Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра тое, як моладзь у нашай краіне губляе матывацыю праз тое, што яе не чуюць і не заўважаюць. І цяперашні перапіс, які зараз праходзіць у Беларусі, яскравы таму доказ.
У тэорыі перапіс – гэта статыстычная кампанія для атрымання інфармацыі дзеля фарміравання актуальных для грамадства і дзяржавы як яго часткі кірункаў развіцця.
Але ўварта ўспомніць пра тое, каго дзяржава лічыць насельніцтвам, і метадах атрымання інфармацыі ад яго.
Кароткі аналіз міжнароднага досведу дае зразумець, што "беларускі" перапіс адрозніваецца ад заходніх варыянтаў не толькі па пытаннях і метадалогіі, але падыходам да ўзросту рэспандэнтаў.
Як прайсці перапіс насельніцтва і застацца беларусам
Як можна даведацца з беларускіх дакументаў, за непаўнагадовых інфармацыю падаюць дарослыя (бацькі ці апекуны). У сваю чаргу на Захадзе падчас апошніх перапісных кампаній пазначаны ўзрост – больш за 16 гадоў.
Хаця дакументы для перапісу ніхто не пытае – відавочна, што апытваць "прадстаўніка насельніцтва", які не выглядае на 18 гадоў, не будуць.
Такім чынам, дзяржава не толькі дэманструе ўмоўны недавер да вялікай часткі "насельніцтва", але, на маю думку, фундаментальны падыход да соцыуму, які сфарміраваўся за мінулае стагоддзе ў нашай краіне.
Маладыя людзі ўсё часцей чуюць менавіта пра пашырэнне абавязкаў і адказнасці, а не пра правы
Малады грамадзянін падрасце і ўсвядоміць: дзяржава не ставіцца да сваіх грамадзянаў як да паўнавартасных адзінак агульнага арганізма, а на кожным этапе жыцця ці ў пэўныя моманты імкнецца як мага больш абмежаваць правы і магчымасці.
Што цікава, крымінальная адказнасць у Беларусі пачынаецца з 14 гадоў. То бок атрымліваецца, што 14-гадовы прызнаецца поўнасцю свядомым і адказным за свае дзеянні перад грамадствам, з'яўляецца паўнавартасным. Але ў той жа час такіх грамадзян абмяжоўваюць у правах толькі па факце недастатковага для адказнага прастаўлення крыжыкаў рукой перапісчыка ў анкеце.
Стаўленнем да моладзі канчаткова вынішчаюць юнацкі запал
Няхай большасць моладзі ставіцца да гэтага факта зусім несвядома, не надае асаблівай увагі. Але ёсць упэўненасць, што з такіх фактаў і складаецца стаўленне ўжо дарослага грамадзяніна да дзяржаўнай сістэмы.
Што ўжо казаць пра патэнцыйна актыўную частку моладзі, якая заўжды існуе ў агульнай масе.
Іх магчымы грамадзянскі патэнцыял забівае сістэма дзяржаўных моладзевых арганізацый, трансфармуе ў найгоршы прыклад – савецкі, камсамольскі. Стаўленне да моладзі, якое дэманструюць такія "перапісы" і іншыя працэдуры, канчаткова вынішчае юнацкі запал у той часткі супольнасці, якая ў любым грамадстве існуе і з'яўляецца рухавіком для новых пакаленняў народа. І якая так патрэбная сёння маладой беларускай дзяржаве.
Мінскі міліцыянер мог у мінулым мець досвед як у гомельскага школьніка
Здавалася б, так званыя перапісы праводзяцца для фарміравання неабходнага ў будучым кантэксту для нацыі, дзяржавы, каб развіццё грамадства адбывалася свядома, з улікам статыстычных дадзеных.
Але тым, хто заўтра пойдзе ў войска, каб вучыцца абараняць тую самую будучыню, у навуку, культуру, грамадскі сектар, каб будаваць сучасную і самадастатковую нацыю, слова не даюць.
На маю думку, пабудаваць моцную сучасную дзяржаву магчыма толькі дзякуючы плённаму супрацоўніцтву і кансэнсусу паміж актыўнымі грамадзянскімі супольнасцямі, у фармаце адкрытага шчырага дыялогу.
На жаль, сёння ні дзяржаўныя структуры, ні грамадства не ў стане пахваліцца адкрытасцю да ўсіх беларусаў.
Маладыя людзі ўсё часцей чуюць менавіта пра пашырэнне абавязкаў і адказнасці, а не пра правы, на якіх мае базавацца грамадская дамова ў соцыуме, на падмурку якой дзяржава можа функцыянаваць як неад'емная частка супольнасці.
Нават у такой, здавалася б, дробязі, як перапіс, звычайны статыстычны падлік, знаходзіцца шмат магчымасцяў для маніпуляцый, няшчырасці, няроўнага стаўлення да будучыні краіны — моладзі.
Здаецца, такім спосабам збудаваць справядлівую дзяржаву будзе неверагодна цяжка.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!