мая гэтага года музей арганізаваў «публічнае дэманстраванне нацысцкай атрыбутыкі ці сімволікі і далей па тэксце артыкула».
«На 4 паверсе ў экспазіцыі музея выяўлена карціна «Фестываль», на якой намаляваны людзі, якія танцуюць у народных касцюмах на сцэне, а таксама трое мужчын у строгіх дзелавых касцюмах. Пад карцінай надпіс чырвонага колеру «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ». Згодна з высновамі экспертаў, дадзены лозунг з’яўляўся сімвалам 13-га Беларускага паліцэйскага батальёна пры СД і 30-й грэнадзёрскай (пяхотнай дывізіі) Вафен-СС, нароўні з нацысцкім партыйным прывітаннем», — напісала Лебедзева.
Аўтарам карціны «Фестываль» з’яўляецца беларускі мастак Сяргей Грыневіч. Ён напісаў гэтую карціну ў 2014 годзе.